Падарожжы з музейным чамаданчыкам

Падарожжы з музейным чамаданчыкам

Захавальнікі памяці — гэтак часам называюць не толькі музеі, але і іх супрацоўнікаў, якія штогод 18 мая па ўсім свеце адзначаюць сваё свята. У гэты дзень, калі музейныя дзверы не зачыняюцца нават ноччу, звычайна ладзяцца крэатыўныя дабрачынныя імпрэзы. Сённяшнія тэхналогіі (пакуль сусветна вядомыя сховішчы зачынены для турыстаў) дазваляюць віртуальна пакрочыць па залах Луўра, Эрмітажа або Ватыканскай бібліятэкі. А мы запрашаем у своеасаблівае анлайн-падарожжа ў найстарэйшы школьны музей раёна, які месціцца ў СШ № 1.

Стваральнік і яго прадаўжальнікі

Любая справа трымаецца на аматарах. Менавіта такім быў Аляксандр Гогалеў. Былы партызан, настаўнік-гісторык школы, якая яшчэ не мела нумара, паколькі была адзінай у Жабінцы, праз дзесяць гадоў пасля заканчэння вайны стаў клапаціцца пра захаванне памяці аб тых, хто змагаўся на франтах і ў тыле. Аляксандр Паўлавіч заснаваў школьны гурток, які збіраў матэрыялы для будучага мемарыяльнага пакоя. Настаўнікам і яго вучнямі былі адноўлены многія славутыя імёны, створана цікавая экспазіцыя, вялася вялікая даследчая работа. За тое гурток быў узнагароджаны двума дыпломамі І ступені Міністэрства асветы Беларускай ССР, а сам музей — трыма. Важнай датай стала 16 снежня 1981 года, калі мемарыяльнаму пакою ў СШ № 1 было нададзена званне “Школьны музей”. У тыя часы невялікі пакойчык стаў сапраўдным цэнтрам патрыятычнага выхавання. Яго наведалі больш за 50 тысяч школьнікаў не толькі нашага раёна, але і вобласці, прыязджалі госці нават з іншых рэспублік. У няпростыя 90-я гады, калі большасць школьных музеяў спыніла сваё існаванне, жабінкаўскі выжыў, а з прыходам у школу краязнаўца Мікалая Міцковіча набыў новае жыццё, калі прыкметна пашырыліся мемарыяльныя экспазіцыі. Пазней пра музейны пакой клапаціліся настаўнікі Наталля Созінава, Кацярына Чарнагузава, Людміла Шэйка, зараз яго ўзначальвае Таццяна Данілюк. На чале савета музея дзесяцікласнікі Вікторыя Мацюхевіч і Павел Яцук. Іх вопыт пераймаюць юныя экскурсаводы з 7 “А”. Сённяшняе пакаленне музейшчыкаў працягвае справы, закла-дзеныя папярэднікамі, зберагае раней сабраныя скарбы, папаўняе экспазіцыі новымі цікавымі гістарычнымі фактамі. Экспанаты час ад часу “падарожнічаюць” па класах, калі праводзіцца акцыя “Музей у чамадане” (на здымку).

Ад самых вытокаў

Распачынаецца знаёмства з раздзела “За сівою дымкаю стагоддзяў”, які распавядае пра стан нашай зямлі ў сярэднім палеаліце, з’яўленне тут індаеўрапейцаў, у прыватнасці балтаў, якія прынеслі многія геаграфічныя назвы, у тым ліку рэчак Жабінка і Жыцінка.

Наступны раздзел экспазіцыі — “Радзімы куток” — знаёміць наведвальнікаў з прыроднымі асаблівасцямі раёна і часамі, калі ў эпоху мезаліту адбывалася паступовае засяленне Жабінкаўшчыны першабытнымі людзьмі. Свае сляды яны пакінулі ў выглядзе каменных прылад працы, прадстаўленых у экспазіцыі. Тут можна даведацца пра старажытныя стаянкі каля Пятровічаў, Філіпавічаў, Старога Сяла. Аб надыходзе жалезнага веку, калі метал навучыліся здабываць з балотнай руды, сведчыць назва вёскі Рудка. Адначасова ў Пабужжа прыйшлі дрыгавічы, якія ў напамін пакінулі 47 курганоў у Старасельскім лесе, паблізу Мышчыцаў і Хадасоў.

Славутыя землякі

Жабінкаўшчына ганарыцца сваімі землякамі. Зорка першай велічыні — нацыянальны герой Польшчы, ЗША і Беларусі, ганаровы грамадзянін Францыі Тадэвуш Касцюшка. З 2002 года асобны раздзел у пакоі распавядае пра слыннага нараджэнца нашай зямлі і старажытны род Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.
Асобны стэнд прысвечаны яшчэ аднаму выбітнаму жабінкаўцу, герою грамадзянскай вайны камкору Маркіяну Германовічу, які нарадзіўся восенню 1895 года ў Дзяменічах. Ягонае жыццё трагічна абарвалася ў сумна вядомым 1937 годзе, калі быў знішчаны ўвесь цвет Чырвонай Арміі. Гэта трагічна паўплывала на пачатак вайны, якая выбухнула 22 чэрвеня 1941 года.

Выпрабаванне сілы і мужнасці

Цэнтральнае месца займае тэма Вялікай Айчыннай вайны. Гэта самая старая частка пакоя, з якой пачынаўся музей. Тут расказваецца пра акупацыйны рэжым, спаленую карнікамі 11 верасня 1942 года вёску Драмлёва, вызваленне Жабінкі і воінаў-землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Асобна вылучым матэрыялы, прысвечаныя Старасельскаму атраду, які з чэрвеня 1943 года насіў імя Міхаіла Чарнака. У экспазіцыі шмат рэчаў і дакументаў, якія сведчаць пра баявыя дзеянні салдат і партызанаў. Экскурсавод заўсёды стараецца працягнуць ланцужок з мінулых часоў у сённяшні дзень.

Гучаць галасы, абарваныя на ўзлёце

Не забыты і яркі паэтычны голас паэта з вёскі Федзькавічы Васіля Гадулькі. Згадваецца, што адкрыла ягоны талент “Сельская праўда”, калі ў 1986-м упершыню надрукавала Васілёў верш. Пазней былі “Заря”, “ЛіМ”, літзборнікі “Дзень паэзіі”, часопіс “Нёман”. Паэт пражыў нядоўгае жыццё, але застаўся ў сваіх творах, якія можна знайсці ў экспазіцыі.
Яшчэ чатыры галасы змоўклі ў 80-я гады, але памяць пра іх захоўваецца ў раздзеле “Воіны-інтэрнацыяналісты”. Ён завяршае экскурсію. Больш за 700 беларускіх хлопцаў загінула на Афганскай вайне. Іх памяць увекавечана на “Востраве слёз”, у многіх помніках, у тым ліку ў цэнтры Жабінкі. Жабінкаўскі мемарыял знаходзіцца зусім недалёка ад першай гарадской школы. А ў яе музеі можна даведацца падрабязнасці жыцця і смерці землякоў-афганцаў — Валерыя Мігеля і Васіля Дудара, Мікалая Мароза і Сяргея Грудніцкага.
Неаднойчы чуў ад настаўнікаў першай гарадской школы, што дзверы іх гісторыка-краязнаўчага музея заўсёды расчынены перад гасцямі, а экскурсіі нікога не пакідаюць абыякавымі. Мемарыяльны пакойчык і сябры гуртка “Юныя экскурсаводы” чакаюць дабрачынцаў-спонсараў, каб развівацца далей.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top