“Як веснавое сонейка, як цёплая вясна”

З вясновым сонейкам, якое пасылае цяпло, параўноўвае першую настаўніцу ў сваім аднайменным вершы вядомы беларускі паэт Васіль Жуковіч. Так, на працягу амаль 20 гадоў такое ж сонечнае цяпло, дабрыню і пяшчоту, а таксама клопат і ўвагу дорыць сваім вучням настаўніца пачатковых класаў Жабінкаўскай спецыяльнай школы-інтэрната Таццяна Дземасюк. Сёлета ў Таццяны Васільеўны пяты юбілейны выпуск!

Малая радзіма Таццяны Дземасюк – вёска Хабовічы, што ў Кобрынскім раёне. Расла Таня ў вялікай дружнай сям’і. Яна была старэйшай з дзяцей, за ёю ішлі сястра Вера, браты Васіль ды Слава. Тата рупіўся ў калгасе імя Кутузава, мама – паштальёнам. Аднавяскоўцы часта гаварылі: “У Дземасюкоў самыя працалюбівыя дзеці”. І гэта было так. З маленства яны дапамагалі бацькам на сенакосе, на агародзе, па гаспадарцы, не цураліся ніякай работы, усё ўмелі. Раслі і выхоўваліся ў працы і ў праваслаўнай веры: наведвалі храм роўнаапостальнай княгіні Вольгі, з нецярпеннем чакалі і з асаблівай цеплынёй адзначалі ўсёй сям’ёй Раство і Вялікдзень.

Усе дзеці ў Дземасюкоў добра вучыліся ў школе. Таня была больш гуманітарнага складу: любіла літаратуру, гісторыю. Васьмігодку скончыла ў Хабовічах, сярэднюю школу – у Дзівіне. Тата бачыў дачушку бухгалтарам, матуля раіла ісці на швачку. Нягледзячы на сваё меркаванне, яны заўсёды з павагаю адносіліся да выбару дзяцей. І бачылі, як Таня з маленства гуляла ў школу і выступала ў ролі настаўніцы, вельмі любіла дзяцей. Бывала, назбірае суседскіх, сваіх братоў і сястру далучыць – і цэлы клас атрымліваецца! Пасадзіць за сталы-парты, раздасць лісточкі паперы, алоўкі і вучыць пісаць літары, лічбы, рашаць прыклады. А потым памылкі, як і патрэбна настаўніцы, выправіць чырвонымі чарніламі і паставіць заслужаную адзнаку.

Паступіць у запаветную ўстанову Таццяне не хапіла ўсяго паловы бала. Прыйшлося год папрацаваць на Кобрынскім кансервавым заводзе. Было цяжка, але гэты перыяд у сваім жыцці Таццяна Васільеўна ўспамінае як час загартоўкі характару, праверкі яго на вытрымку і трываласць. Сваю мару стаць настаўніцай дзяўчына не пакінула. Праз год зноў паехала ў горад над Бугам пакараць абраную альма-матар. І, нягледзячы на вялікі конкурс, годна вытрымала ўступныя іспыты і стала студэнткай Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Пушкіна. Два гады вучылася на стацыянары, а калі выйшла замуж, перавялася на завочнае аддзяленне. У 1992 годзе Таццяна Васільеўна атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Педагогіка і методыка пачатковай адукацыі”.

Не адразу яна прыйшла ў школу і павяла ў клас сваіх першых вучняў, бо патрэбна была сыну Дзімку, які цяжка хварэў. Гасподзь адпусціў хлопчыку ўсяго дзевяць гадкоў зямнога жыцця. Калі сказаць, што яны былі складанымі для маці і сына – нічога не сказаць. Таццяна Васільеўна годна прайшла гэтае выпрабаванне і знайшла сілы далей жыць, працаваць і быць яшчэ двойчы мамай. Час хуткацечны. Сын Андрэй пасля заканчэння Жабінкаўскай школы-інтэрната прадоўжыў вучобу на гістарычным факультэце Брэсцкага ўніверсітэта. Да слова, яго жонка Алена – калега Таццяны Васільеўны: настаўніца пачатковых класаў у адной са школ абласнога цэнтра. Дачушка Ганначка – дзесяцікласніца школы-інтэрната, плануе звязаць свой лёс з медыцынай.

У працоўнай біяграфіі Таццяны Дземасюк ёсць і такі цікавы факт: нядоўгія дзевяць месяцаў служыла стралком на нафтабазе. А потым лёс звёў яе з установай, якой застаецца вернай многія гады. 1 верасня 1999 года на працу ў Жабінкаўскую школу-інтэрнат яе прыняў тагачасны дырэктар Мікалай Мікалаевіч Грыневіч. Два гады Таццяна Дземасюк працавала нянечкай, наступныя тры – выхавальнікам. З верасня 2004-га пачаўся адлік яе працоўнай дзейнасці, як настаўніка пачатковых класаў.

