77-ы выходзіць на маршрут

18 снежня роўна ў 6.50 аўтобус № 77 выйшаў у першы рэйс. І ўжо хутка быў паўнюткі, хоць і рухаўся ў выхадны дзень. Маршрут вельмі запатрабаваны: нават у суботу нехта едзе на работу, іншыя — да кагосьці ў госці ці закупіцца перад Новым годам. Самыя маленькія ўдзельнікі першага, сапраўды гістарычнага рэйса Насця і Ульяна БУКЛАНАВЫ разам з мамай Аняй (на здымку) спяшаліся ў Брэст на дзень нараджэння пяцігадовага стрыечнага браціка Мацвея.
На пытанне: “Ці добрую справу зрабілі тыя, хто даў “зялёнае святло” новаму грамадскаму аўто?” — першыя яго пасажыры дружна адказалі: “Вельмі добра!”
Для вадзіцеля Ігара ПАДЗЯМЕЛЬНАГА, хоць за яго плячыма і доўгі вопыт, гэты рэйс таксама першы. Кіроўцу за “штурмана” дапамагаў жабінкавец Валодзя РАМАНОВІЧ, які ехаў на працу і падказваў, пазіраючы ў карту і расклад, дзе патрэбна спыніцца. Цудоўна, што аўтобус гэта рабіў не толькі ў гарадскіх межах, але і ў вёсках. Па словах ракітчукоў, часам на прыпынку каля іх аграгарадка збіраецца да 30 пасажыраў, а таму новаму аўтобуснаму маршруту многія рады.
Вядома, першы рэйс у нечым эксперыментальны, каб зразумець, ці ўсё прадумана ў дарозе. Плюсы бачныя адразу. Аднак, ці ёсць недахопы? Што пра тое мяркуюць першыя пасажыры?
Мо трэба падумаць пра кандуктара, бо кіроўца губляе час на абілечванне. А яшчэ на трасе М 1 неабходна асаблівая пільнасць за рулём. Да таго ж, калі ў выхадны 77-ы прыбыў на Брэсцкі аўтавакзал амаль без спазнення, дык у будні, калі ў горадзе ўзнікаюць ранішнія пробкі, можна істотна выбіцца з графіка. Відаць, неабходны яшчэ адзін прыпынак — каля Хабаў, паблізу СЭЗ “Брэст”, дзе таксама працуюць нашы землякі.
А ўвогуле, першы блін (насуперак вядомай прыказцы) дакладна не стаў камяком. Зручна, танна, вельмі патрэбна.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.