Дарога вызначыла лёс

Уявіць Жабінку без чыгункі проста немагчыма. Некалі яна прайшла не толькі праз лёс нашага палескага паселішча, але і шматлікіх жабінкаўцаў, што звязалі свае жыцці са стальной магістараллю. Адным з іх стаў Мікалай Алешка, які больш за два дзясяткі гадоў прысвяціў працы ў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці, што ахоплівае дзесяць раёнаў Брэстчыны.


Веды пракладваюць шлях

Сёлета ягонае імя ўпрыгожыла Дошку гонару раёна, на якую звычайна заносяць руплівых людзей, што складаюць славу Жабінкаўшчыны.

Не гледзячы на складанасць і адказнасць, Мікалай Сяргеевіч надзвычай любіць справу, якой даводзіцца займацца. Гэта і не дзіўна, бо выбраў яе па душы яшчэ ў юначыя гады. У тыя часы ён меў перад вачыма добры прыклад – на чыгунцы працаваў дзядзька Аляксандр. Пагэтаму ўсведамленне, наколькі важнымі і патрэбнымі справамі займаюцца пуцейцы ды ўвогуле чыгуначнікі, прыйшло да хлопца надзвычай рана і не пакідае нават праз доўгія гады.

Кажуць: мы выбіраем жыццёвыя дарогі, але бывае і наадварот, калі, напрыклад, стальная магістраль ўпэўнена вызначае твой накірунак. Літаральна кожны тыдзень, слухаючы дзядзькавы расказы пра тое, чым жыве чыгунка ды як штодня шчыруюць яе працаўнікі, Мікалай набліжаўся да разумення: гэта і мой жыццёвы шлях. Вось і пачаў па ім крочыць адразу пасля заканчэння ў Жабінцы другой гарадской школы.

Каб мара спраўдзілася, першай прыступкай у прафесію стаў Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту. Да слова, дарогу ў вучэльню раней ўжо праклаў старэйшы брат Аляксандр, які дзесяцігоддзе адпрацаваў у дыстанцыі пуці, дзе вадзіў матавозы. Мікалай, са свайго боку, вырашыў стаць механікам. Сярод выкладчыкаў найбольшы след пакінуў Юрый Бадроў. Юрый Міхайлавіч настолькі рознабакова і з любоўю да прадмета расказваў пра пуцявыя машыны ды механізмы, што хацелася яшчэ больш паглыбляць свае веды. Кожная лекцыя і практычны занятак узбагачалі юнака з Жабінкі, адначова расла ўпэўненасць, што сталёвая дарога абавязкова вызначыць ягоны лёс.

Навучальная ўстанова дала не толькі патрэбныя веды, але і прынесла разуменне: маладосці нярэдка ўласцівы рамантызм, а вось справа патрабуе рэалізму.

– Так, у маладыя гады часцей бачыліся выключна знешнія праяўленні прафесіі. Такой чыгунку, мабыць, і зараз уяўляюць большасць людзей, далёкіх ад нашай прафесіі. Сапраўды, бачыш, як спяшчаецца па рэйках прыгожы хуткасны “Штадлер”, і гэтым цалкам задаволены. А вось погляд спецыяліста зусім іншы. Аднойчы і мне давялося, так бы мовіць, зазірнуць углыб прафесіі, – разважліва гаворыць сёння Мікалай Сяргеевіч. – Тады і зразумеў, што на першым месцы зусім не вонкавы эфект, а веды пра тое, як працуе цягнік, чым займаюцца людзі, якія яго абслугоўваюць, забяспечваюць, каб чыгунка працавала надзейна і бесперабойна, нібыта швейцарскі гадзіннік.


Абавязкі ў яго маштабныя

Першым месцам працы раз і назаўсёды стала наша дыстанцыя пуці, якую Мікалай Алешка ў поўнай меры называе роднай. Сюды ён уладкаваўся 21 год таму, і за гэты час прайшоў шлях ад манцёра пуці да намесніка начальніка – галоўнага інжынера. Мікалай Сяргеевіч хутка зразумеў, што багаж ведаў ніколі не бывае лішнім, таму і скончыў завочна ў сталіцы Беларускі тэхнічны ўніверсітэт.

Кола яго абавязкаў надзвычай шырокае, маштаб іх уражвае, паколькі Жабінкаўская дыстанцыя пуці – адна з буйнейшых на айчыннай магістралі.

– Даводзіцца курыраваць дзейнасць вытворча-тэхнічнага аддзелу, сферу аховы працы, а таксама літаральна ўсё, што звязана са спецыяльным самаходным саставам, сродкамі механізацыі ды дзейнасцю маставых цэхаў, што абслугоўваюць штучныя збудаванні на працяглых участках ад Жабінкі да станцый Лясная і Лунінец, – гаворыць Мікалай Алешка.

Пры вялікай занятасці на асноўнай працы ён знаходзіць яшчэ і час, каб займацца дзейнасцю прафесійнага саюза. Зараз Мікалай Сяргеевіч з’яўляецца намеснікам старшыні прафкама. На гэтай пасадзе адстойвае інтарэсы і правы работнікаў – членаў сваёй вялікай і дружнай арганізацыі, спрыяе, каб яны актыўна ўдзельнічалі ў культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах. На гэтай ніве справы Мікалая Алешкі былі адзначаны на рэспубліканскім узроўні медалём “За заслугі”, уручаным ад імя Беларускага прафсаюза чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў.

Вядома, не абміналі ўзнагароды і па прафесійнай лініі. Вышэйшым прызнаннем яго заслуг, якім ганарыцца суразмоўца, стала падзяка, абвешчаная рупліваму працаўніку начальнікам Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі.


Прыводзіць дарога да роднага парога

Аднак колькі б чалавек не аддаваў сябе працы, вяртаецца заўсёды ён дамоў. І вельмі важна, каб там яго чакалі ўтульнасць, спакой ды ласкавыя ўсмешкі. У гэтым Мікалаю Сяргеевічу можна толькі па-харошаму пазайзросціць. Ён уласнаручна ўзвёў дом свайго шчасця. Хоць, не – была яшчэ пара рук, што дапамагала будаваць гэтую мару, падзеленую справядліва напалову. Малады гаспадар аднойчы заклаў падмуркі на вуліцы Камянецкай, а ўжо шчасце ў пабудаванай хаце пасялілася разам з гаспадыняй.

6 жніўня для Мікалая і Дар’і Алешкаў – дзень асаблівы, бо ў доме прыгадваюць адразу два святы – прафесійнае і сямейнае. Менавіта на Дзень чыгуначніка ў 2006 годзе яны абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі і перад сведкамі паабяцалі, што іх жыццёвыя дарогі будуць цяпер бегчы ў адным накірунку праз шчаслівыя жыццёвыя прыпынкі ды станцыі кахання, міру і павагі.

Час, як і чыгунка, не стаіць на месцы і сапраўды прыносіць шмат прыемных імгненняў. Бадай, самыя светлыя і радасныя – нараджэнне дзяцей. У шматдзетнай сям’і іх трое. Старэйшы Уладзіслаў ужо асвойвае прафесію будаўніка, Варвара – школьніца, а самая меншая, хуткасная быццам ветрык, Аня пакуль “дзетсадаўская”. Штовечар яны чакаюць тату з працы, якога вельмі любяць і кім моцна ганарацца.

А сам Мікалай Алешка напярэдадні прафесійнага свята з гонарам адзываецца пра калег, што прысвяцілі сябе дарозе, якая вызначыла іх лёсы. З гэтай нагоды Мікалай Сяргеевіч зычыць ім бяспечнай працы, шчасця, дабрабыту і мірнага неба над галавой.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Наталлі АЛЯКСЕЙЧЫК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.