15 лютага — Дзень воінаў-інтэрнацыяналістаў

АФГАН У ПАМЯЦІ ЖЫВЕ

Той, хто жыў у 80-я, памятае, наколькі балючы і вогненны след пакінула неабвешчаная Афганская вайна. Праз яе гарніла прайшлі сотні тысяч маладых людзей, многія не вярнуліся, а тыя, каго дачакаліся родныя, ужо моцна пасталелі. Каб памяць пра падзеі 1979-1989 гадоў захавалася, шмат робяць супрацоўнікі раённай бібліятэкі.

2014-ы стаў пачаткам пошуку, які захапіў бібліятэкараў. Год быў незвычаёвы — юбілейны. Вялікае раённае мерапрыемства, прымеркаванае да 25-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана, стала справай гонару і памяці. Свята, арганізаванае з непасрэдным удзелам бібліятэкараў, ладзілася тады ў “Юбілейным”. Рыхтуючыся да яго, пачалі ўсталёўваць сувязі з былымі воінамі-інтэрнацыяналістамі. Першымі сталі Вячаслаў СЫЧ, Аляксандр КАРНЯЛЮК, Васіль НАРУШ, Уладзімір ЛУКІЧОЎ і Аляксандр МЕНДЗЯЛЬЧУК. Найбольшую дапамогу тады і пазней аказаў Аляксандр ЯЎСТРАТАЎ, які ўзначальваў арганізацыю, што аб’ядноўвала тых, каго апаліла гарачае афганскае сонца. Яны патроху дзяліліся ўспамінамі і фотаздымкамі. Крок за крокам пачала вымалёўвацца ідэя не толькі юбілейнага свята, але і цэлага накірунку пошукавай працы. На той час, так супала, кіраўніком Жабінкаўскага раёна быў колішні афганец Фёдар КАЛАНЧУК. Кранаючае свята ўразіла і яго, і іншых, хто прайшоў гарачымі дарогамі Афгана. Яны, былыя салдаты, нават не хавалі сваіх слёз у самыя шчымлівыя моманты.
— Такое іх моцнае ўражанне не магло пакінуць абыякавым і ўсяляла жаданне, што патрэбна рухацца далей па дарозе памяці, — успамінаюць бібліятэкары Галіна ДУЛЕВІЧ і Ірына ГАНЧАР.
Пакрысе электронныя і папяровыя папачкі, прысвечаныя землякам, папаўняліся ўсё новымі матэрыяламі, неўзабаве ўзнік асобны сайт “Афганістан — наша памяць і боль”. На сёння ў ім сем раздзелаў. Яны распавядаюць пра гісторыю той вайны і значныя баявыя аперацыі, знаёмяць з кнігамі і перыядычным друкам (у асноўным, артыкуламі з “Сельскай праўды”), што прысвечаны агнявым падзеям. Асобныя раздзелы знаёмяць з воінамі-афганцамі Жабінкаўшчыны — тымі, што загінулі на вайне, і тымі, якія вярнуліся да мірнага жыцця. Нельга абмінуць і раздзел, прысвечаны раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў сайта выклікаюць успаміны 16 землякоў і фотагалерэя, у якой сабраны здымкі сарака воінаў-афганцаў. Не абмінулі бібліятэкары і творчасць, прысвечаную гэтай тэме: у раздзеле “Славу салдатам пяём” сабраны вершы не толькі Фёдара Каланчука, але і Алены АНДРАСЮК, Насці СІДОРКІ, Вячаслава ФЯДОТАВА. Апошні па часе раздзел з’явіўся ў 2021 годзе. Ён называецца “Экспазіцыя” і прысвечаны мемарыяльнаму кутку ў раённай бібліятэцы.
Праца, распачатая сем гадоў таму, не спыняецца і сёння. Зараз у базе дадзеных звесткі пра чатырох загінулых: Васіля ДУДАРА і Валерыя МІГЕЛЯ, Сяргея ГРУДНІЦКАГА і Мікалая МАРОЗА. Улічаны таксама 59 воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія вярнуліся дамоў.
— Памятаем пра іх не толькі 15 лютага, але штогод і кожны дзень, — гавораць бібліятэкары. — Наш міні-музей выклікае вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Нярэдка прыходзяць і афганцы. Для многіх з іх бібліятэка нібыта другі дом. Успамінаецца таксама з цеплынёй 2019 год, калі ў ГДК шыкоўна адзначаліся 30-я ўгодкі вываду савецкіх войскаў з Афганістана. А яшчэ — леташняя сустрэча ў бібліятэцы. Сюды афганцы з жонкамі завіталі на песенную вечарыну “Згадаем, таварыш, Афганістан”. Нам было вельмі прыемна бачыць, наколькі гасцей кранула гэтае мерапрыемства. Адметным стаў і 2017 год, калі паўдзельнічалі ў ХХV рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”, дзе занялі трэцяе месца ў намінацыі “За пошукавую і даследчую работу”. Яна тычылася менавіта афганскай тэмы. Працу ў ёй працягваем, узнялі вялікі пласт, але і наперадзе яшчэ шмат спраў. Прызываем воінаў-землякоў і іх сваякоў актыўней прыходзіць у бібліятэку, дзе іх чакаюць, паважаюць, любяць.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымках: памяць пра гарачыя афганскія падзеі беражліва захоўваюць бібліятэкары.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.