“Іл-2” паўстаў на Кургане Славы

“Іл-2” паўстаў на Кургане Славы

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Курган Славы — святое месца для Беларусі, памятка пра мужнасць герояў Вялікай Айчыннай. Напрыканцы жніўня намаганнямі айчынных прафсаюзаў тут паўстаў на пастамент легендарны штурмавік “Іл-2”.

ЦЫРЫМОНІЯ АДБЫЛАСЯ роўна праз 75 гадоў, як завяршылася аперацыя “Баграціён”. Тая самая, што прывяла да вызвалення нашай зямлі ад варожай навалы.
З гэтай прычыны 29 жніў-ня і ладзіўся ўрачысты цырыманіял. Нагадаем, добраўпарадкаваннем і рэканструкцыяй Кургана Славы прафсаюзы займаюцца вось ужо 15 гадоў. Сёлета — адзін з найбольш запамінальных і яркіх крокаў у гэтай справе.
З ініцыятывай папоўніць экспазіцыю баявой тэхнікі пад адкрытым небам менавіта гераічным “лятаючым танкам” выступіла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Па ўсёй краіне на высакародную справу выдаткоўваліся дабрачынныя сродкі (да слова, не заставаліся ўбаку і прафсаюзныя арганізацыі Жабінкаўшчыны).
Работу па пошуку, рэстаўрацыі і ўстаноўцы штурмавіка каля падножжа Кургана Славы сябры Федэрацыі вялі больш за паўгода. З удзелам маладых архітэктараў была распрацавана ўнікальная канструкцыя стэлы, з якой павінен быў “узлятаць” “Іл”, уладкавана арыгінальная сістэма асвятлення, каб самалёт выглядаў яшчэ больш выразна. Асноўныя фрагменты баявой машыны адшукаліся ў Ленінградскай вобласці, асобныя часткі — пад Ржэвам, дзе ў вайну ішлі шматлікія крывавыя баі з удзелам “Ілаў”. Ёсць і дэталі, зной-дзеныя на беларускай зямлі, пад Віцебскам. (Удзел штурмавікоў у вызваленні нашай краіны цяжка пераацаніць і праз дзесяцігоддзі).
У дзень адкрыцця помніка ў мемарыяльны комплекс, размешчаны паблізу сталіцы, завіталі старшыня ФПБ Міхаіл Орда, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, міністр унутраных спраў Юрый Караеў, лідары грамадскіх арганізацый.
Як толькі ўпала сім-валічная заслона, перад гасцямі свята паўстаў велічны “Іл-2”, якому цяпер суджана высока ўзносіцца над чарадой баявых танкаў. З асаблівым адчуваннем успрыняў гэты трапяткі момант сын ваеннага лётчыка, двойчы Героя Савецкага Саюза Леаніда Бяды, названы ў гонар бацькі таксама Леанідам. Калі была абвешчана хвіліна маўчання, нібыта ў памятныя агнявыя гады, першымі падняліся ветэраны Вялікай Айчыннай, якіх, на жаль, застаецца ўсё менш сярод нас.
Пасля канцэртнай праграмы, названай сімвалічна “Крылы Перамогі”, да п’едэстала ляглі кветкі. Адкрыццё помніка з легендарным самалётам “Іл-2” стала адным з завяршальных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-годдзя вызвалення Беларусі. І адначасова яно дало старт святкаванню юбілею Вялікай Перамогі. Паколькі менавіта поспех аперацыі “Баграціён” даў магчымасць Чырвонай Арміі пачаць пераможны шлях па краінах Заходняй Еўропы. А скончыўся ён, як вядома, безагаворачнай капітуляцыяй ворага ды пераможным чырвоным сцягам, узнятым над Рэйхстагам.
На здымку: месца вакол штурмавіка “Іл-2” стала 29 жніўня пляцоўкай для канцэрт-най праграмы “Крылы Перамогі”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top