КАЛІСЬ ТУТ БЫЎ КАСЦЁЛ

У асноўным Жабінкаўшчына — край праваслаўны, але жылі тут здаўна і каталікі, а таму задоўга да ўзнікнення касцёла святога Юзафа ў Жабінцы будаваліся і каталіцкія малельні ў Крупчыцах і Азятах, Селішчах і Багдзюках. Пра апошні касцёл згадаем сёння.

У нашым краі і па-за яго межамі шырока вядомы спіс абраза Маці Божай Чанстахоўскай, які захоўваецца ў Хмелеўскім храме. Многія праваслаўныя вернікі лічаць яго цудадзейным і прыязджаюць, каб пакланіцца літаральна з усяго свету.
Значна менш вядома, што некалі на Жабінкаўшчыне меўся і каталіцкі храм, прысвечаны іконе, якую называюць адной з найбольш шануемых святынь Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Месціўся ён у вёсцы Багдзюкі.
У 1925 годзе настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы ў Хмелеве Міхаіл РАЖАНОВІЧ склаў справаздачу, у якой апісаў свой прыход. У яго ўваходзілі сем населеных пунктаў, дзе пражывалі 2210 праваслаўных, 305 каталікоў і тры баптысты. Вядома, пры такой значнай колькасці каталіцкіх вернікаў, тым больш “за польскім часам”, раней ці пазней павінна было ўзнікнуць пытанне пра пабудову касцёла. І яно не толькі паўстала, але і было рэалізавана.
Звестак пра Багдзюкоўскі касцёл Маці Божай Чанстахоўскай, які можна бачыць на старым фота, няшмат. Ён узнік у 1936 годзе. Як бачна, бажніца была цалкам драўляная. Здымак, хутчэй за ўсё, даваенны. Касцёл праіснаваў да 1958 года, калі быў разабраны, а матэрыялы пайшлі на збудаванне сельскага клуба ў суседніх Дзяменічах.
Старэйшая жыхарка вёскі Багдзюкі Надзея ВОЙЦЫК, якой ужо 89 гадоў, падказала месца, дзе некалі стаяў касцёл “Чорнай Мадонны”, як яшчэ часам называюць абраз Чанстахоўскай Багародзіцы.
На здымку, зробленым сёлета, бачны каталіцкі крыж, а побач з ім — невялічкая каплічка. У ёй пасля знікнення малельні ў Багдзюках час ад часу вёў службы ксёндз з Пелішчаў, дзе і зараз знаходзіцца каменны каталіцкі храм Сэрца Ісуса, узведзены на два гады раней за Багдзюкоўскі касцёл.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара і з інтэрнэту
На здымках: касцёл у Багдзюках (1930-я гады) і сённяшні выгляд месца, дзе стаяў гэты храм.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.