ЗНАКІ ПАМЯЦІ

 

Словы “помнік” і “памяць” нездарма паходзяць ад аднаго кораня. Помнік ёсць адзнака прысутнасці народа на зямлі, захавання і перадачы памяці ад пакалення да пакалення. Гэта цудоўна ўсведамляюць тыя, хто паклапаціўся, каб 29 лістапада паблізу Магілы ахвяр фашызму ў Жабінцы паўстала знакавая таблічка з QR-кодам.

На Жабінкаўшчыне налічваецца 70 помнікаў, большасць з іх прысвечаны падзеям і асобам часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пра тое нагадаў старшыня райвыканкама Вадзім КРАЎЧУК.
Ужо некалькі гадоў у раёне ўсталёўваюцца знакі памяці — таблічкі з QR-кодамі. З іх дапамогай можна пачэрпнуць разнастайную інфармацыю пра мінулае і сённяшні дзень роднага краю. Справа гэта карпатлівая, вымагае ад распрацоўшчыкаў часу і ведаў, але прыносіць урэшце патрэбны плён. Нездарма паспяхова рэалізуюцца праекты, некалі распачатыя раённай бібліятэкай і падтрыманыя райвыканкамам, “Жабінка сучасная” і “Жабінка гістарычная”. Сёлета, між іншым, да іх дадаліся QR-коды ў мемарыяльным комплексе “Драмлёва”, дзе можна пазнаёміцца не толькі з гісторыяй нашай “вогненнай вёскі”, але й мемарыялам “Хатынь” і картай паселішчаў часткова ці цалкам пашкоджаных акупантамі ў 1941-1944 гадах.
Працягам добрай традыцыі ствараць знакі памяці стала сённяшняе ўсталяванне таблічкі на вуліцы Міру. Яна нагадвае яшчэ пра адну трагічную старонку нашай гісторыі, якая здарылася восенню 1942 года. 80-годдзю падзей, звязаных з генацыдам беларускага народа, сёлета прысвячаліся творчы абласны конкурс “Слёзы сясцёр Хатыні” і літаратурны фестываль “Берасцейскае шматгалоссе”, які ладзіўся ў нашым раёне.
27 кастрычніка 1942 года ў мястэчку Жабінка і блізкіх вёсках было знішчана прыблізна паўтысячы мірных жыхароў, у асноўным жонак і дзяцей чырвонаармейцаў, спецыялістаў і служачых, якія прыехалі ў Заходнюю Беларусь пасля ўсталявання тут савецкай улады. Усходнікі, як зваў іх мясцовы люд, былі расстраляны ў Жыціні, Сцяброве, самой Жабінцы. Такім чынам, згаданы дзень — самы крывавы ў шматвекавой гісторыі нашай зямлі, паколькі на Жабінкаўшчыне ніколі не гінула за адны суткі столькі мірных людзей.
Сёлета — не проста Год гістарычнай памяці. Ён яшчэ праходзіць пад знакам пошуку праўды аб генацыдзе, які перажыў наш народ у часы Вялікай Айчыннай. Пра тое нагадвалі ў прамовах кіраўнік ветэранскай арганізацыі Анатоль СТАРЫЦКІ і ліцэістка Ганна НОУР. Таму знакі памяці, якія дазваляюць з дапамогай сучасных сродкаў пашырыць нашы веды, — рэч надзвычай карысная, патрэбная дзеля выхавання моладзі. Яны ўсталёўваюцца ў рамках міжнароднага патрыятычнага праекта “Лічбавая зорка”. Гэта яшчэ адзін крок на шляху гістарычнай памяці, якая жыве ў нашай шматпакутнай зямлі, на месцах абеліскаў і брацкіх магіл, у кветках, якія кладуцца да пастаментаў.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.