“Падыходы да адукацыі трэба мяняць”

Настаўнік біялогіі дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 2 Жабінкі” Таццяна ЯРМАЛОВІЧ:

— Рэспубліканскі педсавет — гэта вялікая дыялогавая пляцоўка для прадстаўнікоў сістэмы адукацыі краіны. Мне выпаў вялікі гонар удзельнічаць у дадзеным мерапрыемстве. Асаблівую значнасць педагагічнай нарадзе рэспубліканскага маштабу, безумоўна, надае асабісты ўдзел у ёй кіраўніка дзяржавы.
На педсавеце былі вызначаны перспектыўныя накірункі развіцця адукацыі, такія як: змены і дапаўненні, якія прадугледжвае новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, падыходы да атэстацыі навучэнцаў, змест адукацыйнага працэсу, удасканаленне падрыхтоўкі педагагічных кадраў.
Падчас педагагічнай нарады працавалі 12 дыялогавых пляцовак. Я прымала ўдзел у секцыі, дзе абмяркоўвалася асобаснае развіццё навучэнцаў у адукацыйным працэсе. Мы гаварылі пра асноўныя накірункі развіцця сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі, канцэптуальныя падыходы да развіцця сярэдняй адукацыі, сучасныя навучальныя дапаможнікі і сучаснае навучальнае абсталяванне для павышэння якасці адукацыі. Абмяркоўваўся на секцыі і пераход да абавязковай сярэдняй адукацыі, уключэнне асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў адукацыйны працэс, а таксама сістэма незалежнай атэстацыі навучэнцаў — увядзенне з 2023 года ў 11 класе Нацыянальнага дзяржаўнага экзамену. Ішла гаворка і пра забеспячэнне належнага ўзроўню бяспекі ўстаноў адукацыі. Так, на сённяшні дзень усім нормам бяспекі адпавядае толькі адна школа ў нашай краіне, якая знаходзіцца ў Гомелі.
Педагогаў таксама цікавіла пытанне арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах эпідсітуацыі, што склалася па каранавірусе. Звярталася ўвага на выкарыстанне Адзінага адукацыйнага рэсурсу, які быў зроблены для школьнікаў як дадатак да адукацыйнага працэсу і ў стварэнні якога я таксама брала ўдзел. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў сваёй размове з педагогамі ўхваліў стварэнне дадзенага сродку навучання. У далейшым будзе весціся работа па перакладзе яго на беларускую мову.
На Рэспубліканскім педсавеце быў закрануты шырокі спектр пытанняў, галоўныя з якіх — выхаванне падрастаючага пакалення, супрацоўніцтва сям’і і школы. Для мяне як класнага кіраўніка гэтыя тэмы найбольш актуальныя.
На педагагічнай нарадзе выказваліся розныя меркаванні, але ўдзельнікі былі адзіныя ў меркаванні: падыходы да адукацыі і выхавання трэба мяняць.
Запісала Наталля ВАЛОШКА

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.