Цікавую пазнавальную экскурсію, прысвечаную Году гістарычнай памяці, здзейснілі выхаванцы Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната. Яе ініцыятарам стала педагог-арганізатар Наталля ЛІТВІНЮК. Дзеці разам з выхавальнікамі наведалі Здзітаўскую Свята-Мікіцкую царкву, якой сёлета споўнілася 520 гадоў. Больш за паўтысячагоддзя найстарэйшы храм Брэстчыны, а мо і ўсёй Беларусі, служыць Богу і людзям.
З лютага тут новы настаяцель — святар Міхаіл КАЛАДЗЯЖНЫ, які разам з матушкай Марыяй прыветліва сустрэў гасцей і расказаў пра гісторыю драўлянага старажытнага храма, распавёў аб яго прастольным свяце і саборным багаслужэнні. Традыцыйна яны ладзяцца 28 верасня — у дзень памяці вялікамучаніка Мікіты.
Удзельнікі экскурсіі адзначылі, што ў Здзітаўскай царкве вельмі ўтульна, светла, тут праведзены касметычны рамонт: пафарбаваны дах, сцены, вокны, дзверы. Прыбрана прылягаючая тэрыторыя, уздоўж алеі пасаджана шмат кветак.
Дзецям і педагогам было вельмі цікава, яны задавалі шмат пытанняў. Ім дазволілі падняцца на клірас, а таксама пазваніць у царкоўныя званы. Несумненна, экскурсія ў такое святое месца пакіне незабыўны след у юных душах, і, магчыма, нядзельная школа храма папоўніцца новымі выхаванцамі.
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
