Нават дробны дожджык не здолеў сапсаваць узнёсла-радасны настрой педагогаў, вучняў і іх бацькоў падчас лінейкі, прысвечанай першаму званку. Гэта на небе было пахмурна, а ў сэрцах — сонечна!
Першым да мікрафона запрасілі дырэктара навучальнай установы Аляксандра Кавальчука. Аляксандр Андрэевіч не толькі пажадаў вучням і педагогам поспехаў, але і выканаў, крыху адступіўшы ад святочнага сцэнарыя, прыемную місію. З яго рук Ганаровую грамату Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама атрымала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Леановіч.
Па добрай традыцыі ў Дзень ведаў школу-інтэрнат наведалі высокія госці: начальнік упраўлення Камітэта дзяржбяспекі па Брэсцкай вобласці Сяргей Гладышаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, начальнік Жабінкаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Сяргей Якаўчук, клірык Свята-Пакроўскага храма ў Жабінцы свяшчэннік Максім Волк.
Кожны знайшоў безліч цёплых і мудрых слоў, адрасаваных тым, каму ісці (і вясці!) па дарозе ведаў: выпускнікам — пажаданне зрабіць апошнія важныя крокі ў дарослы свет, дзевяці першакласнікам — цікавага і карыснага школьнага жыцця, а настаўнікам і выхавальнікам — разумення, цярпення ды пяшчоты.
А затым наступіў самы адказны і хвалюючы момант. Усе позіркі былі скіраваны на самых маленькіх і іх першую настаўніцу Ірыну Варабей, а яшчэ — на выпускнікоў. Паколькі і ў іх хвалюючы дзень: калі “першачкі” выйшлі сёлета на старт, дык гэтыя юнакі і дзяўчаты — на фінішную прамую. Па традыцыі адзінаццацікласнікі перадалі самым юным кнігу “Беларусь — наша Радзіма”, звярнуліся да найменшых школьнікаў з наказам на дарогу.
Ганаровае права даць першы сімвалічны званок было прадастаўлена Сяргею Церашчуку і першакласніцы (на здымку). А затым перад усімі расчыніліся школьныя дзверы з лаканічным надпісам: “ДОБРО ПОЖАЛОВАТЬ”.
Верым: дабро сапраўды ўвайшло ў гэтыя дзверы.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
