І сёння памяць — крыніца ўспамінаў пра падзеі і людзей, што “ў нябыт уцяклі”. Пасля таго, як генеральная пракуратура краіны ўзбудзіла справу аб генацыдзе беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай і першыя пасляваенныя гады, адкрываецца ўсё больш падрабязнасцяў злачынстваў. Напрыклад, пра тое, што адбылося вясной 1944 года ў Малых Сяхновічах.
Імёны загінулых не знікалі з успамінаў сяхноўцаў. Аднак шлях да ўшанавання выдаўся вельмі няпростым, надзвычай доўгім: мінула амаль 80 гадоў пасля той трагедыі, што забрала жыцці дзесяці аднавяскоўцаў.
Наймалодшай з загінулых Ніне АМЕЛЬЯНЮК было толькі дванаццаць, найстарэйшай Ганне Пятроўне ШУМІК ішоў 72-гі год. У жалобным спісе таксама прозвішчы Васіля Паўлавіча ГІНЯ, яго 14-гадовай дачкі Надзейкі, старога Сцяпана Іванавіча ГІНЯ, Апанаса Паўлавіча і Марыі Максімаўны АМЕЛЬЯНЮКОЎ, Сямёна Яўграфавіча МАЦВЕЮКА і саракагадовага Сяргея Сідаравіча ЮРЧУКА.
Іх лёсы былі аднолькава трагічныя, жыцці абарваліся заўчасна — ад аўтаматных стрэлаў і ў агні.
У 1960-я гады пытанне, каб былі належна ўшанаваны землякі, узнімаў гісторык Павел ФІЛІПУК, затым справу падхапіла яго дачка Алена ЦЫБУЛЯ.
Хоць боль ад стратаў з часам прытупляўся, усё далей адыходзілі ў гісторыю страшныя карціны вайны, нараджаліся, сталелі, а затым і сівелі пасляваенныя пакаленні, аднак надзея заставалася: прыйдзе дзень, калі згадаюць падзеі ваеннай даўніны, будуць увекавечаны яе нявінныя ахвяры.
Бомба і судзілішча
Пра дні, што сталі апошнімі для сяхноўцаў, маўчаць архівы. Аднак захаваліся яны ў людской памяці
…Ішла вясна 1944 года. Людзі выйшлі абрабляць надзелы. Мікіта МАЦВЯЮК араў сваю палоску на ўзлеску ва ўрочышчы Грані. Раптам плуг за нешта зачапіўся. У зямлі схавалася неразарваная бомба. Вечарам Мікіта распавёў пра знаходку суседзям. Даведаліся пра тое і партызаны, якія загадалі сялянам перадаць ім снарад. Але ж надвячоркам за гэтай працай сяхноўцаў заўважылі немцы і паліцаі. Першымі загінулі Сяргей Юрчук і Сямён Мацвяюк, якіх катавалі, каб даведацца пра небяспечную знаходку.
У вёсцы пасяліліся трывога і жах: у памяці яшчэ свежымі былі ўспаміны пра лютае знішчэнне Драмлёва. Прыхапіўшы дзяцей і пажыткі, сяхноўцы рушылі да сваякоў і знаёмых у суседнія вёскі. Аднак мінулі два дні. Усё заставалася без зменаў, і вяскоўцы пачалі вяртацца. Нечакана ў Малыя Сяхновічы ўварваўся карны атрад, гітле-раўцы са сваімі памагатымі акружылі вёску, сагналі людзей на падворак Паўла САЛЕЯ, дзе распачалі судзілішча. У спіс трапілі і бязвінныя, што не мелі ніякага дачынення да пошукаў бомбы. Адных каты забілі з аўтаматаў, целы расстраляных Амельянюкоў згарэлі ў агні.
Валянціна ВАЛАСЮК, плямен-ніца Апанаса Амельянюка, згадвала пазней:
— Мы былі ў Вялікіх Сяхновічах і раней за іншых пачулі пра тое, што адбылося. Калі немцы пайшлі, пабеглі ў сваю вёску. Наш дом і хата дзядзькі Апанаса ўжо дагаралі, стаяў невыносны пах гарэлага мяса. Было жудасна. Я пабегла ў канец сяла, каля сядзібы Салея ляжалі акрываўленыя целы, збоку Васіль Гінь у кажуху, побач — яго дачка Надзя, з якой мы хадзілі разам у школу. Памятаю, ляжала яна, закрыўшы вочы рукамі. З дапамогай жыхароў іншых вёсак скалацілі дамавіны, хутка пахавалі расстраляных і спаленых на могілках. Праз дзень зноў на падводах завіталі акупанты, каб вывезці свіней і авечак, забіралі сена, зерне, з дамоў і хлявоў — посуд, мэблю, адзежу, прадукты. Усё цягнулі ў Жабінку. Вырашылі і хаты перавозіць у пасёлак, пачалі нумараваць бярвенні, каб потым было прасцей складваць. Ды не паспелі: прыйшла вестка, што ў суседніх вёсках паявіліся партызаны-каўпакаўцы. Немцы ўсё пакідалі і паспяшаліся прэч.
У ходзе расследавання кры-мінальнай справы, узбуджанай Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь, намеснікам пракурора раёна Аленай СІДАРУК апытана яшчэ адна сведка — Эма Іванаўна АФОНІНА, якая расказала пра падзеі, што адбываліся ў Малых Сяхновічах. Яна паведаміла, што яе дзядуля і бабуля жылі пад Жабінкай, у вёсачцы Пуцішча. У дзеда сведкі Іосіфа Паўлавіча АМЕЛЬЯНЮКА быў брат Апанас (Афанасій), які меў жонку і чацвёра дзяцей. Той дапамагаў партызанам, перадаваў ім ежу, сям’я пякла хлеб. Аднойчы Апанас даведаўся, што нехта данёс пра тое немцам. Таму дзядзька вывез дзяцей да брата ў Пуцішча, а сам з жонкай заставаўся ў Малых Сяхновічах. Аднак старэйшая дачка, 12-гадовая Ніна, на сваю бяду, вярнулася ў бацькоўскі дом і згарэла разам з імі, калі карнікі кінулі дзяўчынку жыўцом у суседскую хату, якая належала Гіням.
Анатоль БЕНЗЯРУК
На даваенным здымку: Марыя АМЕЛЬЯНЮК з дочкамі Аняй, Раяй і загінулай Нінай.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
