Выкананне заканадаўства — у прыярытэце прафсаюзаў
Штогод у лютым або сакавіку на Жабінкаўшчыне працуе рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У час гэтых маніторынгаў прафсаюзныя спецыялісты з абласнога аб’яднання і рэспубліканскіх камітэтаў ФПБ наведваюць прадпрыемствы і арганізацыі раёна, каб высветліць, наколькі выконваецца ў іх заканадаўства і калектыўныя дагаворы. Не стане выключэннем і гэты год. Ужо вызначана, што чацвёртая рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы ФПБ наведае шэраг устаноў і прадпрыемстваў нашага раёна 25 сакавіка.
Адначасова адбудзецца семінар-нарада з удзелам прадстаўнікоў прафсаюзаў і мясцовых улад.
І настаўнік, і даследчык
Настаўнік геаграфіі вышэйшай катэгорыі другой гарадской школы Вольга Дудар прыняла ўдзел у
ІІ Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі “Экалагічная адукацыя і ўстойлівае развіццё, стан, мэты, праблемы і перспектывы”. Яе даклад і прэзентацыя “Навукова-даследчая дзейнасць па вучэбным прадмеце “Геаграфія” як эфектыўны шлях дасягнення мэтаў устойлівага развіцця” апублікаваны ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі.
Чаму «вучыць» цукар?
Супрацоўнікі Жабінкаўскага РАНС працягваюць работу па фарміраванні культуры бяспекі жыццядзейнасці ў насельніцтва. Адна з формаў — размяшчэнне сацыяльнай рэкламы на таварах народнага спажывання. Група прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС актыўна супрацоўнічае з суб’ектамі гаспадарання раёна. Напрыклад, ужо рэалізоўваецца прадукцыя цукровага завода з рэкламай супрацьпажарнай скіраванасці “Пры надзвычайнай сітуацыі тэлефануйце 101 або 112. Гэта павінен ведаць кожны!”. Тыраж — 208 тысяч пакетаў цукру на гандлёвых аб’ектах раёна, вобласці і рэспублікі ў цэлым. Нестандартныя падыходы да пытанняў навучання насельніцтва знаходзяць водгук у жабінкаўцаў.
Узнагароды за крэатыў і творчасць
Дыплом другой ступені заваявала выхаванка Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ульяна Дырман. Яна прыняла ўдзел у Міжнародным конкурсе фатаграфіі, дэкаратыўнай і выяўленчай творчасці. Поспех прынесла работа “Зімовая казка”. Дзяўчынка навучаецца ў Алесі Тарбеевай. Педагог школы была адзначана сертыфікатам за падрыхтоўку прызёра.
Для вучняў школы стаў плённым удзел у Міжнародным конкурсе мастацтваў “Ільвяня запрашае сяброў”. У намінацыі “Інструментальнае выканальніцтва” (узроставая катэгорыя 9-10 гадоў) дыплом II ступені атрымаў дуэт акардэаністаў Лізаветы Гарохавай і Лізаветы Мартынавай. Настаўнік дзяўчынак — Вікторыя Шаўчук, ёй таксама перадалі ўзнагароду за высокае педагагічнае майстэрства. Дыпломам удзельніка ў той жа намінацыі і ўзроставай катэгорыі заахвоцілі цымбалістку Злату Кароўкіну.
Добрая справа для птушак
Надышла вясна, але ж птушкам яшчэ цяжка знайсці пражытак. На дапамогу крылатым сябрам прыходзяць людзі, якія ладзяць кармушкі. У Ленінскай школе экалагічная акцыя “Падтрымаем птушак” доўжыцца не толькі зімой, але й увесь сакавік. Хлопчыкі і дзяўчынкі разам з бацькамі змайстравалі “сталоўкі” рознай формы. Спачатку яны крыху пакрасаваліся на выставе ў школе, а потым занялі свае месцы на вуліцы. Не забывайцеся, што і ўвесну птушкам патрэбны нашыя добрыя справы!
ДТЗ на Жабінкаўшчыне
Шостага сакавіка а 19-й гадзіне вадзіцель Г. кіраваў аўтамабілем “Мерсэдэс-Бэнц” і рухаўся па аўтадарозе Н-359 Вялікая Турна Брэсцкага раёна—Пелішчы—Стрэлі Камянецкага раёна. На шостым кіламетры з боку вёскі Вялікая Турна ў напрамку Пелішчаў у Жабінкаўскім раёне з’ехаў у кювет і ўрэзаўся ў дрэва. У выніку дарожна-транспартнага здарэння кіроўца атрымаў цялесныя пашкоджанні, з якімі быў дастаўлены ў цэнтральную раённую бальніцу.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
