Не крадзі ў сябе

У народзе даўно ўжо прызнана: калі крадзеш там, дзе працуеш, — гэта ўсё адно, што абкрадваеш сам сябе. Тым не менш, некаторыя людзі гатовы сцягнуць з роднага прадпрыемства ўсё, што толькі змогуць. Вось адзін прыклад.
Была пятніца, канец рабочага тыдня. Нашы героі Віталь Д. ды Дзмітрый Б. працавалі на камбікормавым заводзе. Хлопцы рашылі адзначыць выхадныя, што набліжаліся. Сабраліся ў знаёмага Уладзіміра К. Калі яны прыйшлі да Валодзі, гаспадара дома яшчэ не было. Вырашылі, мабыць, чаго час дарэмна марнаваць? Ды і пачалі распіваць прынесенае спіртное.
Прымаючы чарговую порцыю напою, Дзмітрый паведаміў, што ў двары завода ён бачыў шмат мяхоў. Калі ў іх камбікорм, дык можна ж добра пажывіцца… Не, Віталь не адмахнуўся ад гэтай спакуслівай задумы прыяцеля, наадварот цалкам быў згодны далучыцца да “камбікормавай справы”. Таму ў хуткім часе сябрукі рушылі, так бы мовіць, на “промысел”.
Пад навесам каля дэпо ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” сапраўды ляжала шмат мяшкоў. Удзельнікі “рэю” абачліва пераканаліся, што ў іх камбікорм, ды сталі пераносіць іх бліжэй да варотаў. Пакуль шчыравалі-працавалі (калі гэта працай назавеш!), раптам заўважылі: па заводскай тэрыторыі ходзіць супрацоўнік міліцыі. Сустрэча з чалавекам у пагонах у іх планы зусім не ўваходзіла, і хлопцы, перабраўшыся цераз вароты, пакінулі заводскі двор, каб дачакацца, калі той пойдзе, і зноў узяцца за крымінальную справу.
Дапілі астатняе спіртное. Апоўначы, прыхапіўшы Валодзеў веласіпед, пайшлі перавозіць падрыхтаваныя мяхі. Гора-сябрукі не ведалі, што не толькі яны заўважылі міліцыянера, але і іх прыкмецілі, і цяпер у засадзе чакалі, каб затрымаць злодзеяў на месцы злачынства.
Хлопцы зрабілі ўжо пяць паездак да двара Уладзіміра К., дзе яны пакідалі прывезеныя мяшкі, калі праваахоўнікі вырашылі іх затрымаць. Як потым падлічылі, зламыснікі паспелі прынесці роднаму прадпрыемству стратаў амаль на 960 рублёў, ды вось пакарыстацца нарабаваным не змаглі…
Віталь і Дзмітрый селі на лаву падсудных. Пры назначэнні пакарання ўлічваліся акалічнасці справы і асобы абвінавачваемых: чыстасардэчнае раскаянне ў здзейсненым, станоўчыя характарыстыкі з месца працы. Тым больш абодва яны да крымінальнай адказнасці прыцягваліся ўпершыню, маюць пастаяннае месца работы. Суд прыйшоў да высновы, што мэты крымінальнай адказнасці могуць быць дасягнуты без ізаляцыі вінаватых ад грамадства пры назначэнні ім пакарання ў выглядзе выпраўленчых работ.
На аснове часткі 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь раённы суд назначыў Віталю Д. і Дзмітрыю Б. пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ на тэрмін у два гады з утрыманнем 20 % заробку на карысць дзяржавы.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда