АЗЯЦКІ. Чатыры гады таму працаўнікі ДРБУ
№ 103 уладкавалі дарогу ад вёскі Сычова да хутара Ліскі. Цяпер дарожныя будаўнікі паводле плана працягваюць сваю справу ў накірунку да граніц Кобрыншчыны, рамантуючы дарогу Радванічы — Азяты — Гайкоўка. У бліжэйшы час, калі дазволяць прыродныя ўмовы, якасная гравійка звяжа тры раёны — Брэсцкі, Жабінкаўскі і Кобрынскі. Гэткім чынам абноўлены шлях стане адным з падарункаў для жыхароў сельсавета напярэдадні раённых “Дажынак”, якія сёлета адбудуцца ў Азятах.
ЖАБІНКАЎСКІ. На вясковых вуліцах стала святлей. Прынамсі, каб ліхтары ззялі ярчэй не толькі ў горадзе, летась было выдаткавана больш за 17 тысяч рублёў, а ўвогуле на добраўпарадкаванне ў Жабінкаўскім сельсавеце ў 2021 годзе было накіравана 25160 рублёў. Пра гэта ішла размова на пасяджэнні сельвыканкама ў апошні студзеньскі дзень, дзе разглядалася пытанне аб навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Сярод важных спраў — усталяванне буйнагабарытнага кантэйнера для адходаў у Вялікіх Якаўчыцах, кантэйнернай пляцоўкі ў Навасадах (яна створана сіламі ААТ “Жабінкаўскі”). Летась працягвалася таксама высадка сада каля Якаўчыцкай сярэдняй школы. “Што прыемна адзначыць, — паведаміў старшыня сельсавета Мікалай Галавейка, — у добраўпарадкаванні актыўнічаюць вяскоўцы, якія цудоўна разумеюць, што парадак на зямлі ствараецца для іх і іх дзяцей”.
КРЫЎЛЯНСКІ. Навучэнка Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Ірына Рубашэўская даўно цікавіцца мінулым роднага краю. Дзяўчына падрыхтавала пад кіраўніцтвам выкладчыцы гісторыі Ніны Ратнікавай гістарычны нарыс пра вёску Глыбокае. У навуковай рабоце навучэнка разгледзела багатае мінулае населенага пункта, вядомага з ХVI стагоддзя, паходжанне яго назвы, гісторыю мясцовасці і асобных людзей. Крыніцамі даследавання стала апытанне старажылаў і вывучэнне навукова-папулярнай літаратуры.
ЛЕНІНСКІ. Як паведаміла завуч па навучальнай рабоце Ленінскай СШ Аксана Шалягейка, школа рыхтуецца да залатога юбілею. За 50 гадоў існавання ўстанову закончылі 19 залатых і 29 сярэбраных медалістаў. Зараз у школе займаюцца 272 вучні, якім дораць трывалыя веды 43 педагогі. І што цікава: цяпер тут настаўнічаюць 22 былыя выпускнікі, склаліся цэлыя педагагічныя дынастыі Філіманюкоў, Балтрамеюкоў, Адзінцоў ды іншых. Нават сённяшні начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Юрый Прасмыцкі некалі атрымліваў веды ў Ленінскім.
РАКІТНІЦКІ. Той, хто рухаецца па шашы М1 у накірунку Брэста, здзіўляецца: перад Булькоўскім мостам існуе ўказальнік “БУЛЬКАВА 3”, а праз нейкі кіламетр, за мостам, — “БУЛЬКОВА 3”. Гэта згадкі пра дзве розныя вёскі: першая знаходзіцца ў Жабінкаўскім раёне, другая — у Брэсцкім. Нашае Булькова старэйшае на трыста гадоў, суседняе ўтварылі булькоўцы-перасяленцы ў ХІХ стагоддзі. Аднак надпісы на шыльдах чамусьці дасюль розняцца. Тым больш назва ў форме Булькова афіцыйна зафіксавана ў дзяржаўных актах. Ракітніцкі сельвыканкам ужо накіраваў у адпаведныя службы ліст з просьбай ліквідаваць недакладнасць.
СЦЯПАНКАЎСКІ. Як паведаміла кіраўнік спраў сельвыканкама Ніна Макаранка, гэты год у сельсавеце пачаўся з прыемных навін. Уявіце, калі летась было зарэгістравана толькі сем немаўлятак, дык у сёлетнім студзені — ужо двое. Першымі, каб зарэгістраваць сваю маленькую Злату, 11 студзеня завіталі Аляксандр і Аліна Баланы. Златачка жыве ў Жыціні. І няхай сабе жыве, расце, бацькоў радуе іх залатое дзіцятка! А другім стаў Ян Саўчук. Пасведчанне аб яго нараджэнні 18 студзеня атрымала мама Вольга Пятроўна з Меляшоў.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%