Па дарозе мы ідзём, альбо У чым знакі вінаватыя?

Летнім вечарам група юнакоў сабралася ў кафейнай каля чыгуначнага вакзала, каб выпіць ды пагаманіць. Пагуляўшы, разышліся. Тры дружбакі рушылі да заправачнай “Белнафтахім”, што на вуліцы Міру. Там знайшліся новыя знаёмыя, з якімі таксама пагаварылі, а пасля па вуліцы Францыска Скарыны пайшлі ў напрамку раённай бальніцы.
Як звычайна паводзяць сябе маладыя людзі, калі збіраюцца гуртам? У кампаніі час ад часу абавязкова знойдзецца ахвотнік пакуражыцца, паказаць сябе перад сябрукамі. У гэтай тройцы такім аказаўся Уладзіслаў М. Тым болей, што на падобны “подзвіг” клікала выпітае спіртное.
Тым часам маладзёны праходзілі міма магазіна “Свет падарункаў”, дзе размяшчаўся побач дарожны знак “Штучная няроўнасць”. Знак стаяў, як гаворыцца, нікога не чапаў. Ды вось толькі Уладзіку раптам захацелася пакружыцца вакол яго. Узяўшы знак адной рукою і выкарыстоўваючы як апору, юнак, нібы артыст у цырку, зрабіў тры абароты. Праўда, знак такіх маніпуляцый яўна не чакаў і крыху сагнуўся. Гэтак “Штучная няроўнасць”, выбачайце за каламбур, атрымала… штучную няроўнасць ад рук хулігана.
Думаеце, гэтым усё скончылася? Не, гэта быў толькі пачатак прыгод.
Пайшлі далей. Паблізу знака “Пешаходны пераход” з рук сябра выслізнуў Уладзікаў мабільны тэлефон. Экран разбіўся, і раззлаваны Уладзіслаў спагнаў усю злосць на… дарожным знаку. Хлопец схапіў яго дзвюма рукамі, хістаў з боку ў бок, а затым прыціснуў да зямлі. Тут Уладзікавы ўласныя страты лічыць не будзем, а для Жабінкаўскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі яны склалі 127 рублёў і 66 капеек.
Хлопцы падышлі да магазіна “Санта”, калі пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі, і Уладзіслаў аказаўся ў райаддзеле ўнутраных спраў. Ні следчым, ні ў судзе ён не адмаўляў сваёй віны. П’яная хуліганская выхадка падпадала пад частку 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса краіны і каштавала хлопцу 1450 рублёў (ён аштрафаваны на 50 базавых велічынь).
Хочацца верыць, што ў наступны раз Уладзіслаў моцна задумаецца, перш чым дакрануцца да дарожных знакаў. Бо яны, і праўда, ніколькі не вінаватыя ў тым, які ў цябе настрой — добры ці нехта сапсаваў яго, цвярозы ты альбо “падагрэты” спіртнымі парамі.
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.