ВУЧНЁЎСКІ СШЫТАК

Бываюць дакументы, каштоўнасць якіх цяжка пераацаніць. У Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці захоўваецца такая каштоўная рэч, што пралівае святло на гісторыю нашай вогненнай вёскі. Гэты дакумент — спіс драмлёўцаў, складзены ў 1941 годзе. На яго старонках яны ўсе яшчэ жывыя і нават не ўяўляюць, які жахлівы лёс чакае наперадзе…

Час стварэння дакумента

Перад намі просты вучнёўскі сшытак. У ім усяго 18 старонак, запоўненых простым алоўкам на польскай мове і трохі — па-руску. Сшытак просты, але мае вялікую вагу.
25 лістапада 1981 года гэты дакумент аформілі як асобную архіўную справу, змешчаную ў фондзе № 193. На той час мінула чатыры дзясяткі гадоў з часу, калі невядомы перапісчык прайшоўся па вясковых падворках.
На вокладцы сшытка пазначана: перад намі спіс жыхароў Драмлёва на снежань 1941 года. Аднак, гартаючы яго старонкі, можна ўдакладніць, калі насамрэч быў складзены гэты дакумент.
Напрыклад, у сям’і Паўла і Ганны ЛЕЎЧУКОЎ пазначаны дочкі Ніна, Ліда і nowonarodzone (нованароджанае дзіця). Гэта згадка пра трэцюю Леўчукову дзяўчынку. Яна з’явілася на свет 22 кастрычніка сорак першага і праз тыдзень была ахрышчана айцом Леанідам ДРУЖЫЛОЎСКІМ у Сцяпанкаўскай царкве. Пры таінстве хросту святар надаў немаўляці імя Яўгенія.
Але і гэта не ўсё. У сям’і Івана ЯРМАШУКА сярод жывых пазначана яго старэйшая дачка Оля. Аднак добра вядома, што Вольга, якая нарадзілася 30 ліпеня 1917 года, памерла за год да драмлёўскай трагедыі — 13 верасня сорак першага. Пра тое расказвае царкоўная метрыка, пра гэта згадвае ва ўспамінах і яе брат Мікалай ЯРМАШУК, якому пашчасціла жывым выйсці з драмлёўскага полымя.
Такім чынам, спіс складаўся восенню 1941-га.

Тыя, хто выжыў на Галавасек

Асобна трэба спыніцца на тых, хто трапіў у вёску выпадкова. Сёння ўсе яны згадваюцца на сцяпанкаўскіх могілках сярод знішчаных на Галавасек. Але і гэта супярэчыць дакументам ды словам сведкаў.
Так, жонка чырвонага камандзіра Матрона ПАЛІЛЕЙ, якая з малымі сынамі пасля пачатку вайны выпадкова апынулася ў Драмлёве, расказвала, што акупанты перапісалі часовых пасяленцаў, забараніўшы ім адлучацца з вёскі. Па словах жанчыны, перад знішчэннем Драмлёва жонак, дзяцей чырвонаармейцаў і савецкіх работнікаў адправілі ў мястэчка Жабінка.
Пра гэта сведчыў і старэйшы жыхар Горак Міхаіл ІВАНЮКОВІЧ. У 2013 годзе (за дзень да Галавасека) давялося паразмаўляць са сведкам, якому ў час Галавасека было 20 гадоў. Размова выдалася доўгай і няпростай. Сярод іншага спытаў:
— Ці шмат у Драмлёве было ўсходнікаў?
— А хто яго ведае? — разважліва адказаў на тое старажыл. — Прыходзілі і сыходзілі. Але некалькі з Брэста людзей там было, з пашпартамі брэсцкімі. То ж немцы іх адпусцілі, калі загналі пад расстрэл. — І ўпэў-нена паўтарыў: — Адпусцілі… адпусцілі! Яны прад’явілі пашпарты, што не драмлёўскія, дык і адпусцілі.
Насамрэч, з пачаткам вайны ў Драмлёве, акрамя Палілеяў, апынуліся яшчэ некалькі ўсходнікаў. У хаце Антанюкоў спыніўся Афанасій Іванавіч ІВАНОЎ, а ў Канавальчукоў — Зінаіда Мікалаеўна КОНТАРАВА. Раман Данілюк даў прытулак Дар’і Пятроўне ДАВЫДАВАЙ і яе трохгадоваму сыну Анатолю, якія “прыбылі ў Драмлёва з Усходняй Расіі”. Іх лёсы дакладна не вядомыя. Затое больш звестак пра іншых усходнікаў.
Падлетак Віталь ЧАХЛОЎ вы-жыў у тым пекле, каб праз дзесяцігоддзі распавесці падра-бязнасці трагедыі.
У спісе 1941 года значыцца Марыя Міхайлаўна ДРОНІНА (у дзявоцтве Цярэшкіна), якая кватаравала ў хаце Надзеі Шпак. 23 лістапада 1941 года гаспадыня стала хроснай маці для яе сына Вячаслава. У метрычнай кнізе настаяцель Леанід Дружылоўскі пазней пазначыў, што дзіця памерла 25 верасня 1942 года, а “выпіску атрымаў на рукі Дронін” (мабыць, бацька дзіцяці Андрэй Мікалаевіч ДРОНІН, які ў сорак першым часова пражываў у Драмлёве).
Даведку пра хрышчэнне сына (таксама Вячаслава) атрымала 28 кастрычніка 1942 года і Анастасія Сяргееўна КОРНЕВА-МІХАЙЛАВА, грамадзянская жонка Васіля Васільевіча Міхайлава. Жанчына разам з дачкой Жэняй жыла ў доме Іосіфа Данілюка. Больш чым праз сорак дзён пасля Галавасека сцяпанкаўскі святар выдаў ёй метрычную выпіску пра хрышчэнне сына. І пры гэтым жанчына і яе дачка дасюль значацца сярод знішчаных у Драмлёве…
Пашанцавала таксама і Рыгору КРЫЎЧЭНЮ з Вярхоў. Ён пазбегнуў расправы, хоць у 1941 годзе жыў у Драмлёве ў хаце Васіля Сарокі. І ўсё ж жыццё Рыгора Аляксеевіча лёгкім не назавеш: яго імя знаходзім у іншых спісах — сярод тых, каго ў ліпені 1943-га прымусова вывезлі ў Германію.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымках: малюнак даваеннай вёскі Драмлёва, мастак Міхаіл КАРНЕЕЎ;
на плітах на Сцяпанкаўскіх могілках, дзе пахаваныя драмлёўцы, можна пабачыць імёны тых, хто перажыў 11 верасня 1942 г. (напрыклад, пазначаны Міхайлавы).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.