“Мне пашчасціла з установай, у якой працую, — падзялілася Таццяна Васільеўна. – Тут пануе добразычлівая абстаноўка. Адчуваю ўзаемаразумене і падтрымку з боку кіраўніцтва і калег. Не ўяўляю свайго жыцця без школы і дзяцей – гэта ўжо як частка мяне. Кожнага вучня ўспрымаю як асобу і стараюся яго палюбіць. Калі любіш – лёгка працаваць і дарма не пакрыўдзіш. Кожны дзень крочу па сцяжынках дабра, строгасці і справядлівасці. Вывучыў урок – малайчынка, не падрыхтаваўся – атрымлівай па заслугах!”

Складанасці ў рабоце педагогаў і выхавальнікаў Жабінкаўскай спецыяльнай школы-інтэрната ў тым, што ім даводзіцца працаваць з рознымі дзеткамі, у якіх сур’ёзныя медыцынскія дыягназы і няпростыя лёсы. Сярод іх інваліды па зроку і тыя, што займаюцца па сістэме Брайля, навучэнцы з ДЦП, расстройствамі аўтыстычнага спектра, сіраты, дзеці, якія засталіся без папячэння бацькоў. Каб мець дастатковыя веды для працы з такімі вучнямі, Таццяна Дземасюк скончыла ў 2004 годзе Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Танка па спецыяльнасці “Дэфекталогія(Тыфлапедагогіка)”.

– Таццяна Васільеўна – граматны педагог з дэфекталагічнай адукацыяй, – гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Мікалаеўна ЛЕАНОВІЧ. – Вельмі адказна ставіцца да сваёй работы. Ёй можна даручыць любую справу. Любіць сваіх вучняў, разумее іх, дапамагае ва ўсім, не шкадуе свайго асабістага часу і шчыра перажывае за іх вынікі ў вучобе. З ахвотаю дзеліцца сваімі набыткаі з калегамі. Мае агульную мову з бацькамі, што вельмі немалаважна ў нашай рабоце.

Вырашыла запытацца ў бацькоў сёлетніх выпускнікоў: як ім гады вучобы, праведзеныя разам з Таццянай Васільеўнай?

Ганна ПАЎЛЮКАВЕЦ (мама Улада):

– Ведаю Таццяну Васільеўну даўно. Сама калісьці вучылася ў школе-інтэрнаце. Яна – цудоўны чалавек, выдатны педпгог. Умела “падбірае ключыкі” да нашых дзяцей-гарэз. А гэта, лічу, галоўнае ў адносінах педагог-вучань. Калі ўсталёўваецца пэўны добразычлівы кантакт і даверлівасць, тады і веды добра засвойваюцца.

Алена НІКАЛАЮК (мама Ягора):

– Бачна, што наша Таццяна Васільеўна жыве школай, сваёй працай і вучнямі, перажывае за іх поспехі. Да кожнага ставіцца з павагай і прымяняе індывідуальны падыход. Яна мае вялікае цярпенне, калі навучае сваіх вучняў. У яе добрае, спагадлівае сэрца, у якім жыве любоў да нашых дзетак.

Пакінулі свае каментарыі і чацвёртакласнікі.

Насця ШЫШ:

– Таццяна Васільеўна даступна тлумачыць самыя складаныя тэмы па матэматыцы, беларускай і рускай мовах, тады лёгка рашаю задачы і без памылак выконваю практыкаванні.

Жэня СЯРКО:

– Мы ведаем, што наша настаўніца заўсёды прыйдзе на дапамогу, як у вучбе, так і ў іншых справах. Заступіцца і падтрымае, калі праўда на тваім баку. А яшчэ ёй можна даверыць свае самыя патаемныя сакрэты.

Даша ДЖЫГА:

– Таццяна Васільеўна – строгая і справядлівая. Вучыць нас шчыра сябраваць і дапамагаць адзін аднаму, бо клас – гэта адзіная сям’я. Мы будзем сумаваць па ёй і яе ўроках.

Пасля Дашыных слоў мне і зноў жа захацелася вярнуцца да вышэйзгаданага верша Васіля Жуковіча “Першая настаўніца”. Яго радкі так падыходзяць да гераіні нататкі. “Запомняцца, запомняцца ўрокі дабраты”, якія правяла для сваіх вучняў Таццяна Дземасюк. І ў хуткім часе “пасеянае ёй парадуе сваімі ўсходамі”.

Алеся ДАБРАВЕСТ

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.