Як у Слоніме Слова віталі

Як у Слоніме Слова віталі

Восень вось ужо ў 26-ы раз распачалася ў нашай краіне Днём беларускага пісьменства. Гэта ўжо добрая традыцыя, “настоеная” на часе, так бы мовіць выпрабаваная ім. Зараз горадам, што вітаў прыгожае роднае Слова, стаў Слонім.

РАНЕЙ, ЯШЧЭ ў студэнцкія гады, даводзілася бываць у Слоніме часта, ды кожны раз праездам, хвілінна. Як прыйшла чарга выступаць на пляцоўцы “Слова пісьменніка”, прыгадаў і такі каларытны выпадак з ранейшых часоў.
…У аўтобусе ехаў бацька-міліцыянер з малым сынам. Той (бачна — яшчэ дашкольнік, але ўжо пісьменны) раптам пабачыў шыльду з накірункам на Слонім, дый “уключыў капрызку”: “Хачу ў Слонім! У Сло-нім!” Бацька, чырванеючы, стаў угаворваць: “Нам далей трэба… Навошта табе той Слонім?!”. Тут хлапчаня і патлумачыў, развесяліўшы пасажыраў: “Там шмат маленькіх слонікаў. Хачу ў Слонім!”.
Запраўду, відаць, вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна: праз трыццаць ды тры гады і мне вельмі захацелася пабываць там, куды накіроўвала падарожных даўно ўжо абноўленая шыльда. Бо 1 верасня Слонім стаў чарговай сталіцай Дня айчыннага пісьменства.
На шляху дэлегацыю бера-сцейскіх літаратараў, якую ўзначальвала старшыня абласной суполкі Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідрвіч, чакаў яшчэ адзін важны, сапраўды духоўны прыпынак. Паколькі недалёка ад горада, у Жыровічах, месціцца вядомы далёка за межамі краіны мужчынскі манастыр. Вось ужо паўтысячагоддзя, як на гэтым месцы гучаць штодзённа малітвы ды цягнуцца да святыні вернікі. Для ты, хто валодае пяром, гэта і напамін, што адсюль здаўна “ззяе сваімі промнямі асвета”, бо Слова, якое па біблейскіх канонах ёсць Бог, прамаўляецца за манастырскімі сценамі з асаблівай павагай ды пішацца найчасцей з вялікай літары. Сябры-пісьменнікі згадвалі і пра хуткі юбілей: праз лічаныя месяцы споўніцца 550 гадоў з таго моманту, як з’явіўся славуты Жыровіцкі абраз Божай Маці. Ён зусім маленькі, з кулачок дзіцяці, але ж — і ў тое вераць вельмі многія — мае вялікую цудадзейную сілу. Ніяк нельга было абмінуць сустрэчу з такой старадаўняй рэліквіяй, да якой доўгай чарадой ідуць людзі. Ра-зам з тым гэта стала і прыгожым запамінальным пачаткам свята, што чакала ў Слоніме.
Сваімі вытокамі горад сягае ў ХІІІ стагоддзе, але да гэтага дня, вядома, пахарашэў, прымаладзіўся. Берасцейцы, са свайго боку, з гонарам шматкроць нагадвалі, што іх родны горад над Бугам яшчэ старэйшы. І зусім не для таго, каб пахваліцца, а выключна дзеля гістарычнай праўды. Ужо 5-7 верасня Брэст юбілейны адзначае сваё 1000-годдзе. Таму нам і давялося пэўным чынам стаць “пасланцамі” ад свята, што прайшло ў Слоніме, да не менш маштабнага, якое вось-вось адбудзецца на берагах Мухаўца і Заходняга Буга.
Берасцейскія пісьменнікі, вядома ж, не маглі застацца ўбаку ад такой значнай падзеі. Пэўным чынам гэта стала візітоўкаю кожнага, хто падыходзіў да мікрафона.
Першым слова далі аднаму з найстарэйшых сяброў Брэсцкай пісьменніцкай арганізацыі Георгію Тамашэвічу. Сёлетні год для Георгія Сцяпанавіча асветлены адразу двума значнымі юбілеямі: уласным (днямі майстар слова адсвяткаваў 80-годдзе) і, так бы мовіць, усеагульным, прымеркаваным да 1000-годдзя горада над Бугам.
На старонках каляровага літаратурна-мастацкага выдання “Анёл над Брэстам”, створанага Тамашэвічам, прадстаўлены вянок санетаў — паэтычнае прысвячэнне гораду-юбіляру. Для кожнага, хто валодае рыфмаваным словам, гэта вяршыня творчасці. Таму паэтычную працу Георгія Сцяпанавіча калегі па пяру і чытачы сустракалі гарачымі апладысментамі.
А вось кніга “Брэст. Хра-налагічны даведнік” пісьменніцы Зінаіды Дудзюк нарадзілася, каб распавесці пра галоўныя гістарычныя падзеі, якія ад сівой старажытнасці да цяперашніх дзён уплывалі і дасюль уплываюць на існаванне старажытнага горада, жыццё, у тым ліку творчае, ягоных жыхароў. Асобна Зінаіда Іосіфаўна расказала пра стварэнне кнігі-нарыса “Леў”, прысвечанага выбітнаму дзеячу беларускага Адраджэння Льву Сапегу. І гэта зусім нездарма, паколькі лёс славутага канцлера (а ён, нагадаем, пакінуў пасля сябе знакаміты Статут 1588 года) вельмі цесна быў звязаны са Слонімам. Нездарма, праз вякі ў самым цэнтры горада паўстаў помнік выбітнаму асветніку і палітычнаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага.
Не стамляе радаваць сваёй творчасцю землякоў-жабінкаўцаў Анатоль Брытун. Нараджэнец Баранцоў любіць “заглыбляцца” ў гістарычную тэматыку. Вось і зараз разам з героямі яго новай “Трылогіі прыгод тысячагоддзя” чытач можа перанесціся ў часы, калі старажытнае племя яцвягаў, што жыло на Палессі, супольна з ліцвінамі мужна змагалася за незалежнасць, адстойвала сваю зямлю і ўласны гонар. Завяршае кнігу, напісаную Анатолем Арцёмавічам найперш для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, аповесць, прысвечаная вялікаму князю Вітаўту і перамозе славянскіх ваяроў над крыжакамі ўлетку 1410 года на славутым Грунвальдскім полі.
Не бывае нічога саладзейшага для творцы, як трымаць у руках сваю кнігу, што пахне яшчэ друкарскай фарбай. Парадаваліся за Міколу Бусько, пісьменніка і мастака, які піша нават абразы. Прама на свяце прыйшла добрая навіна: свет пабачыла — літаральна з пылу, з жару! — чарговая кніга Міколы Іосіфавіча, прысвечаная роднай прыродзе.
Сваімі творчымі здабыткамі і планамі падзяліліся і паэты Любоў Красеўская, Алёна Папко ды Андрэй Мазько. Іх чулыя вершы, што маюць глыбіню, як струмень, ліліся над святочным Слонімам.
Увесь час на пляцоўцы, дзе выступалі пісьменнікі, панавала прыязная атмасфера. Адчувалася, было досыць гасцей, якія любяць і паважаюць беларускае слова і завіталі сюды, каб сапраўды далучыцца да цудоўнай імпрэзы. Завязваліся і кантакты з іншымі беларускімі літаратарамі — асабліва з Гомельскай і Гро-дзенскай абласцей, з якімі будуць рэалізавацца супольныя творчыя праекты.

