ПАД ПАКРОВАМІ КАХАННЯ

Вядома, ёсць вяселлі алмазныя, залатыя, срэбныя, але ўсё пачынаецца з паркалёвых — першага года сумеснага жыцця. Яго паспяхова адолелі Ілья і Крысціна ШВАЙКО.

У ракі кахання не існуе берагоў. Таму плыць па ёй зусім няпроста, і самотнаму гэты шлях не асіліць — толькі разам, толькі дружна стане лёгкаю дарога. Для Ільі і Крысціны агульны шлях толькі пачынаецца, і будзем спадзявацца, стане ён доўгім і шчаслівым. Тым больш, што крыніцы іх кахання зараджаліся ў Пакроўскім храме ў дзень, дзе юнак з дзяўчынаю сустрэліся ў маладзёжным брацтве.
На двары было 7 лістапада 2017 года. Ілья служыў у вайсковай часці ў Мінску, час ад часу прыязджаў на пабыўку дамоў. У той святочны дзень, калі братчыкі святкавалі дзесяцігоддзе з часу заснавання брацтва, Ілья і Крысціна ўпершыню пабачылі адзін аднаго. Паступова зразумелі: іх спатканне не выпадковае, іх сустрэча наканаваная, іх каханне Пакровамі абароненае.
— Мы набылі ў храме радасць у сэрцы, спакой у душы, асаблівую ўнутраную сілу. А з Раства Хрыстова 2019 года ўжо неразлучныя, — успамінаюць і ён, і яна. — У той дзень калядавалі, хадзілі па мікрараёне цукровага завода і з песнямі збіралі ахвяраванні на будаўніцтва новага храма ў імя святога Кірылы Тураўскага.
Хутка праляцелі дванаццаць месяцаў, і маладыя людзі адсвяткавалі гадавіну знаёмства, а яшчэ праз тыдзень, на Стары новы год, Ілья прапанаваў руку ды сэрца сваёй абранніцы, і атрымаў, вядома, станоўчы адказ.
Пакрысе пачалася падрыхтоўка да вяселля. Перад гэтым хлопец не забыўся завітаць у Крысцінін дом, каб папрасіць блаславення ад яе бацькоў Таццяны Леанідаўны і Дзмітрыя Рыгоравіча Палешкаў. Радавалася выбару сына і мама Ларыса Рыгораўна з любімай бабуляй Нінай Аляксееўнай. Адзінае, што прасілі старэйшыя, — трошкі пачакаць, каб упэўніцца, што пачуцці маладых сур’ёзныя, што гатовыя ён і яна жыць у каханні і згодзе доўгі час.
Нарэшце, 12 мая ў Жабінкаўскім загсе для Ільі і Крысціны прагучалі цудоўныя гукі марша Мендэльсона. Дзень быў прыемны і для душы, і для сэрцаў, якія злучыла каханне. Дый надвор’е парадавала сваёй цеплынёй. А ўжо колькі гарачых слоў пачулі маладыя ад гасцей — і пералічыць не бярэмся! Гэтак была перагорнута першая яркая старонка ў біяграфіі маладой, нованаро-джанай сям’і.
Другая, не менш важная, старонка разгарнулася праз два месяцы. 18 ліпеня Ілья і Крысціна завіталі ў Свята-Пакроўскі храм, дзе некалі адбылося першае іх знаёмства, каб перад алтаром паклясціся ў вернасці. У агульную сямейную дарогу іх блаславіў дабрачынны айцец Сергій.
— Было надзвычай хвалююча, мы адчувалі, наколькі адказны крок робім у жыцці, — успамінаюць той дзень Ілья і Крысціна.
А інакш і быць не магло, бо пад царкоўнымі купаламі стваралася нешта агульнае, важнае, якое патрэбна было беражліва несці праз усе жыццёвыя выпрабаванні. Тым больш, што галоўным сведкам цяпер станавіўся Бог, ад якога нельга схаваць дрэнныя думкі, тым больш учынкі.
З таго дня ўжо мінуў амаль год. Як змянілася жыццё паркалёвай пары за гэты час? Шмат што яны робяць разам. Напрыклад, любяць падарожнічаць. Ужо двойчы пабывалі ў Піцеры, адчулі гарачыню экзатычнага Егіпта, але найбольш падабаецца вандраваць па Беларусі — у Мінск, Гародню, Гомель, дзе цікавыя гістарычныя мясціны. Цяпер лета — час паходаў. У іх Ілья і Крысціна ахвотна выпраўляюцца ўдваіх і разам з сябрамі. А яшчэ маладая жонка цудоўна разумее, што надзейны шлях да сэрца мужа ляжыць праз страўнік, таму ахвотна гатуе яму розныя прысмакі (асабліва падабаецца Ільі мяса па-французску, зробленае па-беларуску).
Ці ёсць у іх мары? Вядома, маладосць без гэтага не бывае.
— Марым пра той час, калі ўласны дом, намаляваны пакуль у праекце, стане рэальнасцю, — гаворыць галава сям’і.
Дарэчы, абавязкі ў іх размеркаваныя дакладна: ён — мужчына, таму на ім — дабрабыт сям’і, а яна — захавальніца сямейнага агменю.
Пра два дні нараджэння сваёй сям’і яны разважаюць так:
— 12 мая адбылася гадавіна заключэння шлюбу. На яе нікога не запрашалі, адзначылі самастойна, як гаворыцца, у цесным коле сям’і. А вось у ліпені плануем сабраць сваякоў і сяброў, каб адзначыць дзень вянчання, а разам з ім і паркалёвае вяселле.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.