Драмлёва — 80

ЛІДЗІЦЭ, АРАДУР, ДРАМЛЁВА

Сёння Драмлёва звычайна ўзгадваюць разам з Хатынню. Аднак у 1967 годзе, калі на месцы спаленай вёскі ўзнік курган, было інакш: мемарыяла пад Мінскам яшчэ не існавала, таму спіс знішчаных населеных пунктаў быў іншым: Лідзіцэ, Арадур, Драмлёва…
Чэшскі пасёлак Лідзіцэ быў знішчаны 10 чэрвеня 1942-га, за тры месяцы, як да нас прыйшоў Галавасек. Помсцячы за забойства намесніка пратэктара Багеміі і Маравіі Гейдрыха, якога сам Гітлер называў “чалавекам з жалезным сэрцам”, карнікі расстралялі ўсіх лідзіцкіх мужчын, жанчын адправілі ў канцлагер, дзяцей — у газавую камеру. Ранкам 11 чэрвеня ўпершыню за сем соцень гадоў існавання Лідзіцэ не прачнулася. Праз два тыдні яе лёс падзяліла вёска Ляжакі паблізу Пардубіцэ.
Чэшскія Ляжакі, як і беларускае Драмлёва, пагрузіліся ў вечны сон. На іх месцы — мемарыял, дзе можна прачытаць зварот: “Вы, жывыя! Згадайце на гэтым месцы ахвяр з Ляжакаў, якія сваімі пакутамі і смерцю набылі вашу свабоду і новае лепшае жыццё для ўсіх нас. Бараніце мір на зямлі”.
Драмлёва і Ляжакі родняць гора і свята. Зладзейства над чэшскай вёскай карнікі стварылі 24 чэрвеня, калі католікі святкуюць вялікую ўрачыстасць — Дзень нараджэння Іаана Хрысціцеля. Беларускае сяло стала попелам 11 верасня, калі праваслаўныя адзначаюць Усячэнне галавы Божага Папярэдніка.
Былое французскае мястэчка Арадур-сюр-Глан — сёння музей пад адкрытым небам, нямы дакор варварам ХХ стагоддзя, паселішча-прывід, застылае ў сваёй бядзе. Наўмысна ўжываем поўную назву паселішча, паколькі ёсць меркаванне: Арадур-сюр-Глан і яго жыхары загінулі выпадкова, бо карнікі пераблыталі маршрут: за 20 кіламетраў ад загінулага мястэчка было выжыўшае — Арадур-сюр-Вер, дзе актыўную падтрымку мелі партызаны. Жыхары Арадур-сюр-Глана да руху Супраціўлення не мелі дачынення, але загінулі менавіта яны. Іх забілі 10 чэрвеня 1944 года — роўна праз два гады пасля Лідзіцэ.
Што адбылося тым цёплым летнім днём? Ён стаў пякельна гарачым, калі мястэчка ўзяў у клешчы полк “Дэр Фюрар” танкавай дывізіі СС “Райх”. Эсэсаўцы атрымалі данос, што ў Арадуры байцы Супраціўлення ўтрымліваюць кавалера Жалезнага крыжа штурмбанфюрара Гельмута Кемпфе. Так, жыхары мястэчка не дапамалі партызанам, аднак, калі закладнік быў забіты, сучасныя варвары разбірацца не сталі — спапялілі ўсё: і людзей, і будынкі. Цяпер пра тое сведчыць надпіс: “АРАДУР-СЮР-ГЛАН. Дзецям Францыі, якія загінулі за яе. Захоўваем вечную памяць аб 642 пакутніках — мужчынах, жанчынах, дзецях, забітых і спаленых нацысцкімі войскамі 10 чэрвеня 1944-га”.
16 красавіка 1967 года трагедыі ў Лідзіцэ і Арадуры згадвалі на месцы былога Драмлёва. Гэта быў нядзельны дзень. Адкрываўся першы помнік па драмлёўскіх ахвярах. На месцы спаленай вёскі вырас трохметровы курган, на якім ўсталявалі мемарыяльны камень. Вакол быў разбіты сквер: ад кургана цягнуліся пяць алеек.
У той дзень адбыўся невялікі мітынг. Сярод выступоўцаў былі старшыня Сцяпанкаўскага сельсавета Фёдар Цімашэнка, былы камісар партызанскага атрада імя Фрунзэ Аляксандр Гогалеў, абаронца Брэсцкай крэпасці Якаў Каламіец.
Наступны раз людзі сабраліся тут апоўдні 10 верасня таго ж шэсцьдзесят сёмага года.
…Ужо чвэрць стагоддзя не было так шматлюдна ў Драмлёве. На імправізаваную трыбуну, якую зрабілі з пары грузавікоў, узнімаліся родныя і блізкія загінулых, прадстаўнікі ўладаў, знатныя працаўнікі раёна, воіны Брэсцкага гарнізона.
Жалобны мітынг адкрывалі сакратар партарганізацыі калгаса “Усход” Іван Зялевіч і другі сакратар РК КПБ Вольга Цімашук. Асабліва краналі словы, прамоўленыя тымі, для каго Галавасек стаў страшнай часткай біяграфіі. Вера Кулінчык (Юрасік) з болем згадала закатаваных бацькоў. З Украіны прыехаў Мікалай Ярмашук, які жывым выйшаў з таго агню.
Яго прасілі:
— Коля, будзеш выступаць.
Ён пярэчыў у адказ:
— Не хачу, не буду… не магу. Я расплачуся…
І сапраўды — стаяў і плакаў, пакуль у іншых замест слёз хапала слоў. А ў словах — гнеў у адрас тых, хто сатварыў Галавасек.
— Смерці, толькі смерці яны заслужылі! — казаў Мікалай Царук.
Гэткай помсты Мікалай Дзмітрыевіч зычыў злачынцам, бо не мог і праз гады дараваць ім свае самыя дарагія страты. Яго дачка Агаф’я, зяць Даніла Шпак, унукі Коля, Маша, Вова — усе скончылі жыццё ў агні.
Артыкул ў жабінкаўскай раённай газеце “Сельская праўда”, прысвечаны 25-годдзю драмлёўскай трагедыі, завяршалі словы: “Пад гукі гімна СССР на курган славы ўскладваюцца кветкі. Мора новых кветак. А іх усё нясуць і нясуць. І памяць замучаных землякоў ніколі не згасне ў сэрцах людзей. Ніколі не скончыцца людская рака, якая будзе накіроўвацца да гэтага месца, дзе зліліся ў адно жыццё і бяссмерце, любоў і нянавісць, дзе ў мужнасці і храбрасці драмлёўцаў юнацтва бачыць для сябе прыклад адвагі і геройства”.
Аднак гэта быў усяго першы крок на доўгім шляху да мемарыяла “Драмлёва”, які ўзнік восенню 1982 года.
Анатоль БЕНЗЯРУК

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.