Зноў сустрэліся на вуліцы Касцюшкі

Ужо 20 гадоў 4 лютага традыцыйна да пастамента Тадэвуша Касцюшкі ўскладаюцца вянкі і жывыя кветкі. Помнік размешчаны перад будынкам Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў Малых Сяхновічах, на вуліцы, якая носіць імя знакамітага земляка.

Гісторыю Жабінкаўшчыны немагчыма ўявіць без роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. Яны чатыры стагоддзі жылі на гэтай зямлі, будавалі храмы ў Вялікіх Сяхновічах і Мацеевічах, што дзейнічаюць дасюль, а галоўнае — падаравалі сусветнай гісторыі зорную асобу генерала Тадэвуша Касцюшкі.
Наша зямля моцна “прапісалася” ў ягонай біяграфіі. Музейная экспазіцыя распавядае пра падрабязнасці жыцця чалавека, які ўзнёс у свеце не толькі ўласнае імя, але й назву сваіх Сяхновічаў. Прыемна, што ў даўняй навуковай спрэчцы пра месца нараджэння Касцюшкі ў апошнія гады ўсё больш сур’ёзных гісторыкаў схіляюцца да сяхновіцкай версіі.
Акрамя таго, пан Тадэвуш пражыў пяць год у спадчынных Сяхновічах пасля вяртання з Амерыкі, дзе змагаўся за незалежнасць ЗША. І нават перад смерцю склаў свой знакаміты Сяхновіцкі запавет, вызваляючы сялян ад прыгону, “які супярэчыць самой чалавечай прыродзе”. Захаваліся ў колішнім маёнтку Касцюшкаў-Сяхновіцкіх і рэшткі старога парку, у тым ліку жывыя яшчэ дрэвы, некалі ўласнаручна пасаджаныя генералам перад тым, як адправіцца ў апошні вайсковы паход.
I вось яшчэ цікавы збег акалічнасцяў: 17 верасня 1794 года менавіта на Жабінкаўшчыне адбылася найбуйнейшая бітва часоў паўстання, што носіць імя Тадэвуша Касцюшкі. У памяць пра падзею, якая вырашыла далейшы лёс Беларусі, праз сто гадоў у Чыжэўшчыне быў пабудаваны прыгожы каменны Свята-Уладзімірскі храм-помнік, а ўжо ў нашы дні — мемарыяльная капліца, якую таксама наведваюць госці нашай зямлі. Іх геаграфія вельмі шырокая. Гэта не толькі жыхары Жабінкаўшчыны і кожнага рэгіёна Беларусі, але й грамадзяне шматлікіх еўрапейскіх краін, дзе ў свой час бываў Касцюшка. А падарожнічаў ён шмат, пакідаючы памяць на вякі. Нездарма ва ўсім свеце яму пастаўлена каля 200 помнікаў, імем Касцюшкі называюцца населеныя пункты і вуліцы. Дарэчы, ёсць вуліца Касцюшкі не толькі на яго малой радзіме ў Малых Сяхновічах, але і ў нашай Жабінцы.
Сёлета ў госці да героя завіталі вучні Якаўчыцкай школы, якія з цікавасцю пазнаёміліся з біяграфіяй земляка, вядомага ва ўсім свеце, пашырылі свае веды аб славутым мінулым.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
На здымку: традыцыйна ў святочны дзень бетонны Касцюшка “сустракае” гасцей.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.