Сёння, праз 81 год, як пачалася вайна, адправіўся незвычайны цягнік — “Поезд Памяці”. У ім на працягу двух тыдняў па гістарычных мясцінах Беларусі і Расіі будуць падарожнічаць 200 дзяцей з дзвюх краін, з іх 13 прадстаўляюць Брэстчыну, у тым ліку і наша зямлячка, вучаніца СШ № 3 Злата ЛУКАШЭВІЧ.
Злата — дзяўчына таленавітая. Яна і спявае, і на фартэпіяна іграе, і танцуе (з трох гадоў!) у “Каруначках”, і ў школе выдатніца, і ў грамадскім жыцці актывістка. Сваю будучыню Злата бачыць такой:
— Танцаваць і спяваць буду ўсё жыццё, а вось вучыцца далей планую па выбраным фізіка-матэма-тычным профілі.
Ужо зараз ў яе скарбонцы нямала ўзнагарод за навукова-практычную дзейнасць і творчасць. Між іншым, летась дзяўчына станавілася пераможцай у конкурсах “Дзень добры, свет!” і “Мы помнім пра вайну і Перамогу”, а некалькі тыдняў таму ў чарговы раз разам з сябрамі годна прадстаўляла родную Жабінку, Брэстчыну, усю Беларусь на фестывалі “Суквецце культур”. Да таго ж, Злата сябра БРСМ, раённага Маладзёжнага парламента ды моладзевага атрада аховы правапарадку. І пры такой колькасці захапленняў яшчэ здзіўляецца:
— Нават і не ведаю, чаму менавіта мне выпала стаць удзельніцай праекта “Поезд Памяці”? Было нечакана атрымаць запрашэнне ў падарожжа. Раней і не чула, што існуе такі незвычайны цягнік, таму вельмі прыемна стаць яго пасажырам. Пачатак вандроўкі 22 чэрвеня з Брэсцкай крэпасці, а завяршэнне — у беларускай сталіцы на Дні Незалежнасці. Гэта будуць два запамінальныя тыдні. Мяне зацікавіў маршрут, на якім спаткаюся не толькі з Брэстам, Мінскам, але й Масквой, Вялікім Ноўгарадам, Санкт-Пецярбургам… Шчаслівая, што больш даведаюся пра іх славутае мінулае, на ўласныя вочы пабачу сённяшні дзень гарадоў-герояў. А яшчэ на дарозе памяці хочацца завесці новыя знаёмствы, адшукаць добрых сяброў.
У гэтую дарогу дзяўчына выпраў-ляецца з сямейнай рэліквіяй — партрэтам матулінага дзядулі Уладзіміра РАЖКАЎЦА (1925-2006), кавалера салдацкага ордэна Славы. Яны размінуліся ў часе: Уладзімір Аляксандравіч пайшоў у іншы свет у год, калі нарадзілася праўнучка. Але цяпер, пасталелая, яна трымае ў руках ягоны партрэт і прамаўляе:
— У дарозе мы будзем разам…
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%