У Год гістарычнай памяці гэты сацыяльны праект рэалізуе Беларуская чыгунка з удзелам расійскіх калег пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.
Учора ўнікальны музей на колах прыбыў з Расіі ў Беларусь. Да 4 ліпеня ён будзе курсіраваць па 17 гарадах нашай краіны. Нагадаем, летась экспазіцыю наведалі каля 25 тысяч беларусаў. Сёлета чакаецца, што наведвальнікаў стане яшчэ больш. У складзе “Поезда Перамогі” дзевяць экспазіцыйных вагонаў, адзін з іх прысвечаны подзігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Экспазіцыя непаўторная і сваім мультымедыйным суправаджэннем. У ёй выкарыстаны аб’ёмны гук, тэатральнае асвятленне, механічныя спецэфекты, датчыкі прысутнасці, галаграмы, панарамы баёў у віртуальнай рэальнасці, трохмерная камп’ютарная графіка з мадэлямі ваеннай тэхнікі.
10 чэрвеня першай кропкай “Поезда Перамогі” на шляху па Беларусі стала Орша — радзіма класіка роднай літаратуры Уладзіміра КАРАТКЕВІЧА (1930-1984) і месца, дзе адважна змагаўся Герой Савецкага Саюза Канстанцін ЗАСЛОНАЎ (1910-1942), які ўзначальваў усе партызанскія сілы Аршанскай зоны. 21 чэрвеня, напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, экспазіцыя прыбудзе ў Брэст. А завершыцца тур у Мінску — у дні святкавання Дня Незалежнасці.
У прэс-службе Беларускай чыгункі звярнулі ўвагу, што з-за абмежаваных прапускных магчымасцяў перасовачнага музея наведаць яго экспазіцыю змогуць толькі арганізаваныя групы па запрашальных білетах, якія распаўсюдзяць у працоўных калектывах і навучальных установах мясцовыя органы выканаўчай улады.
Анатоль РОСТАЎ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
