Начальнік аддзела па аказанні страхавых паслуг па Жабінкаўскім раёне прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Камянецкім раёне Таццяна Руцюк трыццаць тры гады працуе ў роднай арганізацыі, з іх амаль дзесяць — на пасадзе кіраўніка. На Жабінкаўшчыну прыехала паводле размеркавання, дый так і засталася тут, у краі, што стаў другой радзімай і які шчыра любіць.
Жабінка — мілы сэрцу гарадок
Родам Таццяна Якаўлеўна з Івацэвіцкага раёна. Тут скончыла Косаўскую дзесяцігодку, потым вучылася ў Маларыцкім кааператыўным вучылішчы. Маладога спецыяліста накіравалі на працу ў Жабінку. Прафесійную дзейнасць пачынала прадаўцом ва ўнівермагу і завочна атрымлівала веды ў Гродзенскім гандлёва-эканамічным тэхнікуме. Наш райцэнтр стаў для Таццяны Руцюк не толькі горадам, дзе пачалася яе працоўная біяграфія, але й месцам, дзе сустрэла сваю другую палавінку і стварыла шчаслівую сям’ю. З будучым мужам Сяргеем пазнаёмілася ў гарадскім Доме культуры — у 80-я моладзь актыўна наведвала дыскатэкі. Хлопец прыкмеціў Таццяну, якая прыходзіла ў ГДК разам з сяброўкамі, і аднойчы запрасіў яе на танец, які і стаў пачаткам іх адносінаў і кахання. Амаль год маладыя людзі сустракаліся, а потым згулялі вяселле — шумнае, вясёлае, з вялікай колькасцю гасцей. Святкавалі і на радзіме ў Таццяны, у Івацэвіцкім раёне, і ў Жабінцы — родным горадзе Сяргея. Руцюкам пашчасціла двойчы стаць бацькамі — сваім з’яўленнем на свет парадавалі дачушкі Наталля ды Вольга.
Пачынала з інспектара
Да 1986 года працоўная дзейнасць Таццяны Руцюк была звязана з гандлем, далей і па сённяшні дзень — з Дзяржстрахам. Як жа сталася, што змяніла прафесію? Як заўсёды ролю адыграў яго вялікасць выпадак. Па суседству з Руцюкамі жыў тагачасны начальнік інспекцыі Дзяржстраху па Жабінкаўскім раёне Сцяпан Крывецкі, ён і прапанаваў Таццяне пасаду інспектара, якая вызвалілася. Новага супрацоўніка калектыў сустрэў цёпла. З былых калег, якія дзяліліся вопытам, раілі, падказвалі, сваімі настаўнікамі Таццяна Руцюк лічыць галоўнага інспектара Кацярыну Селіванюк і галоўнага бухгалтара Марыю Дзмітрук. Як інспектар, Таццяна Якаўлеўна кантралявала работу агентаў, вяла страхаванне ў сельгасарганізацыях, маёмасці прадпрыемстваў, праводзіла рэкламную работу. Яе далейшы кар’ерны рост складваўся паспяхова: працавала галоўным інспектарам, спецыялістам, вядучым спецыялістам, начальнікам сектара страхавання. З 1 красавіка 2010 года, калі адбылося аб’яднанне з Каменцам, і па сённяшні дзень займае пасаду начальніка аддзела па аказанні страхавых паслуг па Жабінкаўскім раёне прадстаўніцтва Бел-дзяржстраху па Камянецкім раёне. Яе шчырая праца і адказнае стаўленне да прафесійных абавязкаў неаднойчы адзначаліся ганаровымі граматамі і падзякамі райвыканкама, Белдзяржстраху.
Раней і цяпер
У размове Таццяна Руцюк успомніла, што калі толькі прыйшла ў Дзяржстрах у далёкія 80-я, работнікі карысталіся лічыльнікамі, апрацоўка інфармацыі вялася ўручную, і была адна на ўсіх друкавальная машынка, на якой працавалі па чарзе.
