Кліча зябліва аратых

Пад’ём зябліва — неад’емная частка поспеху атрымання добрага ўраджаю. У ААТ “Жабінкаўскі” неабходна падрыхтаваць з восені каля 1200 гектараў глебы. З гэтай задачай, безумоўна, справяцца механізатары Руслан Лукашык і Андрэй Кузнец. Абодва працуюць на магутных “Джон Дзірах”, аснашчаных васьмікорпуснымі плугамі.
— Вось ужо 15 гадоў я рыхтую глебу, сею, убіраю салому і сена з палёў, — кажа механізатар Андрэй Кузнец. — Бывае, сядаю за руль камбайна, аднак з усіх палявых работ мне найбольш даспадобы ворыва. Падабаецца пах свежаўзаранай глебы: гэты водар ні з чым не параўнаць. Мабыць, любоў да зямлі-карміцелькі і жаданне працаваць на ёй дасталіся мне ад бацькі і дзеда. Яны ўсё жыццё рупіліся ў калгасе, мелі працоўныя ўзнагароды. Сын Павел, думаецца, працягне нашу дынастыю — сёлета стаў студэнтам Пружанскага сельгаскаледжа, вучыцца на механіка. Малодшыя дзеці-блізняты пакуль не вызначыліся з будучай прафесіяй, аднак сялянскай працы не цураюцца, на падворку дапамагаюць, тэхнікай цікавяцца. Памочнікі растуць!
Андрэй Анатольевіч ахвотна расказвае пра свае працоўныя будні:
— Пачалі паднімаць зябліва ў мінулую суботу. Падрыхтаваў пад сяўбу ўчасткі ворыва ля Абрамавічаў, Сенькавічаў, Салеек, Зеленкаўшчызны. Калі плошчы вялікія, то паспяваю ўзараць да 30 гектараў у дзень. Калі ж трапляюцца “лапікі” каля меліярацыйных каналаў, апор ліній электраперадачы, якія даводзіцца абыходзіць, то, зразумела, паспяваю крыху менш. У полі з раніцы да гадзін сямі вечара — пакуль надвор’е стаіць добрае, хочацца паспець як мага больш. Восень — работ восем. Зіма надыдзе, снегам палі засыпле, тады і адпачнем. А пакуль — зябліва кліча.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.