ЮБІЛЕЙНЫЯ І АДМЕТНЫЯ ДАТЫ, ЯКІЯ ПРЫНЯСЕ 2022-гі.
Хай жа будзе ён для ўсіх неблагі!
Мы развітаемся з няпростым 2021 годам. Яму на змену ўжо крочыць чарговы, новы. Пажадаем, каб ён прынёс толькі добрыя ўражанні і паболей шчасця. Бо ў 2022-м ёсць шмат адметных дат. І пачнецца ён са свята, якое блізкае не толькі журналістам “СП”, але і нашым паважаным чытачам.
1/І 1967 года (55 гадоў таму) — у той далёкі ўжо нядзельны дзень аднавілася выданне жабінкаўскай раённай газеты, якая дасюль вядома нашым чытачам як “Сельская праўда”.
15/І 1502 года — у дакументах Вялікага Княства Літоўскага знаходзім першую згадку пра сяло Здзітава і пабудаваную ў ім Свята-Мікіцкую царкву. Гэты найстарэйшы драўляны храм — сапраўдная архітэктурная зорка Палесся. Праз 515 гадоў, восенню 2017-га, і вёска, і царква апынуліся ў межах горада Жабінкі.
15/І 1940 года — дата хоць і не юбілейная, але вельмі адметная: сваю чарговую гадавіну адзначыць Жабінкаўскі раён.
15/І 1972 года — паўвекавы юбілей Ленінскай сярэдняй школы.
1/IІ 1802 года — у сяле Вялікія Сяхновічы ў сям’і мясцовага святара Лявонція нарадзіўся сын Якаў ЖАЛЯЗОЎСКІ, які пазней пад імем уладыкі Ігнація стаў праваслаўным епіскапам Брэсцкім.
11/ІІІ 1582 года — 440-ы дзень нараджэння сваіх населеных пунктаў могуць па праве святкаваць жыхары Філіпавічаў і Рагозна.
18/ІІІ 1957 года — у вёсцы Хмялёўка нарадзіўся Сяргей ГРУДНІЦКІ — воін-інтэрнацыяналіст, які восенню 1988 года склаў галаву на вайне ў Афганістане.
26/ІІІ 1942 года — юбілей самабытнага паэта з Хмелева Івана АРАБЕЙКІ.
2/IV 1817 года — за паўгода да смерці знакаміты генерал Тадэвуш КАСЦЮШКА дараваў волю сваім сялянам у маёнтку Сяхновічы.
16/IV 1952 года — вёска Жабінка афіцыйна становіцца гарадскім пасёлкам.
20/IV 1867 года — адбыўся заклад Свята-Мікалаеўскай царквы ў сяле Азяты.
3/V 1977 года — ва ўрочышчы Сасновы Бор адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў дом адпачынку “Буг”, які вось ужо сорак гадоў (з 1 кастрычніка 1982-га) дзейнічае ў якасці санаторыя.
10/V 1892 года — у Пятровічах, у маёнтку сярод векавых дубоў, нарадзіўся будучы паэт Альбін Міхал ДЗЯКОНСКІ.
12/V 1577 года — час узнікнення вёскі Алізараў Стаў.
13/V 2002 года — у Жабінцы адкрыўся тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Калі жадаеце даведацца, якія яшчэ святы прынясе наступны год, — будзьце з намі, не забудзьцеся падпісацца на “СП”. Працяг будзе 5 студзеня 2022 года.
Анатоль РОСТАЎ
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%