“Блаславіце, бацюшка…”

Час хуткаплынны. Вось і мінула сорак дзён з часу, як няма між нас уладыкі СТЭФАНА (1944–2022). Хоць у памяці многіх ён надоўга застанецца чалавекам вялікай дабрыні, мудрасці і спагады.

Быў грозны час, калі ў сялянскай сям’і Корзунаў у вёсцы Корзуны нарадзіўся сын Ігар, якому было наканавана пайсці духоўнай дарогай. Цяпер такіх завуць “дзецьмі вайны”, бо ліхалецце не песціла іх з самай калыскі.
Прывучаны да працы на зямлі, Ігар Пятровіч спярша выбраў сялянскую дарогу: закончыў сельгастэхнікум, а пасля службы ў войску ўладкаваўся аграномам.
Аднак аднойчы адчуў, што больш за зямное мае прыцягненне да нябеснага, і ў 1970-я гады, калі адносіны да рэлігіі былі вельмі неспрыяльнымі, закончыў у Маскве духоўную семінарыю, а затым і акадэмію, атрымаўшы ступень кандыдата багаслоўя.
9 студзеня 1978 года ён прыняў пострыг і манаскае імя Стэфан. А роўна праз тры гады стаў архімандрытам і з 1987 года — намеснікам Жыровіцкага манастыра. 6 ліпеня 1989 года ён быў прызначаны рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі.
У 1990 годзе ўладыка Стэфан Свяшчэнным Сінодам Рускай праваслаўнай царквы быў абраны епіскапам Пінскім і Лунінецкім, а праз дзесяцігоддзе ўзведзены ў сан архіепіскапа.
Кожны, хто хоць аднойчы сустракаўся з уладыкам, адчуваў, наколькі глыбока веруючым чалавекам ён быў, як аддана служыў Богу і бліжнім. Унёсак уладыкі Стэфана ва ўмацаванне веры на беларускай зямлі цяжка пераацаніць. За час ягонага служэння ў Пінскай епархіі было адроджана мноства старых і ўзведзена новых храмаў, павялічвалася колькасць прыхаджан і нядзельных школ. Ён вучыў духоўнасці, выхоўваў міласэрнасць, мацаваў сувязі паміж царквой і дзяржавай. У 2014 годзе ўладыка стаў Ганаровым грамадзянінам Брэсцкай вобласці. А яшчэ гэта быў надзвычай чулы і спагадлівы пастыр.
Аднойчы (было тое ў Іванаве, дзе праходзіў чарговы Дзень беларускага пісьменства) да яго падышла прыхаджанка, схіліла галаву і ціха папра-сіла:
— Блаславіце, бацюшка?..
Уладыка зірнуў на жанчыну, не зрабіў заўвагу, што звярнулася не па чыне, шчыра ўсміхнуўся і крыху паспешліва сказаў:
— Канечне-канечне, — і пера-хрысціў верніцу.
Па сутнасці, такім ён і зас-таўся ў маёй памяці — простым, добрым і мудрым. Архіепіскап памёр 22 красавіка, у Вялікую пятніцу, і быў пахаваны на тэрыторыі Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.