Стрэлка вагаў змяніла курс жыцця

Стрэлка вагаў змяніла курс жыцця

Людміла Рыбак адбылася ў прафесіі: у адной асобе яна дырэктар прыватнага прадпрыемства “СПІРЫДАЎТА” і галоўны бухгалтар дзвюх фірмаў, прыгожая жанчына і шчаслівая маці, а яшчэ… пяціразовая чэмпіёнка Беларусі па жыме штангі лежачы і майстар спорту па экіпіровачным жыме федэрацыі WRPF. Пры вялікай занятасці ў яе хапае часу на ўсё: любімую работу, сям’ю, спорт. Людміла даўно прыхільніца здаровага ладу жыцця: у яе рацыёне толькі карысныя прадукты, а фізічная актыўнасць дае энергію, новыя сілы і бадзёрасць, а таксама добры настрой, радасць і пазітыў.

Нешта патрэбна мяняць

Людміла выйшла замуж у 18, праз год нарадзіла першую дачушку, праз чатыры — другую. Пасля родаў наведвала трэнажорную залу — такім чынам прыходзіла ў форму і лёгка вяртала ранейшыя 50 кілаграмаў.
Калі ж адкрыла свой бізнес, шмат часу пачала праводзіць за рулём, парушыўся рэжым харчавання (як прызналася ў размове — яго наогул не было): сняданак абмяжоўваўся кубачкам кавы, на працягу дня — фастфудаўскія перакусы, а вечарам — сытная вячэра. Гэта прывяло да таго, што праз чатыры гады вага маёй гераіні павялічылася да 72 кілаграмаў. Людміла адчувала цяжкасць і дыскамфорт, разумела, што так далей нельга, але, як заўсёды, часу на сябе не хапала. Апошняй кропляй стаў наступны выпадак: яе запрасілі на мерапрыемства, а надзець, як высветлілася, не было чаго. З гардэробу ніводная рэч не падыходзіла — усё трашчала па швах. А калі купіла вагі і стала на іх, задумалася: нешта патрэбна мяняць. Стрэлка паказала курс на іншы лад жыцця.

Пачні з правільнага харчавання і зарадкі

Менавіта з гэтага пачала мяняць свой звыклы лад жыцця Людміла Рыбак. Дапамаглі ў гэтым тэлеперадача на канале НТВ “Я худзею!”, дзе свае парады давалі дыетолагі, фітнес-трэнеры і ўрачы, а таксама інтэрнэт, у якім жанчына знаходзіла патрэбную інфармацыю.
Напачатку яна перагледзела сваё харчаванне: адмовілася ад каўбасы і пельменяў, кетчупаў і маянэзаў, чыпсаў і саладосцяў, цукру, соль ужывае па мінімуму, пачала больш піць вады — у дзень да двух літраў. Раніцай абавязкова снедала: варыла аўсяную кашу, туды дадавала мёд, арэхі, фрукты; каву і чай піла з малочным сырам. На абед звычайна была грэчка з тушанай гароднінай, курыцай або рыбай, а таксама салат. Полудзень складаўся з тварагу з мёдам, ёгурта і банана. На вячэру маглі быць гародніна, рыба, салат. Да слова, такога харчавання Людміла прытрымліваецца і цяпер. Да таго ж, кожны дзень яна рабіла зарадку і круціла хулахуп. Праз сем месяцаў яе вага стала ранейшай — яна вярнула свае запаветныя 50 кілаграмаў!
— Ва ўсім целе адчувалася лёгкасць, — успамінае Людміла. — Радасці не было межаў: мае намаганні прынеслі такі вынік! З 50-га памеру адзення я перайшла на 42-гі, прыйшлося поўнасцю змяніць гардэроб. Цяжка было прывыкаць да новага ладу жыцця, харчавання, але, калі станавілася на вагі і бачыла, што стрэлка рухаецца ўніз, аптымізму і веры ў сябе толькі дадавалася!

Далейшы крок — спартыўная зала

Людміла бачыла: яна пахудзела, але мышачная маса адсутнічае, абвіслая скура выглядае непрыгожа. Было зразумела: каб падцягнуць мышцы, патрэбна наведваць спартыўную залу. Тройчы на тыдзень Людміла Рыбак пачала хадзіць у спартклуб “Юнацтва”, што месціўся ў ЖКГ. Займалася там з гантэлямі, выконвала прысяданні, іншыя практыкаванні. Па тэхнічных момантах дапамагаў і кансультаваў Андрэй Курыга. Ён жа прапанаваў Людміле паспрабаваць свае сілы ў жыме штангі. З яго лёгкай рукі з 2013 года мая гераіня пачала займацца жымам штангі лежачы. Андрэй выступіў у ролі трэнера — займаўся са сваёю падапечнай, складаў спецыяльныя трэніровачныя праграмы. Рэгулярныя трэніроўкі доўжыліся да 2016-га, і вось надышоў час прадэманстраваць свае сілы і магчымасці.

