Вуліца СПАРТАКА, або Раб, які стаў героем

Вуліца СПАРТАКА, або Раб, які стаў героем

Амаль 2100 гадоў таму ў Старажытным Рыме адбыліся падзеі, якія ўвайшлі ў школьныя падручнікі. Яшчэ да Раства Хрыстова на поўдні Італіі рабы паспрабавалі скінуць з сябе ланцугі і са зброяй у руках адстаяць свабоду. Магутны бунт моцна напалохаў рабаўладальнікаў, якія кінулі на яго падаўленне легіёны. Хоць рымляне і здолелі задушыць паўстанне, але і праз тысячагоддзі імя яго кіраўніка ажывае на старонках кніг, у фільмах і назвах вуліц, плошчаў і завулкаў.

Задума серыі “У нашых вуліц гучныя імёны” ўзнікла амаль 20 гадоў таму ў Жабінцы на вуліцы Спартака.
У той дзень спыніў хлопчыка, у якога спытаўся, чаму вуліца носіць такое імя. Той спачатку паціснуў плячыма, а потым выказаў версію, што назва паходзіць ад футбольнага клуба “Спартак”. Хлопчык быў толькі ў трэцім класе і пакуль не чытаў пра паўстанне Спартака. Таму я пажадаў яму добра вучыцца і цікавіцца гісторыяй. Больш засмучае, калі пра СПАРТАКА [каля 110–71 да нашай эры] і яго справы не ведаюць (ці моцна забыліся) тыя, хто, паводле класіка, “учились понемногу чему-нибудь и как-нибудь”.
Спартак здолеў даказаць, што нават раб можа стаць героем, калі аднойчы адчуе сябе свабодным. Ён нарадзіўся ў Фракіі, размешчанай у сучаснай Балгарыі. Некаторыя гісторыкі дапускаюць, што Спартак паходзіў з баспорскага царскага роду Спартакідаў і трапіў у палон у Рым, дзе і стаў рабом-гладыятарам.
Гладыятарамі называлі ня-вольнікаў, якія біліся паміж сабой і з драпежнымі звярамі на пацеху рымлян.
Для падрыхтоўкі такіх байцоў па ўсёй Італіі меліся школы, адна з найбуйнейшых — у Капуі, паблізу вулкана Везувій. У ёй і вучыўся Спартак, які ў 74 годзе да новай эры ўзняў паўстанне. Выступленне, да якога рымляне спачатку паставіліся зняважліва, успыхнула з такой сілай, што легіянерам тры гады давялося напружана ваяваць з рабамі, якія са зброяй у руках пажадалі стаць вольнымі. Пасля паражэння ўся дарога ад Капуі да Рыма была ўстаўлена крыжамі з раскрыжаванымі паўстанцамі. Аднак цела самога Спартака так і не адшукалася сярод забітых ці параненых. Гэта нарадзіла чуткі, што легендарны герой некалі абавязкова вернецца і зноў павядзе прыгнечаных у бой.
Свой час Спартак дакладна перажыў на тысячагоддзі. І хлопчык, пра якога я расказаў у самым пачатку, меў пэўную рацыю, калі прыгадваў клуб “Спартак”. З 1921 года ў Савецкай Расіі пачалі ладзіць спартакіяды — спартыўныя спаборніцтвы, якімі хацелі замяніць Алімпійскія гульні, а затым узнікла спартыўнае таварыства “Спартак”, з якога паходзілі шматлікія каманды (самымі вядомымі сталі два маскоўскія “Спартакі” — футбольны і хакейны).
Гэтак з 20-х гадоў ХХ стагоддзя адбылася сапраўдная міфалагізацыя вобраза старажытнага змагара за сацыяльную справядлівасць. У выніку, між іншым, пачалі ўзнікаць вуліцы і плошчы, прысвечаныя памяці Спартака.
Пакуль немагчыма дакладна сказаць, калі ў Жабінцы ўзнікла вуліца Спартака. Хутчэй за ўсё гэта адбылося на памежжы 50-х і 60-х гадоў мінулага стагоддзя (у 1967-м вуліца, якая працягнулася за чыгункай на 520 метраў, ужо бясспрэчна існавала).
Назва рэдкая для сённяшняй Беларусі. Акрамя нашага райцэнтра, існуе яшчэ адна вуліца Спартака (у Гомелі) ды дзве Спартакаўскія (у Гродне і Магілёве), а ў вайну дзейнічала партызанская брыгада і два атрады, названыя ў гонар, паводле слоў Карла Маркса, “аднаго з найбольш выбітных герояў аднаго з найбуйнейшых паўстанняў рабоў”.
Анатоль РОСТАЎ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top