“Смела рухайцеся да мэты — у вас усё атрымаецца!”

Летась і сёлета на Жабінкаўшчыне пасля заканчэння ВНУ ў школах працаўладкаваліся 33 маладыя спецыялісты. Менавіта ім на дыялогавай пляцоўцы выказала пажаданне, вынесенае ў загаловак артыкула, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла ВАЛЕТАВА.

Увогуле, 13 снежня ў кіна-тэатры “Юбілейны” ў адрас маладых педагогаў гучала шмат пажаданняў з вуснаў начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Галіны БУРКО, старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніны КАЛЫБСКАЙ, галоўнага спецыяліста аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Алесі КРУПКО.
Пачыналася сустрэча з відэанапаміну: гэты год быў асаблівым для педагагічнага прафесійнага руху, бо прайшоў пад знакам яго стагоддзя. На экране перагортваліся старонкі гісторыі — ад першых настаўніцкіх аб’яднанняў, якія змагаліся за свае правы, — праз часы вайны, адраджэння, станаўлення і развіцця савецкай школы — да сённяшніх дасягненняў Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
А далей была размова. Скажам адразу — даверлівая. Распачала яе Галіна Бурко са слоў: “Мы ўсе калісьці былі маладымі спецыялістамі”, — і прыгадала, як пасля Брэсцкага педінстытута вярнулася на родную Пружаншчыну, у Лыскаўскую школу. Тады здавалася — не бывае вяршыняў, якія непадуладныя маладому спецыялісту… Далей лёс занёс у горад на Няве, дзе Галіна Бурко сем год адпрацавала ў дзіцячым доме. Потым — вяртанне ў Беларусь, у Жабінку. Наступныя крокі: трэцяя школа, якая шмат у чым была першаю, а затым — пасада начальніка аддзела па адукацыі. Біяграфія сведчыць: кожная прыступка ў жыцці — уздым да новых гарызонтаў. Гэта чакае абавязкова і сённяшніх маладых. Бо, як гаворыцца, маладосць — недахоп, які праходзіць. Але яго энергія, дасягненні і нават пралікі гартуюць на ўсё жыццё.
Пасля лірычнага ўступу Галіна Бурко падзялілася планамі на будучыню. Не, не сваімі — адукацыйнымі. Па-першае, чакаецца рэкорд: упершыню ў гісторыі аддзел будзе заказваць ажно паўсотні маладых спецыялістаў. Звязана гэта з падзеяй, якую з нецярпеннем чакаюць многія жабінкаўцы: у горадзе будуецца новы дзіцячы сад, а для яго вельмі патрэбныя выхавальнікі. Па-другое, кадравы голад у адукацыі ёсць ужо зараз. Найперш неабходны настаўнікі пачатковых класаў, фізікі, матэматыкі. Таму нездарма сваю прамову Галіна Сцяпанаўна закончыла словамі: “Рада, маладыя спецыялісты, што вы прыехалі ў наш раён, упэўнена, што вы тут застаняцеся”.
Размову падхапіла Ніна Калыбская, якая таксама прыгадала, як пасля сельгасакадэміі ўладкавалася ў саўгас “Жабін-каўскі” і амаль адразу была абрана камсамольскім лідарам. Пэўны час Ніна Уладзіміраўна ўзначальвала ў раёне галіновы прафесійны саюз аграрыяў, а з 2015 года — раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Яна пазнаёміла маладых спецыялістаў з аргані-
зацыяй, спынілася на значэнні калектыўных дагавораў, праана-лізавала мінулагоднія анкеты, якія запаўнялі маладыя спецыялісты пасля працаўладкавання.
Людміла Валетава, якая ўзяла слова наступнай, асобна зася-родзілася на сацыяльных гарантыях, якія маюць маладыя спецыялісты. А Алеся Крупко расказала пра магчымасці, якія ёсць у Жабінцы, каб моладзь заставалася тут пасля адпрацоўкі. На першым месцы, бясспрэчна, жыллё. Таму Алеся Міхайлаўна пералічыла варыянты, якія дазваляюць атрымаць дах над галавою. Прынамсі, падрабязней спынілася на ўмовах арэнды жылля, пералічыла, што патрэбна, каб яго атрымаць, колькі гэта будзе каштаваць, пры якой умове арэндная кватэра застанецца за маладым спецыялістам нават пасля адпрацоўкі (яна простая і зразумелая: неабходна працягваць працаваць у сістэме адукацыі).
Ад імя маладых, у сваю чаргу, слова трымала настаўніца пачатковых класаў Кацярына ШАХАЛЕВІЧ, якая ўжо год адпрацавала ў СШ № 3 і вельмі ўдзячная педкалектыву, сваім маленькім вучням і іх бацькам.
На дыялогавай пляцоўцы, выбачайце за таўталогію, павінен быць дыялог. І ён атрымаўся, калі маладыя прасілі арганізаваць агульны прагляд новай кінастужкі ў “Юбілейным” і з’ездзіць у вольны час на экскурсію ў Лідскі замак. Усё гэта вельмі магчыма, калі вырашальныя нават больш складаныя пытанні. Так, маладая настаўніца з Ракітніцы Марыя КОРХАВА пацікавілася, што рабіць, калі не хапае матэрыяльнага абсталявання (кшталту мульцібордаў) для дэманстрацыі найноўшых медыйных тэхналогій. Адказ ад начальніка аддзела па адукацыі быў імгненным і пад Новы год асабліва прыемным: “Атрыманы новыя камп’ютары, якраз для СШ № 1 і Ракітніцкай школы, якія хутка перададзім па прызначэнні”.
…А завершым тым, чым пачы-налі: стаўце мэты перад сабой, рухайцеся да іх дасягнення і верце: усё атрымаецца. У любым узросце.
Наталля ЗАРЭЧНАЯ
Фота аўтара
На здымку: памятны здымак удзельнікаў дыялогавай пляцоўкі, арганізаванай для маладых педагогаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.