СЁННЯ — ДЗЕНЬ УЧАСТКОВАГА ІНСПЕКТАРА МІЛІЦЫІ

ДЗЕЛЯ ПАРАДКУ “НА ЗЯМЛІ”

Служба ўчастковых інспектараў — адна з найбольш важных у сістэме органаў унутраных спраў. Пэўным чынам міліцыянеры, якія працуюць “на зямлі” (а гэта значыць непасрэдна ў штодзённым кантакце з людзьмі) становяцца тварам усёй праваахоўнай сістэмы. Так, справы ўчастковых заўсёды навідавоку, і гэта ў поўнай меры адпавядае маёру міліцыі Сяргею ГАЛОЎЧЫКУ.

Адразу пасля школы ён займеў мару звязаць лёс з законам і правам, каб гаспадарыў парадак у грамадстве і людзі адчувалі сваю абароненасць. Прыкладам для юнака сталі сваякі маці, якія прысвяцілі жыццё служэнню правапарадку. Аднак мінулі гады, пакуль Сяргеева мара здзейснілася.
У біяграфіі памятным днём стала 3 сакавіка 2008 года, калі Сяргей Галоўчык упершыню пераступіў парог раённага аддзела ўнутраных спраў на вуліцы Наганава. Неўзабаве ён прайшоў першапачатковую падрыхтоўку ў беларускай сталіцы ў вучэбным цэнтры Міністэрства ўнутраных спраў і паўнавартасна ўліўся ў калектыў жабінкаўскіх міліцыянераў.
З самага пачатку і па сённяшні дзень Сяргей Паўлавіч “на зям-
лі” — выконвае справу ўчаст-ковага інспектара. Спачатку яго адміністрацыйны ўчастак знаходзіўся ў мікрараёне раённай бальніцы, затым праваахоўнік аберагаў спакой жыхароў Ракіт-ніцкага сельсавета і вось ужо больш за дзясятак гадоў старшы інспектар маёр міліцыі Сяргей Галоўчык служыць у Хмелеўскім і Сцяпанкаўскім сельсаветах.
— За гэты час розных выпадкаў і жыццёвых момантаў надаралася вельмі шмат, — дзеліцца суразмоўца. — Яны найчасцей звязаны з побытавымі спрэчкамі, крадзяжамі, прафілактыкай злачынстваў, якія нярэдка вырастаюць на глебе п’янства. Увогуле, лічу, што мая праца надзвычай важная і цікавая, бо звязана непасрэдна з людзьмі, якія чакаюць падтрымкі і дапамогі ад свайго ўчастковага.
Сапраўднымі настаўнікамі па службе Сяргей Паўлавіч лічыць маёра міліцыі Анатоля ДУЛЕВІЧА і капітана міліцыі Віктара КУЗНЯЦА, якія цяпер ужо ў адстаўцы. Веды, атрыманыя ад старэйшых калег, дасюль запатрабаваныя. Цяпер ужо і сам старшы ўчастковы інспектар працягвае руку дапамогі новаму пакаленню міліцыянераў, каб тым было лягчэй увайсці ў справы. Сёння пад яго апекай два маладыя спецыялісты — Ганна БУЯН і Арцём МІХАЛЬЧУК.
За доўгі перыяд бездакорнай службы Сяргей Галоўчык неаднойчы меў узнагароды, у тым ліку дзяржаўныя. Калі беларуская міліцыя святкавала свае сотыя ўгодкі, ён атрымаў медаль непасрэдна з рук намесніка міністра ўнутраных спраў, а ўжо грамат ды іншых уганараванняў за гады і палічыць цяжка.
Як гаворыцца, надзейным тылам для міліцыянера заўсёды павінна заставацца сям’я. Наталля Анатольеўна, як сапраўдная жонка афіцэра, ва ўсім падтрымлівае мужа, дочкі Юля ды Вольга і сын Дзіма ганарацца бацькам.
Напярэдадні свята, якое адзначаюць участковыя, маёр міліцыі Сяргей Галоўчык скарыстаўся магчымасцю павіншаваць праз нашу газету калег. Ён шчыра жадае кожнаму здароўя, баявога духу, удачы па службе, вялікіх зорак на пагонах і, канечне, мірнага неба над галавой.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.