Свята гонару і памяці

У сераду 23 лютага кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі шматлікіх арганізацый і прадпрыемстваў Жабінкаўшчыны прынялі ўдзел у святочным мерапрыемстве, прысвечаным Дню абаронцаў Айчыны.
Старшыня райвыканкама Вадзім Краўчук і член Савета Рэспублікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк першымі ўсклалі кветкі да помніка загінулым воінам і партызанам.
“Ад усёй душы віншую мужчын з Днём абаронцаў Айчыны. Гэтае свята мае асаблівае значэнне для тых, хто абараняе Радзіму не толькі ў ваенны, але і ў мірны час”, — сказаў кіраўнік раёна.
Асобна ён адзначыў ветэранскія арганізацыі, якія праводзяць плённую работу з насельніцтвам па патрыятычным выхаванні, і нагадаў, наколькі вялікую каштоўнасць мае зараз мір на беларускай зямлі.
Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Трэція ў вобласці

Адкрытае акцыянернае таварыства “Рагазнянскі” заняло трэцяе месца ў абласным аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслуговых баз да работы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў да палявых работ 2022 года. Гаспадарка адзначана граматай і грашовай узнагародай у памеры 1000 базавых велічыняў. Таксама была адзначана станоўчая работа Жабінкаўскага райвыканкама па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на машынных дварах усіх гаспадарак. Пры гэтым найлепшая дынаміка — у ААТ Жабінкаўскі” і “Ракітніца”.

Павіншавалі і словам, і песняй

У перасоўнай механізаванай калоне № 19 арыгінальна павіншавалі верных і надзейных, цярплівых і смелых, мужных і працавітых мужчын з Днём абаронцаў Айчыны. Паміж выступленнямі-пажаданнямі начальніка калоны Івана Вакуліна-Хведарца, кіраўніка гісторыка-экспазіцыйнага комплексу Пятра Вайноўскага, старшыні прафсаюзнага камітэта Алены Завяржэнец і вядучай Яны Макасюк гучалі запальваючыя сэрца і душу песні ў выкананні Валерыя Няменьшага, Наталлі Сяргеевай і Вольгі Чэрнік.

Заслужанае званне

Саламяныя работы педагога дадатковай адукацыі раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі Ірыны Коваль і яе выхаванцаў не раз станавіліся пераможцамі творчых конкурсаў і выстаў самага рознага ўзроўню. Нядаўна Ірыне Міхайлаўне было прысуджана заслужанае званне “Народны майстар Беларусі”. Віншуем таленавітую майстрыху з такой высокай узнагародай!

Распісанне — па QR-коду

Хутка ў нашым раёне на аўтобусных прыпынках з’явяцца тумбы з QR-кодамі з раскладам руху грамадскага транспарту. Жабінкаўцы пры дапамозе смартфонаў змогуць даведацца расклад руху аўтобусаў прама на прыпынку. Дарэчы, шэраг сацыяльна значных аб’ектаў у Жабінцы маюць тумбы з QR-кодамі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.