Малады, ды бойкі

Малады, ды бойкі

У свае няпоўныя васямнаццаць Ілья К., калі выпала “пазнаёміцца” з работнікамі міліцыі, спаўна праявіў свой дзёрзкі характар. А адбылося гэта так: вечарам нехта з вяскоўцаў пазваніў у райаддзел міліцыі, што па вуліцы ў Падлессі на вялікай хуткасці мчыцца машына, а вадзіцель у ёй, магчыма, п’яны.
Супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы выехалі па ўказаным адрасе і неўзабаве затрымалі ліхача. На месцы выявілася некалькі парушэнняў Правілаў дарожнагу руху.
Па-першае, гора-вадзіцель трымаў на руках хлопчыка-дашкольніка, тым самым падвяргаючы небяспецы і яго жыццё. Па-другое, кіроўца быў на добрым падпітку. Па-трэцяе, катаўся без вадзіцельскага пасведчання, а значыцца, не меў права сядаць за руль аўто.
Работнікі міліцыі павезлі ліхача на медыцынскі агляд у Жабінку. Па дарозе Ілья парываўся выскачыць з машыны, але яго не пусцілі. У раённай бальніцы першая ж проба паказала, што ў крыві правяраемага 1,5 праміле алкаголю. Гэта адразу выклікала ў Ільі нервовасць: хлопец зразумеў, што яму не ўдасца атрымаць вадзіцельскія правы. Ён заявіў, што прыбор няспраўны, і пачаў паліваць нецэнзурнымі словамі і медыкаў, і міліцыянераў.
Затрыманы гатовы быў выбрацца на вуліцу — не дазволілі, прапанавалі прысесці і супакоіцца. Ён, аднак, не стаў падпарадкоўвацца: адштурхнуў руку праваахоўніка, які прытрымліваў уваходныя дзверы, і вырваўся-такі на двор. Калі нарэшце на хлопца надзелі наручнікі, той не супакоіўся, а садануў стража парадку нагою…
Справу перадалі ў суд. Было разгледжана таксама пытанне аб вызваленні абвінавачваемага (артыкул 86 Крымі-нальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) ад крымінальнай адказнасці. Хаця вінаваты чыстасардэчна прызнаўся ў здзейсненым і раскаяўся, аднак, улічваючы, што Ілья К. кіраваў транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, без правоў, дый яго паводзіны пры абследаванні былі скіраваны супраць работнікаў праваахоўных органаў, іх законнай дзейнасці, так што суд прызнаў прымяненне вышэйназванага артыкула немэтазгодным.
Пры вынясенні вердыкту былі ўлічаны акалічнасці справы і асоба падсуднага — тое, што ён мае пастаяннае месца жыхарства і працы, раскаяўся ў здзейсненым. Суд палічыў: можна дасягнуць перавыхавання, не выдаляючы яго ад грамадства. Згодна з артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса краіны, Ілью К. вынесена пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на адзін год і шэсць месяцаў без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу.
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top