У рэзідэнцыі Сапегаў — гаспадары хлебнай нівы

У рэзідэнцыі Сапегаў — гаспадары хлебнай нівы

Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара.
Брэсцкая вобласць першай сярод рэгіёнаў ушаноўвае працаўнікоў хлебнай нівы. На гэты раз рупліўцы, чые рукі песцілі і расцілі хлеб, былі запрошаны на святочную сцэну побач з рэзідэнцыяй Сапегаў, якая стагоддзямі ўзвышаецца над Ружанамі і дагэтуль паражае веліччу і багаццем архітэктурнага выканання. Палац Сапегаў нібы зноў вярнуўся ў сваю маладосць: на святкаванне абласных “Дажынак” сабраў безліч паважаных гасцей, гандляроў і майстроў, частаваў смакатой, забаўляў нумарамі самадзейных і прафесійных артыстаў.
…Апоўдні ў Ружанах не было дзе яблыку ўпасці. Мясцовыя жыхары радасна віталі дэлегацыі, прадстаўнікоў кожнага раёна Брэстчыны, якія сваёй шчырай і самаадданай працай унеслі важкі ўклад у абласны каравай. Шэсце па цэнтральных вуліцах паклала пачатак афіцыйнай цырымоніі ганаровага ўшанавання пераможцаў абласнога спаборніцтва. З паспяховым завяршэннем уборачнай кампаніі аграрыяў павіншаваў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ліс.
Ён падкрэсліў, што валавы намалот збожжа дасягнуў 1,2 мільёна тон пры ўраджайнасці 35,6 ц/га. Баранавіцкі раён сабраў 152 тысячы тон, Пружанскі — 119 тысяч тон, Кобрынскі, Пінскі і Камянецкі — звыш 90 тысяч тон. На рахунку 313 экіпажаў — намалот звыш 1000 тон збожжа, у 41 — звыш паўтары тысячы, яшчэ 9 сталі двухтысяч-нікамі. Найвышэйшай ураджайнасці — 71 цэнтнер з кожнага гектара — дасягнулі хлебаробы ААТ “Агра-Кобрынскае”.
На ўзроўні 60 цэнтнераў на круг і вышэй намалацілі ў ААТ “Жарабковічы” Ляхавіцкага, СПК “Асавецкі” Драгічынскага, ААТ “Вазнясенскі” Жабінкаўскага раёнаў.
— Безумоўна, такія поспехі сталі магчымымі дзякуючы высокаму прафесіяналізму, адказнасці, вялізнаму напружанню сіл многіх рупліўцаў, кіраўнікоў, спецыялістаў, механізатараў, вадзіцеляў, — адзначыў старшыня аблвыканкама.
Аграрыяў Брэстчыны павіншаваў упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці, старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў, які зачытаў прывітальны адрас хлебаробам ад кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.
— Сёння “Дажынкі” сустракае Брэстчына. Першая ў краіне адкрывае сезон ганаровага ўшанавання лепшых рупліўцаў вёскі — усіх, хто сёлета з гонарам прыняў выклік халоднай вясны, дажджлівага мая і анамальна спякотнага чэрвеня, сабраўшы на хлебнай ніве годны ўраджай… Аграномы, механізатары, камбайнеры, кіраўнікі і спецыялісты даказалі, што з’яўляюцца гаспадарамі сваёй зямлі, умеюць працаваць, цаніць і паважаць нялёгкую працу вяскоўцаў, — гаварылася ў віншаванні.
Валерый Іваноў уручыў прывітальны адрас Анатолю Лісу, які ад імя ўсіх удзельнікаў свята падзякаваў Прэзідэнту за ўвагу, якую ён праяўляе да працаўнікоў вёскі, і на Брэстчыне ў прыватнасці.
Цёпла віншаваў удзельнікаў “Дажынак” прэм’ер-міністр Сяргей Румас.
— Брэстчына сёлета даказала: беларуская зямля можа стабільна і ў цяжкіх умовах надвор’я пры выкананні тэхналогіі даваць высокія ўраджаі, — гаварыў прэм’ер-міністр. — Уборку зерневых у Беларусі ўдалося завяршыць у аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, хаця сёлетняе жніво паўсюль было ўскладнена няпростымі пагодлівымі ўмовамі. У цэлым па краіне намалочана амаль 6,5 мільёна тон збожжа, што на 23 % болей, чым летась. Ужо стала традыцыяй, што найбольш важкі колас збіраюць на палях Брэстчыны. У гэтым, безумоўна, уклад хлебаробаў вобласці. Сярод раёнаў першае месца заняў Іванаўскі. Другое месца — у Пружанскага (119 тысяч, ураджайнасць 38,4 ц/га), трэці — у Бярозаўскага (71,8 тысячы тон, ураджайнасць — 38,5 ц/га). Заслужаныя ўзнагароды дасталіся кіраўнікам лепшых сельгасарганізацый па выніках жніва: СУП “Міжлескае” Лунінецкага, ААТ “Агра-Моталь” Іванаўскага, СУП “Рубельскі” і ААТ “Церабяжоў-АГРА” Столінскага, ААТ “Чырвоны партызан” Маларыцкага раёнаў. Паводле рашэння аблвыканкама лепшы раён атрымае каля дзевяці тысяч, лепшае прадпрыемства — 2,5 тысячы, лепшыя камбайнеры — 1,3 тысячы, лепшыя вадзіцелі на адвозцы збожжа — па тысячы долараў.
На абласную сцэну паднімаліся чатыры прадстаўнікі Жабінкаўшчыны: вадзіцель ААТ “Арэпічы” Пётр Кавальчук, інжынер па ахове працы ААТ “Рагазнянскі” Жанна Трафімук, дырэктар ААТ “Жабінкаўскі” Міхаіл Вячорка і галоўны эканаміст гэтай жа гаспадаркі Віктар Валасюк.
Затым у гонар віноўнікаў свята пачаўся святочны канцэрт, у якім прынялі ўдзел найлепшыя артысты з усёй Брэстчыны. У ім выступілі і галасістыя жабінкаўцы: удзельнікі гурту “Раздолле” і народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, без якіх не абыходзіцца амаль ніводнае свята! Наталля Дырман з’явілася на сцэне ў шыкоўнай сукенцы а-ля 16 стагоддзя (мо, у такія апраналіся прадстаўнікі эліты таго часу?). Вострая на язычок Таццяна Грыцук не прамінула абазваць каляжанку музейнай моллю (на прывід палаца Сапегаў, відаць, Наталля не вельмі падобная была…). Славесную лаянку, ад якой гледачы за жываты хапаліся ад смеху, раптоўна спыніў тэлефонны званок ад Уладзіміра. Таго самага Зяленскага, які зараз Украінай кіруе. Усмешлівы прэзідэнт нават на відэасувязь “выйшаў” з хмелеўскімі дзяўчатамі. Атрымалася вельмі эфектна і камічна — у стылі Наталлі Дырман.
Пасля завяршэння цырымоніі ўганара-вання перадавікоў жніва свята прадоўжылася. Перад гасцямі выступілі з канцэртамі Ларыса Грыбалёва і група “Дзядзя Ваня”.
Творчыя калектывы Пружанскага раёна прадставілі праграму “Ружаны вітаюць”. Тут жа выступілі народныя ансамблі песні “Заранак” Бярозаўскага раёна, “Крынічка” Кобрынскага Палаца культуры, “Гуляй, казак!” з Мінска. Ну, а падвяла выніковую рысу канцэртных выступленняў арт-група “Беларусы”.

 

Popularity: 1%

Top