“Пра такі аб’ект дзеці марылі даўно”

“Пра такі аб’ект дзеці марылі даўно”

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Святланы КІСЛАЙ.
Сярэдняй школе № 3 сёлета невымоўна пашанцавала: у навучальнай установе з’явілася новая пляцоўка для міні-футбола са штучным пакрыццём. У Дзень ведаў адбылася ўрачыстая цырымонія яе адкрыцця. На ёй прысутнічалі ганаровыя госці, педагогі, бацькі, навучэнцы.
Старшыня раённага выка-наўчага камітэта Віталь Кулак павіншаваў прысутных з цудоўным святам — Днём ведаў — і выказаў упэўненасць, што вучні і настаўнікі трэцяй школы рады падарунку да яго ў выглядзе міні-футбольнага поля.
— Пра такі сучасны спартыўны аб’ект дзеці марылі даўно, і вось дарослыя “чараўнікі” ажыццявілі іх мару, — адзначыў Віталь Уладзіміравіч.
Словы падзякі ён выказаў Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” і яго старшыні Уладзіміру Базанаву за дапамогу ў будаўніцтве аб’екта, начальніку галоўнага фінансавага ўпраўлення Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрыю Гарадзецкаму, які выступіў ініцыятарам гэтага праекта, а таксама дырэктару Жабінкаўскай ЖКГ Паўлу Заграю, начальнікам Жабінкаўскай ПМК-10 Аляксандру Якімуку і Жабінкаўскага ДРБУ № 103 Яўгену Хамюку, пад кіраўніцтвам якіх ажыццяўлялася падрыхтоўка аснавання пад футбольнае поле.
— Футбол — адзін з любімых відаў спорту нашай моладзі, — падкрэсліў кіраўнік раёна. — Парадавалі сёлета нашы футбалісты, якія сталі сярэбранымі прызёрамі абласных спаборніцтваў “Скураны мяч”. Няхай жа і гэтая пляцоўка служыць доўга і выхавае новых чэмпіёнаў, запаліць на футбольным небасхіле новыя зорачкі.
Юрый Фядковіч, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Базанава, падкрэсліў, што Жабінка вядома далёка за межамі Беларусі дзякуючы свайму нараджэнцу Юрыю Бялецкаму. У 2016 годзе падчас Дня масавага футбола УЕФА ён стаў лепшым лідарам і заваяваў золата. Для дзяцей, якія не мелі магчымасці арганізавана займацца футболам, стварыў у райцэнтры такія ўмовы. Спартыўныя дасягненні Юрыя Бялецкага і прапаганда футбола сярод моладзі паспрыялі таму, што менавіта Жабінка стала тым горадам, дзе Беларуская федэрацыя футбола вырашыла палепшыць спартыўную інфраструктуру.
Дырэктар трэцяй гарадской адзінаццацігодкі Святлана Каменева падзякавала Уладзіміру Базанаву, Юрыю Фядковічу, раённым уладам, а таксама кіраўнікам будаўнічых раённых арганізацый за цудоўны падарунак школе да новага навучальнага года, за ўсе тыя добрыя справы, якія яны робяць для СШ № 3.
Святлана Канстанцінаўна адзначыла, што ўстанова ганарыцца сваімі вучнямі, якія ў мінулым навучальным годзе сталі пераможцамі і прызёрамі раённых спаборніцтваў па футболе, баскетболе, валейболе, лёгкаатлетычным кросе. Яна выказала спадзяванне, што ў далейшым навучэнцы трэцяй школы будуць дабівацца яшчэ больш высокіх спартыўных дасягненняў.
Прагучалі фанфары, і ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку і адкрыць новы спартыўны аб’ект было прадастаўлена Віталю Кулаку, Юрыю Фядковічу і Святлане Каменевай, а сімвалічны першы гол у футбольныя вароты даверылі забіць Дар’і Балакер — пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўю.
Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства на новым полі адбыўся матч па міні-футболе паміж камандамі 5-7 класаў.

Popularity: 1%

Top