Паважаныя жабінкаўцы, дарагія сябры!
Хутка наступіць новы 2022 год!
Традыцыйна ў канцы года прынята падводзіць вынікі, і мне хочацца адзначыць нашы галоўныя здабыткі. Упершыню мы нарыхтавалі звыш 75 тысяч тон збожжа з улікам кукурузы. Цукровы завод у гэтым сезоне перапрацаваў звыш мільёна тон буракоў. Па надоі малака ад каровы Жабінкаўшчына займае 12-ы радок у рэспубліканскім спаборніцтве. Дарэчы, наш раён — адзіны ў рэспубліцы, дзе каровы ўтрымліваюцца выключна бяспрывязна і дояцца ў даільных залах, і практычна ўся прадукцыя фермаў адпраўляецца ў перапрацоўку гатункам “экстра”. Мы актыўна мадэрнізуем жылы фонд і інфраструктуру: плануецца будаўніцтва першага дзевяціпавярховага дома, адкрыты ачышчальныя збудаванні, пачаты працэс па абнаўленні фармату аўтобусных прыпынкаў. Шэраг сацыяльна значных аб’ектаў пазначаны QR-кодамі, рамантаваліся аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. Днямі дэлегацыя нашага раёна пабывала ў Задонскім раёне Ліпецкай вобласці, дзе былі падпісаны пагадненні аб устанаўленні пабрацімскіх сувязяў паміж рэгіёнамі. Акрамя таго наш прыгожы і ўтульны горад можна назваць сталіцай боксу, бо жабінкаўскія выхаванцы маюць шматлікія перамогі на міжнародных турнірах. Дарэчы, першай у краіне менавіта ў Жабінцы зарэгістравана гарадская арганізацыйная структура Беларускай федэрацыі бокса. У гэтым годзе мы сустракаліся з яркімі, цікавымі, актыўнымі матулямі, дзве з іх атрымалі заслужаную ўзнагароду — ордэн Маці. Мы ўшаноўвалі сотую распісаную ў гарадскім загсе пару, а для самарэалізацыі нашай моладзі перазапусцілі праект маладзёжнага парламента. У перспектыве сотні жабінкаўскіх дзетак пойдуць у новы дзіцячы сад.
І вы, дарагія сябры, сачылі за нашымі поспехамі ў сацыяльных сетках, месенджарах, газетах.
У наступным годзе мы разам зробім яшчэ больш. Шчыра віншую ўсіх жабінкаўцаў з надыходзячым Новым годам! Самае галоўнае — будзьце здаровыя! Шчасця, міру, дабрабыту вам і вашым сем’ям!
Вадзім КРАЎЧУК, старшыня Жабінкаўскага райвыканкама
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%