У інспекцыі на той час мелася 14 страхавых агентаў, якія свае ўчасткі аб’язджалі на веласіпедах. Дый відаў страхавання тады не так ужо і шмат было, іх колькасць расла паступова. Да прыкладу, у 2005 годзе іх налічвалася 47, зараз — каля сотні, з якіх 74 — добраахвотныя.
Як вядома, час уносіць свае карэктывы ў работу. Цяпер многія страхавыя агенты самі кіруюць аўтамабілямі, маюць тэрміналы, таму разлічыцца за паслугі можна карткай. У хуткім часе Белдзяржстрах забяспечыць іх камп’ютарнай тэхнікай, што ўстановяць дома, і з яе дапамогай стане зручней афармляць страхавыя полісы.
Але які б час ні стаяў на дварэ, якасці, якімі павінен валодаць страхавы агент, застаюцца нязменнымі: камунікабельнасць, так-тоўнасць, індывідуальны падыход да кожнага кліента.
Страхаванне добраахвотнае і абавязковае
Падчас размовы Таццяна Руцюк агучыла некаторыя лічбы. Так, за дзесяць месяцаў бягучага года па раёне страхавымі агентамі заключана з насельніцтвам каля 8 тысяч дагавораў. Традыцыйна жабінкаўцы страхуюць кватэры, збудаванні і маёмасць. Набірае абароты страхаванне наземных транспартных сродкаў АЎТАКАСКА, а таксама турыстаў. Што тычыцца апошняга, то ў адным полісе можна застрахавацца ад усемагчымых рызык падчас знаходжання за мяжой. Напрыклад, ад няшчаснага выпадку, страты або пашкоджання кватэры, нанясення шкоды маёмасці — суседзі затапілі вас або, наадварот, вы іх. З 2004 года існуе абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў. Сёлета з 1 верасня паводле 175 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у яго ўнесены змены, згодна з якімі ўдзельнікам ДТЗ не абавязкова выклікаць ДАІ, калі шкода, нанесеная пацярпеламу аўтамабілю, ацэньваецца імі не больш за 800 еўра. Карыстаецца попытам у насельніцтва добраахвотнае страхаванне медыцынскіх расходаў.
Багацце калектыву — людзі
З цеплынёй гаворыць Таццяна Руцюк пра калектыў, які ўзначальвае, пра былых калег і ветэранаў. Шмат гадоў рупяцца ў Белдзяржстраху страхавыя агенты Любоў Ястрабкова, Марыя Блоцкая, Ганна Буракіна, Алена Місюк і Алена Курыльчык. Доўгі час працавалі ў арганізацыі спецыялісты Ніна Кажамяка і Валянціна Дулевіч, страхавы агент Лілія Мяснікова, больш за дзесяць гадоў калектыў узначальваў Лявонцій Якімец, а Валянціна Лазоўская застаецца ў працоўным страі і цяпер.
Цёплыя словы віншавання з Днём страхавых работ-нікаў Таццяна Руцюк адрасуе сваім сённяшнім і былым калегам. Зычыць поспехаў ва ўсім, сямейнага дабрабыту, моцнага здароўя, радасці і пазітыву ад кожнага дня.
Прафесійнае свята яна адзначыць разам з калектывам, а таксама ў кругу сям’і — з мужам, дочкамі, зяцямі і ўнукамі, якіх у жанчыны трое. На святочным стале абавязкова будзе яе фірменны торт “Мядовік”.
Вядомае выказванне “Нішто ў жыцці не здараецца выпадкова” найлепшым чынам падыходзіць да Таццяны Руцюк. Па волі лёсу яна апынулася на Жабінкаўшчыне, тут знайшла сваё жаночае шчасце, любімую работу. У адказ Таццяна Якаўлеўна плаціць адданасцю і шчырай любоўю да гэтага краю.
Алёна НІКАНЧУК
Фота аўтара
На здымку:Таццяна РУЦЮК (у цэнтры) са спецыялістамі Ганнай АЎДЗЕЙЧЫК, Карынай ГАЛАВЕЙКА і Аляксеем КІРЫЛЮКОМ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
