Напярэдадні Дня інвалідаў цэлы шэраг мерапрыемстваў парадаваў людзей, якім патрэбны нашы клопат і ўвага
Сардэчную падзяку старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Анжэла ШЫКУНЕЦ выказала ТАА “КонсулАгра”, а таксама аддзелу ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама за супрацоўніцтва, дапамогу і падтрымку. Філіял згаданага прадпрыемства выдзеліў спонсарскую дапамогу раённай арганізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Дзякуючы гэтаму сталася магчымай пакупка прадуктовых набораў для іх і бясплатны прагляд кінафільма ў “Юбілейным”.
Анжэла Міхайлаўна падзякавала ўсім тым, хто сабраўся ў чацвер у зале кінатэатра, каб разам правесці час.
“Бачыце, колькі добрых людей вакол, мы не адны, мы — разам”, — падбадзёрыла прысутных Анжэла Шыкунец.
* * *
“Ствараем дабрыню” — гэтак называлася гасціная, якая адкрыла свае дзверы ў раённай бібліятэцы 29 лістапада. Яе наведвальнікамі сталі людзі, якім надзвычай патрэбны нашыя ўвага і клопат.
У гасцях у бібліятэкараў пабывалі сябры раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, якую ўзначальвае Анжэла Шыкунец. Да іх далучыліся наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і пажылых лю-дзей, якое дзейнічае пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Разам з імі была загадчыца аддзялення Ганна БАРЫСЮК.
Гаспадыні раённай чытальні паклікалі ўсіх у паэтычную гасцёўню, каб кожны мог дакрануцца да жыцця і творчасці класікаў айчыннай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Проза і вершы песняроў неўзабаве загучалі на вечарыне “Свята для сэрца”, якое вялі Марыя ПРАТАСЮК і Кацярына ПІВАВАРЧУК. Яны ў нязмушнай форме пазнаёмілі наведвальнікаў гасцінай са старонкамі бія-графіі вялікіх творцаў, якія стаялі ля вытокаў сучаснай літаратурнай беларускай мовы. Шмат у чым дзякуючы Коласу і Купале мы можам і сёння з гонарам карыстацца здабыткамі пявучага, самабытнага і чыстага, як крыніца, роднага слова. Прыгадаліся і розныя моманты жыцця класікаў, іх сяброўства ды адданасць усяму беларускаму.
Асабліва бурліва ўспрынялі госці ўрывак з бессмяротнай “Паўлінкі”, дзе ролі Альжбеты і Сцяпана Крыніцкіх выканалі Галіна ДУЛЕВІЧ і Вячаслаў ФЯДОТАЎ. Ён жа працытаваў на памяць маналог “Запавет”.
Зазначым таксама, што наведвальнікаў гасцёўні сустракала выстава надзвычай таленавітых работ прадстаўнікоў таварыства інвалідаў. Кожны твор без слоў даказваў, якія здольнасці маюць тыя, хто здольны цаніць і адчуваць усёй душой прыгажосць свету, а затым пераносіць яе ўласнымі рукамі на палатно і гэтак ствараць дабрыню.
* * *
У працяг добрых спраў у адносінах да людзей з абмежаванымі магчымасцямі супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра правялі акцыю “Міласэрнасць”. Яны даставілі сваім падапечным — інвалідам аддзяленняў сацыяльнай дапамогі дома ды дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту бульбу, што выдзеліла ААТ “Арэпічы”. Цэлых сем тон “дабрыні” падарыла гаспадарка людзям з абмежаванымі магчымасцямі, за што ёй вялікі дзякуй.
* * *
Як паведаміла настаўніца карэкцыі школы-інтэрната Ала АКУЛІЧ, 2 снежня дзесяцікласнік спецыяльнай установы Дзмітрый КАСІЛКА пабываў у гасцях у вучняў СШ № 3. У сяброўскай размове юнак падзяліўся з аднагодкамі, як правільна аказваць дапамогу неві-душчым людзям у памяшканні і на вуліцы, прадэманстраваў, як суправаджаць сляпога чалавека і карыстацца белай палкай. Невідушчы юнак паказаў вучням гарадской школы, што і ён з’яўляецца актыўным карыстальнікам сучасных сродкаў — камп’ютара і інтэрнэту.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК, Наталля ЗАРЭЧНАЯ
Фота аўтараў





Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
