У невядомым накірунку

Вызвалілася грамадзянка В. з ЛПП, а да Жабінкі… не даехала. Дзесьці ў іншым месцы жанчыне падалося лепш. Чаго не скажаш пра тых, каму яна завінавацілася грошы (першы ў спісе – аддзел па адукацыі райвыканкама). Даўжніцу патрэбна зараз прымусова працаўладкоўваць, але ж спачатку знайдзі яшчэ яе! Гора-маці пазбаўлена бацькоўскіх правоў, ды гэта не вызваляе яе ад клопату пра дачку. Міліцыя спрабуе адшукаць грамадзянку – пакуль безвынікова. Як выніку не будзе, праваахоўнікі накіруюць В. у рэспубліканскі вышук. Запазычанасць яе складае больш за 5,5 тысячы рублёў. І чым далей жанчына хаваецца і не працуе, тым больш, нібыта снежны камяк, растуць яе даўгі.

 

Трэба думаць раней

Ёсць такія даўжнікі, што ходзяць у аддзел прымусовага выканання, быццам… на працу. У чым жа справа, спытаецеся? Некалі, прыкладам, на грамадзяніна С. было накладзена пазбаўленне ў правах кіраваць транспартнымі сродкамі. Гэтае абмежаванне вынес суд за пазыкі перад дзяржавай (найперш, штрафы за парушэнне Правілаў дарожнага руху). Здавалася, што чалавек возьмецца за розум. І сапраўды, рублёў 700 ён сплаціў, ды засталося яшчэ каля 3000. Іх С. уносіць не спяшаўся. Затое цяпер прыходзіць у аддзел, просіць-моліць, каб было знята абмежаванне. Маўляў, хочацца ўладкавацца на працу шафёрам, ды ніхто не бярэ. Спецыялісты АПВ разгледзелі ягоную просьбу, але не знайшлі падстаў, каб зняць абмежаванне. Трэба было думаць раней, плаціць даўгі акуратна, а перад тым не сваволіць на дарозе…

 

Як прыцісне – і грошы знойдуцца

Кіраўнік адной з прыватных арганізацый прыблізна два гады ўжо, як апынуўся перад праблемай, бо не плаціў за паслугі пошты і сувязі. У выніку за такі працяглы час займеў досыць шмат даўгоў. Розныя меры, што прымяняліся да нядобрасумленнага грамадзяніна, станоўчага выніку не прынеслі. Пакуль не ўзнікла ў яго жаданне прадаць грузавы аўтамабіль, які належыць яго фірме. Мужчына ўжо і пакупніка знайшоў. Вось тут і ўзнікла сур’ёзная праблема. Каб яе вырашыць, давялося ісці ў аддзел прымусовага выканання і прасіць зняць арышт з гэтай машыны. Грамадзяніну патлумачылі: пакуль ёсць даўгі – нават размовы пра тое не будзе. Хочаш-не хочаш, але давялося пазычальніку паступаць паводле закона. А гэта значыць – цалкам выплаціць больш за 4 тысячы рублёў.

Пра сямейную “традыцыю”

Цудоўна бывае, калі ў сям’і існуюць традыцыі. Ды толькі не ў нашым выпадку. Бо сямейка М. мае агульнае “хобі”: пазычаць, а потым “забывацца” аддаваць. Маці і два яе сыны, кожны паасобку, сталі неплацельшчыкамі. Тут назбіраўся цэлы букет пазык: і за паслугі сувязі, і па крэдыце, і штрафы, і за навучанне… Усяго, бадай, і не пералічыш. Спецыялісты АПВ, вядома, не маглі абмінуць такую “выдатную” сямейку і завіталі да іх у госці. Сярод рэчаў знайшлася пральная машына. Хацелі накласці на яе арышт, ды не атрымалася, бо гэтая бытавая тэхніка, як аказалася, належыць зусім іншаму чалавеку, які ні перад кім не вінен. Аднак справа нечакана закруцілася, як у той пральні. Даўжніца настолькі пералякалася, што стала прасіць не забіраць з хаты нічога, тым больш, што сыны жывуць не з ёю. У выніку літаральна праз 5 хвілін старэйшы прыехаў і пагасіў даўгі, а малодшы праз тыдзень вярнуўся з Расіі, прыйшоў у аддзел і напрамілы бог стаў прасіць, каб не аб’яўлялі яго ў вышук, абяцаючы ў хуткім часе цалкам ліквідаваць запазычанасць.

Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік аддзела прымусовага выканання Жабінкаўскага раёна.

 

Popularity: 1%

Top