Перамогі і дасягненні

У лютым 2017-га Людміла Рыбак прыняла ўдзел у абласных спаборніцтвах па экіпіровачным жыме штангі лежачы, што ладзіліся ў Белаазёрску, і ў вагавай катэгорыі да 52 кілаграмаў заняла трэцяе месца.
Акрыленая перамогай, яна адразу прадоўжыла трэніроўкі, а гэта было недапушчальна пасля такіх нагрузак. У выніку Людміла атрымала сур’ёзную траўму пляча — лапатачна-плячавы артрыт, які лячыла на працягу месяца і цяжка вярталася ў форму. За дапамогу ў гэты перыяд удзячна свайму трэнеру Андрэю Курыгу.
У маі таго ж года Людміла атрымала прапанову ад майстра спорту па паўэрліфтынгу Сяргея Калядзіча з Брэста: ён запрасіў яе ў спартыўны клуб “Арсенал” у каманду газаапарата. З таго часу на трэніроўкі мая суразмоўніца пачала ездзіць у горад над Бугам. Праз паўтара месяца 15 ліпеня Людміла Рыбак выступіла на чэмпіянаце Беларусі па экіпіровачным жыме штангі лечажы, што праходзіў у Брэсцкім легкаатлетычным манежы. Ёй пакарылася вага ў 60 кілаграмаў. У выніку спаборніцтваў Людміла атрымала два залатыя медалі — у адкрытай узроставай катэгорыі “Open” і ў катэгорыі М1 — і стала двойчы чэмпіёнкай.
2017-ы быў паспяховым для Людмілы: восенню на Кубку Беларусі па класічным трохбор’і яна заваявала другое і трэцяе месцы.
На працягу 2018 года яшчэ тройчы пацвярджала званне чэмпіёнкі Беларусі па жыме штангі лежачы, паспяхова ўдзельнічала ў майстарскіх турнірах, а ў снежні атрымала званне майстра спорту па экіпіровачным жыме федэрацыі WRPF грамадскага аб’яднання “Беларуская федэрацыя безэкіпіровачнага паўэрліфтынгу” — выканала нарматыў у 82,5 кілаграма. Сёлета таксама прымала ўдзел у майстарскіх турнірах і двойчы заваявала “золата”.

Мая цяжкая атлетыка

Сёлета ў лютым Людміла Рыбак перайшла ў цяжкую атлетыку. Гледзячы на гэтую стройную мініяцюрную жанчыну, якая нагадвае Дзюймовачку, не верыцца, што яна прысвяціла сябе зусім не жаночаму спорту. Але, як прызнаецца Людміла: “Цяжкая атлетыка — гэта маё!”. Яна ўваходзіць у склад Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў цяжкай атлетыкі. На трэніроўках, якія тройчы на тыдзень праходзяць у Брэсцкім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву на Карбышава, Людміла адточвае майстэрства рыўка штангі і штуршка. Яна рыхтуецца да спаборніцтваў: у канцы верасня турнір па цяжкай атлетыцы адбудзецца ў Польшчы, у снежні — у Літве.
У бліжэйшых планах Людмілы Рыбак — паспяхова здаць экзамен на суддзю нацыянальнай катэгорыі. Яна засталася ў федэрацыі WRPF ГА “БФБП”, дапамагае ў арганізацыі спаборніцтваў, у дадзенай федэрацыі з’яўляецца намеснікам паўнамоцнага прадстаўніка рэгіянальнага аддзялення па Брэсцкай вобласці і рэгіянальным прадстаўніком горада Брэста.

Перадае вопыт і веды

Два разы на тыдзень Людміла Рыбак праводзіць сілавыя трэніроўкі для дзяўчат у трэнажорнай зале STRONG GYM, што ў Жабінцы. Цікавасць да іх праяўляе малодшая дачка Ліза, якая раней сур’ёзна займалася плаваннем і дасягнула трэцяга юнацкага разраду. У будучым дзяўчына плануе паспрабаваць сябе, як і матуля, у жыме штангі.
Старэйшая дачка Людмілы Вікторыя, якая ўжо сама мама, таксама заўсёды сябравала са спортам: захаплялася каратэ, наведвала трэнажорную залу, зараз займаецца дома з гантэлямі.
— Без фізічнай актыўнасці нельга, — завяршае размову Людміла. — Толькі пачніце і вы заўважыце, як мяняюцца вашы цела, знешнасць, самаадчуванне, настрой. Гэтыя прыемныя змены будуць стымулам для заняткаў, якія стануць неад’емнай часткай вашага новага жыцця.
Алёна НІКАНЧУК.

Popularity: 1%

Top