ПАЭТЫЧНЫ РЭЙД ПАМЯЦІ

ПАЭТЫЧНЫ РЭЙД ПАМЯЦІ

Сёлетні год, абвешчаны Годам гістарычнай памяці, на Брэстчыне праходзіць пад знакам двух юбілеяў: стагоддзя выдатнага педагога-беларусазнаўца Уладзіміра Калесніка і 80-х угодкаў з часу знішчэння карнікамі жабінкаўскай вёскі Драмлёва.
Уладзімір Андрэевіч шмат зрабіў, каб не згасла памяць пра ліхалецце, і вось ужо шмат гадоў не перасыхае чалавечая плынь да мемарыяльнага комплексу “Драмлёва” — месца нашай памяці і жалобы.

У Драмлёве, ля падножжа кургана, ужо колькі дзесяцігоддзяў у пачатку восені палыхаюць шыпшыны. На кустах, нібыта кроплі крыві тых, каго закатавалі чорным памятным ранкам, рассыпаны пунсовыя пацеркі ягад. Старажылы згадвалі не раз: калі 11 верасня 1942 года прыйшла бяда, было цёпла, нават горача, быццам лета вырашыла затрымацца на пару тыдняў. А потым яркім факелам успыхнула вёска і стала зусім невыносна, млосна…
Мінаюць імгненні, хвіліны, Гісторыя нанізвае гады на нітку часу, а паблізу кургана зноў і зноў гараць яркія шыпшыны. Яны аднойчы прараслі на месцы тым, дзе гвалтоўна знішчана жыццё, калі гарэлі не толькі шыпшыны…
Тэма нашай вогненнай вескі кранае многіх. Калі для мяне асабіста яна стала блізкай? Мо тым вераснёўскім днём 1982 года, калі адкрывалі мемарыял і прамаўляў падчас жалобы піянерскую клятву? Ці крыху пазней, на сустрэчы з пісьменнікам Уладзімірам Калеснікам, які пакінуў лаканічны аўтограф на кнізе “Я з вогненнай вёскі…”, створанай разам з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём: “Анатолю Бензеруку — з пажаданнем поспехаў у вучобе і шчасця ў жыцці. 27 ІІІ 85. Жабінка”.
Не мінула і сарака дзён, а Уладзімір Андрэевіч зноў быў на Жабінкаўшчыне. На календары быў май 1985-га. Набліжалася саракавая гадавіна Вялікай Перамогі. На Брэстчыну завіталі ўкраінскія творцы з Валынскага і Жытомірскага аддзяленняў саюза пісьменнікаў. У дэлегацыі былі Пятро Мах, Васыль Гэй, Іван Чарнецкі, Аляксей Апанасюк і Валянцін Грабоўскі. Беларускія і ўкраінскія калегі-літаратары параіліся і вырашылі правесці сумесны паэтычны рэйд памяці па вёсках, спаленых у вайну.
Ранкам 3 мая берасцейцы, валыняне і жытомірцы, усклаўшы кветкі да Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці, рушылі ў Драмлёва. Паэты ў жалобе схілілі галовы на месцы вялікай бяды і слухалі ў самоце ўрыўкі з верша хмелеўца Івана Арабейкі, які прыйшоў на свет вясной 1942 года, за некалькі месяцаў да таго, як успыхнулі не толькі шыпшыны:

А там за выжарам — калоссе,
А там за помнікам — палі.
Сяла няма, і вецер носіць
Маю трывогу па зямлі.

Тая трывога перадалася кожнаму, у тым ліку Васылю Гэю. Паэт нарадзіўся летам 1942 года, за некалькі дзён да таго, як у далёкае Драмлёва прыйшоў Галавасек, ён жа Галаварэз, ён жа Крываўнік. Гэта быў агульны боль.
Наступым месцам жалобных успамінаў стала ўкраінскае Палессе. Далёкае станавілася блізкім, бо карную аперацыю “Трохкутнік” восенню сорак другога нямецкі 15-ы ахоўны паліцэйскі полк “расчарціў” і тут.
“Чорнай серадой” назвалі людзі страшны дзень 23 верасня 1942 года, калі рота “Нюрнберг” знішчыла шматтысячнае сяло Картэлісы. Сярод пажарышча ўцалеў толькі векавы дуб. Кранутыя за жывое ўдзельнікі рэйду памяці чыталі пад ім на чорнай мармуровай пліце радкі, напісаныя валынскім паэтам Аляксандрам Багачуком:

Там, дзе крывавы прайшоў душагуб,
Сведкам застаўся абпалены дуб.
Чорны, як ліха. І жахам прапах.
Нават баіцца гняздзіцца тут птах.

А затым былі паэтычныя сустрэчы ў вёсках Малын і Копішча. Іх нелюдзі спалілі 13 ліпеня 1943 года. Гэта быў таксама святочны дзень, калі праваслаўныя вернікі адзначалі Сабор дванаццаці Апосталаў і свята Валынскай іконы Божай Маці. Быццам зло ўсялякі раз выбірала для сваіх чорных спраў добрыя дні.
Успаміны нешматлікіх сведкаў трагедый у Малыне і Копішчы ўражвалі расказамі, вельмі падобнымі на драмлёўскія.
— Згарэла ўся вёска. Нават царкоўныя званы не вытрымалі — паплавіліся, — расказваў малынец Яраш Рудышка. — Каты не шкадавалі ні старых, ні малых. У вёсцы была бальніца, дзе знаходзіліся 120 дзяцей да дзесяці гадоў. Сярод іх было нямала і такіх, хто толькі нарадзіўся. Усе пагарэлі.
Капішчук Іван Кавальчук дадаў са слязьмі:
— Мяне паранілі. Я прасіў, каб немец дабіў мяне. А той сказаў: “Цябе мухі даб’юць”.
Падарожжа паэтаў не магло пакінуць абыякавым, і жабінкавец Васіль Сахарчук, які быў у берасцейскай дэлегацыі, хутка адгукнуўся сваёй “Баладай памяці”.
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымках: у час адкрыцця мемарыяла; Уладзімір КАЛЕСНІК дорыць аўтографы жабінкаўцам.

 

Васіль САХАРЧУК

Балада памяці

Няпроста доўга гаварыць
на месцы гэтай страшнай кары.
Я знаю: мёртвым не баліць,
а прад вачмі — жывыя твары.
Барвова шчэрыцца агонь,
па бервяне паўзе імкліва.
Ляціць між хат чырвоны конь
і засціць неба чорнай грывай.
Кат з закасаным рукавом
стаіць і вочы мружыць хіжа,
а конь крывавым языком,
нібы галінкі, рукі ліжа.
Ён закідае галаву,
гудзе зямля пад капытамі,
а хлопчык чорную траву
рве абгарэлымі рукамі.
Стаміўся конь на сконе дня,
астыў шалёны юр у жылах.
Туманам вёску цішыня,
нібыта саванам накрыла.
На месцы тым стаіць курган,
і тры журботныя жанчыны
глядзяць праз вогненны туман
навек бяссоннымі вачыма.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top