475 гадоў таму Руская праваслаўная царква кананізавала першую жанчыну (спачатку як мясцовую святую). Ёю стала ЕФРАСІННЯ (1104–1167) — заступніца зямлі беларускай. Вялікая асветніца нарадзілася ў Полацкім княстве, дзе шмат зрабіла для росквіту духоўнасці і веры, а памерла ў Святой Зямлі, у Іерусаліме.
У мінулую нядзелю споўнілася 855 гадоў з таго дня, як спынілася зямное жыццё Ефрасінні Полацкай. Штогод 5 чэрвеня ў Беларусі ды ва ўсёй праваслаўнай царкве адзначаецца дзень яе памяці.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Апавяданне
— Добрая вестка! Слаўная вестка! — голасна крычаў княжы слуга. — У Полацку кветка расцвіла: у княжым палацы у Святаслава, сына Усяслава нарадзілася дачка! Радуйцеся, крывічы-палачане, ёсць у нас маленькая княжна-сонца!
Яе назвалі Прадславай, быццам прарочылі: стаіць дзяўчынка на парозе слаўнага жыцця.
Рана даведалася яна мудрасць напісанага слова, цягнулася да кніг. Расла Прадслава, і хутка слава пра адукаваную прыгажуню разнеслася па свеце. Зачасцілі ў Полацак сваты. Бацьку падарункамі спакушаюць, просяць рукі маладой палачанкі. Але ніхто ёй не мілы. У роспачы пайшла Прадслава ў манастыр, да цёткі сваёй, якая там настаяцельніца. Просіць яе з надзеяю:
— Цётачка мілая, памажы, прымі да сябе. Не хачу ісці пад вянец. Хачу быць манашкаю-чарніцаю, Хрыстовай нявестай.
— Што ты, дзіця! — усклікнула ігумення. — Нельга мне такое рабіць. Бо бацька твой будзе гнявіцца. Юная ты гадамі, цяжкім будзе табе манаскае жыццё.
Але непахіснаю была дзяўчына, засталася ў манастыры, прыняла пострыг. Адсюль стала звацца Ефрасінняй — Радасцю.
Пачуў пра тое Святаслаў, ад гора валасы рваў на галаве. Маці плакала па Прадславе, як па нябожчыцы.
Прыйшла Ефрасіння да бацькоў, схіліла перад імі калені:
— Тата, мама, не смуткуйце па мне, не памерла я, а зноў нарадзілася. Такі шлях мой, квітнее сэрца ад шчасця, Бог — маё выратаванне. Аддаю я цела посту і малітве, далучаюся да тых, каго памятаюць на зямлі і пасля смерці, бо іх імёны напісаны на нябёсах, дзе яны з анёламі Бога ўсхваляюць.
У маленькай келлі полымя свечкі зіхаціць. Схілілася манашка над пергаментам. І ў дзень, і ў ноч выводзіць рука літары. Перапісвае Ефрасіння кнігі, каб адукаванымі былі людзі. За тое сталі яе зваць асветніцай.
Як жыла Ефрасіння, пра тое расказвае яе “Жыццё”: “Кожны дзень павучала сясцёр сваіх: старых вучыла цярплівасці і ўстрыманню; юных жа навучала душэўнай чысціні і цялеснаму супакаенню; хадзе спакойнай, голасу засяроджанаму, слову дабрачыннаму, ядзе і піццю маўкліваму; у адносінах да старэйшых быць пакорлівымі, а мудрых слухаць; да роўных і меншых — любові некрывадушнай; менш казаць, а болей разумець”.
Каля Полацка заснавала Ефрасіння новыя манастыры, прыгожыя цэрквы, аздобленыя абразамі, створанымі яе вучнямі. Стала Ефрасіння ігуменняй, гаварыла ўсім:
— Кожны, хто ў бядзе, сірата ці ўдавіца, хворы ці пакрыўджаны, знойдзе ў манастыры суцяшэнне! — І ўзнімала над галавою цудоўны крыж, зроблены Лазарам Богшам.
У кожнага ў жыцці свой крыж.
Ішоў 1161 год. Лепшым злотнікам у Полацку быў Лазар. Можа майстар залатыя завушніцы зрабіць, пярсцёнкі гожыя, пацеркі, але просіць яго Ефрасіння:
— Зрабі, Богша, крыж, бо тое Богу заўгодна. Зрабі крыж, каб бараніў ён гэтую зямлю. Хай будуць на ім, на тваім крыжы, каштоўныя камяні, дванаццаць абразкоў з выявамі Святых. А ў цэнтры, каб захоўваліся кроплі Хрыста, кавалачкі распяцця, дамавіны Божай Маці, часткі мошчаў Святых Дзімітрыя, Стэфана і Панцялеймана.
Так і было зроблена, як сказана.
Але заставалася яшчэ мара ў асветніцы: наведаць Святую Зямлю, памаліцца ля Труны Хрыстовай за Радзіму.
У доўгім падарожжы ў Палесціну Ефрасіння мужна трымалася, хоць і адчувала: гэта апошні яе шлях.
— Нарэшце бачу я славутыя мясціны, — прамовіла яна са слязьмі, калі завіднеліся старажытныя муры Іерусаліма.
Тройчы прыходзіла асветніца да Труны Гасподняй, паклала на яе дарункі, просячы ў малітве, каб дазволіў Бог ёй памерці ў святым горадзе.
І як некалі бацькам, сказала сваім спадарожнікам перад смерцю:
— Не смуткуйце па мне, не памерла я, а зноў нарадзілася. Зноў квітнее сэрца ад шчасця, Бог — маё выратаванне. Вяртайцеся на Радзіму. Скажыце людзям: заўсёды буду берагчы я Беларусь!
Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
