Аляксандра Вараб’ёва з Жабінкі: Адданая гісторыі, сям’і, прызванню

Двайное свята адзначыла 1 кастрычніка жыхарка Жабінкі Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва – Дзень настаўніка і Дзень людзей залатога веку. Дарэчы, святам і падарункам яна лічыць кожны падораны Богам дзень, жыве з верай у душы і ўдзячнасцю ўсім добрым людзям, што сустрэліся на яе шляху.

Тата – найвялікшы аўтарытэт

Самыя шчырыя словы падзякі Аляксандра Георгіеўна адрасуе сваім бацькам Георгію Уладзіміравічу і Еўдакіі Іванаўне Акулікам. Іх ужо няма – пайшлі ў іншы свет, але яны падарылі нашай гераіні жыццё ў першую пасляваенную пяцігодку і падтрымлівалі да апошніх дзён.

– Татавы мудрыя парады не раз ратавалі мяне ад неабдуманых учынкаў і дапамагалі прыняць правільнае рашэнне, – дзеліцца Аляксандра Георгіеўна. – Тата быў для мяне безумоўным аўтарытэтам, ён працаваў галоўным бухгалтарам у саўгасе “Жабінкаўскі” і меў вялікую пашану ў раёне. Мама рупілася начальнікам змены на камбікормавым заводзе.

Шура вучылася ў першай гарадской школе, якая тады размяшчалася ў будынку сённяшняга раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі.

– На трэцім паверсе вучэльні ў адным з кабінетаў была галубятня, – расказвае Аляксандра Вараб’ёва. – Мы падкормлівалі птушак міру, назіралі за імі.

Намеснікам дырэктара СШ №1 працавала ў той час Валерыя Галаўчынер.

– Валерыя Міхайлаўна выкладала рускую мову і літаратуру, была самой дасканаласцю, інтэлігентнасцю, прыкладам ва ўсім – я шмат чаму ў яе навучылася, – кажа мая суразмоўніца. – Удзячна я і дырэктару Пятру Міхайлавічу Грыцуку за шматлікія ўрокі жыцця і любоў да гісторыі.

У школьныя гады Аляксандра захаплялася спортам, гуляла ў баскетбол і валейбол. Любоў да спорту перадалася ў спадчыну ад матулі, якая ў свой час займалася лёгкай атлетыкай.

– У 1963 годзе адчынілася другая гарадская школа, якая сёлета святкуе брыльянтавы юбілей. Там была спартыўная зала. І, уявіце сабе, наша баскетбольная каманда пешшу хадзіла з Галінова ў пасёлак цукровага завода, каб патрэніравацца ў СШ №2, – дзеліцца ўспамінамі Аляксандра Георгіеўна.

Адразу пасля заканчэння школы спартыўнай і актыўнай дзяўчыне прапанавалі весці ўрокі фізкультуры ў Рагазнянскай васьмігодцы. У нашай гераіні была нават думка вывучыцца на настаўніка гэтага прадмета, аднак тата пераканаў, што гісторыя больш важная і цікавая дысцыпліна. Аляксандра завочна скончыла гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта і перайшла ў Якаўчыцкую школу выкладаць “навуку жыцця”.

Педагог з вялікай літары

Як выйшла замуж і ў сям’і нарадзілася дачушка Алеся, Аляксандра Георгіеўна вярнулася ў родную першую школу выхавальнікам групы падоўжанага дня. Пасля выкладала гісторыю ў Ленінскай СШ, а ў 1984 годзе ёй зноў прапанавалі месца ў СШ №1. Вучні любілі Аляксандру Георгіеўну за нетрывіяльныя ўрокі і шматлікія падарожжы. Разам са сваёй настаўніцай яны пабывалі ў Адэсе і Валгаградзе, Маскве і Калінінградзе… Арганізоўвала Аляксандра Вараб’ёва і экскурсіі для педагогаў, калі працавала метадыстам райана ды некалькі гадоў узначальвала райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Прапаноўвалі Аляксандры Георгіеўне і дырэктарскую пасаду – узначаліць калектыў першай гарадской школы. Яна зноў вырашыла параіцца з татам. Георгій Уладзіміравіч разважыў і сказаў:

– Не ведаю, ці атрымаецца з цябе добры дырэктар, а вось добры настаўнік атрымаецца дакладна.

