Бліц-апытанне: Чым запомніўся год навучальны?

На мінулым тыдні апошні званок празвінеў для выпускнікоў. Сёння ён прагучаў і для вучняў астатніх класаў. За плячыма – чатыры навучальныя чвэрці, а наперадзе – звонкае цёплае лета, марамі пра адпачынак сагрэтае. Чым запомніўся год навучальны? Ці быў ён яркім, цікавым ды займальным? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да школьнікаў.

Раман БАГРЫНЦАЎ, СШ №1 горада Жабінкі:

– Нашу школу сёлета наведвалі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка, расійскія дэлегацыі. Для іх праводзіліся экскурсіі ў нашым школьным музейным пакоі. Мы ганарымся гэтым месцам захавання памяці. Любіць роднае мінулае нас вучыць наш класны кіраўнік Марына Аляксандраўна Іпатава. Чым яшчэ запомніўся год? Удзелам у шматлікіх спаборніцтвах па мнагаборстве, валейболе. За падрыхтоўку да іх удзячны свайму настаўніку фізічнай культуры Юрыю Юльянавічу Сянішыну. А каб спортам актыўна займацца, трэба добра харчавацца. У нас істотна палепшылася школьнае харчаванне, у сталовай памянялі посуд і падачу страў.

Юлія МАРЧУК, Крыўлянская школа:

– Год быў напоўнены не толькі вучобай, але і шматлікімі экскурсіямі. Запомніліся паездкі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, у Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, музей Янкі Купалы, размешчаныя ў сталіцы. Я вучуся ў агракласе і ганаруся гэтым – ён пакуль адзіны ў раёне. У межах профільнага навучання нам арганізоўвалі экскурсіі на камбікормавы і цукровы заводы, на “Консул”, а таксама на льнозавод у Пружанах.

Дзмітрый РАМАНЮК, Ленінская школа:

– За год столькі ўсяго адбылося, што не пералічыць! Запомнілася сустрэча са старшынёй райвыканкама Андрэем Кузьмічом, на якую я быў запрошаны ў ліку лепшых навучэнцаў раёна. Акрамя таго, заняў першае месца на раённым этапе конкурсу чытальнікаў з вершам “Латарэйны білет” Анатоля Грачанікава, удзельнічаў у абласным этапе алімпіяды па фізічнай культуры, дзе заняў трэцяе месца. На навукова-практычнай канферэнцыі па біялогіі заваяваў дыплом ІІІ ступені. Стаў сёлета членам БРСМ, прымаў удзел у алімпійскім квізе, у абласным этапе пушкінскіх чытанняў. Шмат часу ўдзяляю спорту, але гэта абсалютна не перашкаджае вучобе.

Аляксей ГРУЗІН, ліцэй горада Жабінкі:

– У верасні мы прыйшлі вучыцца ў 10 клас гарадскога ліцэя. Нас сустрэлі новыя настаўнікі, новыя сябры і аднакласнікі. Вучыцца складана, але вельмі цікава. Кожны тыдзень насычаны мерапрыемствамі, сумаваць дакладна няма калі. Удзельнічаў у алімпіядзе па гісторыі Беларусі, на раённым этапе заняў трэцяе месца. Абараняў таксама гонар ліцэя на гістарычнай “Дыктоўцы Перамогі”.

Марыя КОЖУН, ліцэй горада Жабінкі:

– Прымаю самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах, што праводзяцца не толькі ў ліцэі, але і ў цэнтры творчасці для дзяцей і моладзі. Люблю дэкламаваць вершы. Удзельнічала ў конкурсе чытальнікаў на роднай мове, дзе атрымала дыплом ІІІ ступені. Часта выступаю ў ролі вядучай. Гэтай вясной разам з дырэктарам ліцэя Ганнай Яўгенаўнай Кулагінай мы высаджвалі елкі і сосны ў рамках акцыі “Тыдзень лесу”. З апошніх падзей запомнілася паездка ў Брэсцкую крэпасць на адкрыццё трэцяга працоўнага семестра студэнцкіх атрадаў, дзе мы прадстаўлялі родны Жабінкаўскі раён.

Апытвала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фатаграфавала Кацярына ЯКУБЁНАК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.