Будаўніцтва новага дзіцячага сада ў райцэнтры вядзецца даволі хутка. Яго плануюць адкрыць да пачатку новага навучальнага года. А каб паспець у адведзеныя тэрміны, будаўнікі рупяцца не толькі ў будні, але і ў выхадныя.
Дзіцячы сад з кожным днём, цаглінка да цаглінкі, расце ў вышыню.
— У гэтым месцы будуць група, спальны пакой, а тут — гімнастычная зала, — паказвае памяшканні прараб Алег МЕЛЬНІЧУК. — У тым крыле — кухня, а ў гэтым — басейн. Чашу ўладкуем праз ты-дзень, як даставяць неабходнае абсталяванне. А вось тут будзе адзін з ліфтаў — “разынка” гэтага сада-ясляў. Асноўныя будаўнічыя работы мы павінны завяршыць вясной.
Сцены многіх пакояў першага і другога паверхаў ужо атынкаваныя, на падлозе — сцяжка, пад зашклёнымі праёмамі — радыятары ацяплення. На трэцім паверсе — паддоны з цэглай і растворам.
— Налятай, не пазяхай! — жартуючы, прымае чарговую баддзю з бетонам муляр Мікалай ЦІМАШУК. У яго спрытных руках літаральна на вачах вырастае сцяна-перагародка паміж будучай раздзявальняй і групай. Ужо восенню тут будзе весела ад дзіцячага гоману!
За пяць метраў ад яго рупіцца над знешняй сцяной яшчэ адзін муляр Алег ПАТАПЧЫК. За яго спінай адкрываецца від на мікрараён і на будучую дзевяціпавярхоўку. Муляр запэўнівае, што любавацца горадам праз вокны малышы змогуць вельмі хутка.
— Э-э-х, крыху зайздрошчу малым, што сюды хадзіць будуць: сучасны сад з басейнам, ліфты, панарамная пляцоўка, гульнявыя пакоі. У маім дзяцінстве пра такое нават марыць не маглі! Будзе гарэзам раскоша, пакуль бацькі на працы! — дзеліцца Алег Патапчык.
— Пакуль аб’ект гатовы на 40 працэнтаў, — каменціруе намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр СЦЕПАНЮК. — Двухпавярховую частку будынка ўжо накрылі дахам і ўцяплілі. У другім крыле заканчваецца закладка трэцяга паверха. Паралельна на ніжніх узроўнях вядуцца апрацоўчыя работы. Будуецца дзіцячы сад за кошт абласнога і раённага бюджэтаў. Адкрыццё намечана на жнівень.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%