Дачка прыслухалася да бацькавых слоў і не пашкадавала. У прафесіі яна сапраўды стала педагогам з вялікай літары. Дзе б ні працавала Аляксандра Георгіеўна, яна вызначалася актыўнасцю, ініцыятыўнасцю, крэатыўнасцю, справядлівасцю. Настаўніца вяла шырокую пазакласную работу. Напрыклад, у першай школе існаваў клуб “Даніна”, назву якому прыдумала адна з любімых вучаніц Аляксандры Вараб’ёвай Ірына Данілюк. Удзельнікі клуба (а іх было чалавек сорак) вучылі народныя танцы, песні. Дзе яны толькі не выступалі! А яшчэ ўлюбёная ў сваю справу настаўніца стварала лектарскія групы з навучэнцаў, вяла шырокую патрыятычную работу з моладдзю.

Сярод вучняў, якія дзякуючы Аляксандры Георгіеўне захапіліся гісторыяй і пайшлі прафесійнай дарогай свайго педагога, – Уладзімір Марковіч і Марына Іпатава, Таццяна Баярчук і Святлана Лысенка, Таццяна Кныш ды іншыя.

Выхаванцы Аляксандры Вараб’ёвай займалі прызавыя месцы ў алімпіядах па гісторыі, навукова-практычных канферэнцыях і былі ўдзячны за глыбокія веды сваёй настаўніцы. Яе адданая шчырая праца адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі, у тым ліку Міністэрства адукацыі нашай краіны, і нагрудным знакам “Выдатнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Моцная жанчына

Непрыкметна праляцелі гады, надышоў час заслужанага адпачынку, але Аляксандра Георгіеўна вырашыла, што не можа сядзець без справы і працягвала працаваць завучам ды настаўнікам гісторыі ў Хмелеўскай СШ, педагогам-арганізатарам у другой гарадской школе, замяняла настаўнікаў гісторыі ў СШ №3 ды ў ліцэі.

– Многае з таго, што я ўмею, – дзякуючы людзям, якія былі побач са мной, – кажа Аляксандра Вараб’ёва. – Жыццё не скупілася на ўдзячных вучняў і бацькоў, на добрых калег і верных сяброў.

Гэта кажа моцная жанчына, якая, страціўшы мужа, адна выхавала дзвюх дачок Алесю і Марыяну, дала ім адукацыю, выдала замуж. Сёння Аляксандра Георгіеўна шчаслівая бабуля чатырох унукаў і прабабуля маленькага Косціка, які нарадзіўся 5 ліпеня, у Дзень пачатку Курскай бітвы.

– Па царкоўным календары ў нас чатыры Аляксандры ў сям’і: я, дачка Алеся ды ўнучкі Аліна і Аляксандра (якую, дарэчы, назвалі ў гонар бабулі), – дзеліцца мая суразмоўніца. – Люблю праводзіць час з роднымі, бавіцца з унукамі, стараюся быць для іх сяброўкай і дарадцай.

Аптымістка з адкрытай душой

Гадоў пяць назад Аляксандра Вараб’ёва завітала ў тэрытарыяльны цэнтр на курсы камп’ютарнай пісьменнасці. Паспяхова іх скончыла і пры гэтым знайшла сабе новых сяброў. Яна актыўна ўдзельнічае ў спартландыях і “Бітвах розумаў”, турнірах па шашках і настольным тэнісе, якія ладзіць установа.

– Вельмі ўдзячна работнікам тэрытарыяльнага цэнтра за тое, што цудоўна арганізуюць вольны час людзей залатога веку, спагадаюць кожнаму чалавеку, – кажа Аляксандра Георгіеўна.

Яшчэ адна яе аддушына – народны хор ветэранаў “Тонус”, які ўзначальвае Людміла Дошчык.

– Першапачаткова калектыў быў выключна настаўніцкім, а потым папоўніўся прадстаўнікамі іншых прафесій, – з гістарычнай дакладнасцю расказвае мая суразмоўніца.

Як нядаўна была сустрэча трох хароў у клубе цукровага завода, наша гераіня была вядучай-канферансье і праводзіла брэйн-рынг.

Летась у складзе каманды жабінкаўцаў шаноўнага ўзросту з цудоўнай назвай “Аптымісты” Аляксандра Георгіеўна ўдзельнічала ў “Мазгавым штОрме”, што ладзіла раённае аб’яднанне прафсаюзаў, і ў “Бітве розумаў”, якая праходзіла ў Бярозе. Там нашы землякі заваявалі срэбра, прадэманстраваўшы, што “ёсць яшчэ порах у парахаўніцах”.

Аляксандра Георгіеўна і сёння працягвае здзіўляць сучаснае маладое пакаленне сваім высокім інтэлектам, эрудыцыяй, адкрытай душой і добрым мудрым сэрцам.

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.