Цікавасць мог наталіць кожны. Для нашых пісьменнікаў арганізавалі экскурсію па вуліцах горада, які пачынаўся ў далёкім 1252 годзе з замчышча і называўся калісь у летапісах Услонімам. Распавялі пра яго шматвекавую гісторыю. Адным з першых, яшчэ з ХVI стагоддзя, Слонім паводле Магдэбургскага права атрымаў самакіраванне. У 1591-м займеў уласны герб, на якім залаты леў і цяпер трымае геральдычны знак Сапегаў. Не, нездарма самы вядомы і славуты ў родзе Леў цяпер узвышаецца над горадам, які з удзячнасцю памятае справы ягоных рук ды розуму!
Шматлікія госці Дня пісь-менства неаднаразова маглі акунуцца ў сярэднявечыя часы, назіраючы за рыцарскім двубоем альбо шляхетнымі паненкамі, апранутымі ў строі часоў каралеў Боны і Ганны Ягелонкі, што шпацыравалі па святочных вуліцах. Тыя ж каму было займальна пабачыць, як у Скарынінскі век нараджаліся першадрукі, уласнаручна з дапамогай майстра маглі адціснуць на паперы адбіткі старонак са старадаўнімі біблейскімі тэкстамі.
Добрых слоў у адрас арга-нізатараў гучала нямала. Сярод шматлікіх ацэнак імпрэзы мо самае ёмістае выказаў ад імя берасцейцаў Андрэй Мазько.
Анатоль Бензярук.
Фота аўтара.
На здымках: запамінальныя моманты свята.

Popularity: 1%

Top