З клопатам аб ветэранах
Памятныя нагрудныя знакі і падарункі ветэранам Жабінкаўшчыны ўручылі кіраўнік раёна Вадзім Краўчук, член Савета Рэспублікі, старшыня райсавета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк і намеснік старшыні райвыканкама Іна Тарасевіч. Яны завіталі ў дамы, дзе пражываюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Іван Аляксандравіч Алексіевіч (Старое Сяло), Аляксей Філімонавіч Гумянка (Азяты), Вера Аляксандраўна Гарошка (Свішчы) і Казімір Іосіфавіч Церпілоўскі (Лясоты). Ветэраны і іх блізкія былі рады гасцям, падзяліліся ўспамінамі аб ліхалецці, што апаліла іх юнацтва. Праз слёзы яны прасілі захаваць мір і спакой у краіне. Родныя дзякавалі кіраўніцтву раёна за ўвагу і клопат пра іх бацькоў.
Трыа — у дзясятцы лідараў!
Тры сельскагаспадарчыя таварыствы Жабін-каўшчыны аказаліся ў дзясятцы лідараў па вытворчасці малака на Брэстчыне за 2021 год. Адкрытае акцыянернае таварыства “Рагазнянскі” заняло трэцяе месца (летась сярэдні надой ад каровы тут склаў 9484 кілаграмы малака), сумеснае ўнітарнае прадпрыемства “АграАзяты” — сёмае месца (надой — 9102 кілаграмы), ААТ “Вазнясенскі” — дзявятае месца (9041 кілаграм).
Стартаваў праект “Бацькаўшчына”
У сакавіку ладзіцца традыцыйная ХХІХ Мінская
міжнародная выстава-кірмаш. На ёй будзе прэзен-таваны праект “Бацькаўшчына”, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. У ім плануецца размясціць архіўныя і музейныя фотаздымкі з розных рэгіёнаў Беларусі. “Сельская праўда” звяртаецца да жабінкаўцаў, якія маюць у сваіх сямейных архівах старыя здымкі. Каб наш край быў ярка і шматбакова прадстаўлены ў сталіцы на свяце кніжнасці і пісьменства, дасылайце на электронную пошту rusticus@yandex.by фота старой Жабінкі і яе наваколляў. Не толькі мы цікавімся светам — свет таксама цікавіцца намі!
Каратысты — на п’едэстале
Жабінкаўскія юныя спартсмены ўдала выступілі на турніры па каратэ кёкусінкай “Крок да вяршыні”, які ладзіўся ў горадзе над Бугам. За званне пераможцы змагаліся каманды з Жабінкі, Брэста, Віцебска, Бярозы, Рагачова, Івацэвічаў, Мінска — усяго больш за 200 удзельнікаў. У выніку з 12 прадстаўнікоў нашага райцэнтра двое занялі першыя месцы, пяцёра — трэція. “Бронзу” заваявалі і тры юныя каратысты з аграгарадка Ленінскі. Падрыхтаваў дзяцей да турніру трэнер Віктар Журомскі, уладальнік чорнага пояса.
Школьніца і …наркотыкі
11-класніца з Жабінкі разам з 22-гадовым мінскім сябрам папаліся на наркатычных “закладках”. Маладыя людзі такім чынам зараблялі “лёгкія” грошы. Па загадзе куратара яны забіралі буйныя партыі псіхатропнага рэчыва, фасавалі на разавыя дозы і рабілі “закладкі” ў тайныя месцы. Як аказалася, парачка паспела закласці ажно 450 доз! Аднак наркабізнес давялося спыніць: хлопец і дзяўчына сталі фігурантамі крымінальнай справы, якая пагражае турэмным тэрмінам да 20 гадоў.
Пажар у Агародніках
У панядзелак, 7 лютага, у 12.55 у цэнтр аператыўнага кіравання Жабінкаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб загаранні ў жылым цагляным доме ў вёсцы Агароднікі. У выніку пажару агнём знішчаны дах, перакрыццё, пашкоджаны сцены і маёмасць. На вялікі жаль, у полымі загінуў гаспадар дома 1932 года нараджэння. Прычына пажару выяўляецца.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%