Месца жалобы і памяці

Месца жалобы і памяці

Мемарыял на вуліцы Кірава ведае кожны жабінкавец. Тут штогод ладзяцца найбольш значныя падзеі нашага горада, сюды на свята Перамогі і Дзень Незалежнасці прыходзяць людзі, каб ускласці кветкі да помніка воіну-вызваліцелю, пліт з імёнамі байцоў Чырвонай Арміі і Вечнага агню. Ёсць карысць прыгадаць, як сталася, што менавіта тут узнікла месца жалобы і памяці.

Сённяшняя Жабінка выразна адрозніваецца ад пасляваеннай. Адразу пасля вызвалення мястэчка літаральна ляжала ў руінах, дый насельніцтва скарацілася ўдвая і складала крыху больш за паўтысячы чалавек. Галоўная плошча знаходзілася на месцы сённяшняга райвыканкама, а органы ўлады часова прапісаліся па суседстве. (Будынкі райкама партыі і райвыканкама ўзвялі толькі ў 50-я гады мінулага стагоддзя).
Першае (пакуль яшчэ адзін-кавае) пахаванне на вуліцы Кірава адбылося 18 ліпеня 1945 года. Тады былі пахаваны астанкі радавога Уладзіміра Філімонавіча
ДУШЫНА [1926–1945]. Ён не быў сярод вызваліцеляў Жабінкаўшчыны і загінуў ужо ў мірны час. Хоць наколькі мірным можна назваць пасляваенны перыяд?
19-гадовы яраслаўскі хлопец служыў у 5-й гвардзейскай танкавай арміі, быў шафёрам у 281-м
асобным аўтатранспартным Віленскім батальёне.
Мінуў год пасля Перамогі. 13 ліпеня сорак пятага на калону з шасці машын, якая рухалася па дарозе Сямяцічы — Цеханавец (сёння гэта Падляскае ваяводства, Польшча), напала банда. У баі прапалі без вестак чацвёра чырвонаармейцаў, радавыя Бяляеў і Душын загінулі. Першы згарэў разам з машынай, цела другога вырашылі вывезці на радзіму. Аднак летняя спёка, відавочна, гэтаму не спрыяла, і байца давялося тэрмінова праз пяць дзён пахаваць, як сказана ў дакументах, “на ст. Жабинка, около дома РИК”.
Масавыя перапахаванні і фактычнае стварэнне мемарыяла адбылося ў 1956 годзе. З асобных магіл, якімі літаральна былі ўсеяны Жабінка і яе наваколлі, астанкі байцоў пераносілі ў райцэнтр.
Чаму быў выбраны менавіта гэты пляц? Па-першае, тады ён месціўся ў самым цэнтры гарадскога пасёлка. Акрамя таго, на ім здаўна прызвычаіліся збірацца жабінкаўцы (яшчэ з 1908 года, калі тут афіцыйна ладзіліся штомесячныя кірмашы).
Асобнае месца ў мемарыяле зараз займае пяціметровы помнік воіну-вызваліцелю. Устаноўлены ў 50-я гады мінулага стагоддзя, як бачна на старым фота, ён стаяў раней інакш. За спінай скульптуры бачна колішняя Жабінкаўская школа, узведзеная па праекце брэсцкага архітэктара Сямёна Юльянавіча СІДАРЧУКА [1882–1932]. Пазней у гэтым будынку быў Дом піянераў, а зараз — цэнтр моладзевай і дзіцячай творчасці.
Мемарыял тройчы рэкан-струяваўся. Непасрэдна праекта-ваў яго істотнае абнаўленне брэсцкі архітэктар, нараджэнец вёскі Арэпічы Рыгор Рыгоравіч БУДЗЬКО [1933–2017]. У 1975 го-дзе была перанесена на сённяшняе месца скульптура воіна і каля яе падножжа ўсталяваны Вечны агонь. А праз дзесяцігоддзе, да саракавых угодкаў Вялікай Перамогі, былі ўладкаваны мармуровыя пліты з прозвішчамі загінулых байцоў Чырвонай Арміі і партызан. Яшчэ праз тры дзесяцігоддзі пачалося сённяшняе абнаўленне. Непасрэдна яно найперш закранула помнік воіну-вызваліцелю. Летась мемарыял быў абліцаваны мармурам. Цяпер наперадзе апошні і, магчыма, самы адказны крок. Справа гэтага года (яго ўсё ж нездарма назвалі Годам гістарычнай памяці) — абнавіць шыльды з прозвішчамі загінулых. Пры гэтым зрабіць так, каб нашчадкі герояў, наведваючы Жабінку, не наракалі, што імёны іх славутых продкаў пераблытаны ці ўнесены памылкова.
Зрабіць гэта цалкам магчыма, бо з мая 2007 года Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі ў Падольску, дзе захоўваюцца мільёны дакументаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, выстаўляе ў інтэрнэце ў свабоднае карыстанне спісы байцоў, якія загінулі, прапалі без вестак, памерлі ў нацысцкіх лагерах. У нашых сілах напоўніць крылаты выраз “Ніхто не забыты, нішто не забыта” сапраўдным сэнсам.
Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота аўтара і з архіва раённай бібліятэкі

На здымках: мемарыял на вуліцы Кірава ў 1950-я гады і сённяшні выгляд гэтага месца.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top