НА ЗОЛКУ

НА ЗОЛКУ

22 чэрвеня ў Брэсцкай крэпасці ладзілася ваенна-гістарычная рэканструкцыя падзей, з якіх пачыналася Вялікая Айчынная вайна.

Анатоль РОСТАЎ.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Памежжа 21-22 чэрвеня. Самая кароткая ноч года. Дзень летняга сонцастаяння. Аднак не стаіць кола жыцця. А 4-й раніцы яшчэ цёмна, але рух у Брэсце такі, быццам у гадзіну пік. Пэўным чынам гэта так: многія спяшаюцца ў крэпасць, каб стаць сведкамі ўрачыстых мерапрыемстваў, прымеркаваных да 78-х угодкаў з дня пачатку вайны. (Пазней арганізатары раскажуць, што “сустракаць світанак” на плошчу Цырыманіялаў і на Кобрынскае ўмацаванне, дзе разгортваліся асноўныя дзеі, прыйшлі каля 10 тысяч чалавек).
Рэканструкцыя падзей — скрупулёзная справа. Тут не месца навацыям і прыблізнасці (хоць без іх усё ж, зразумела, не абыходзіцца, але набліжацца да максімальнай адпаведнасці патрэбна). Многія расказвалі, як тры гады таму над полем бою кружаліў, скідваючы бомбы, “нямецкі” самалёт. На гэты раз авіяналёту няма. Версіі дзве: тэхнічная, маўляў, не прайшоў тэхагляд; гістарычная (ёй верыцца больш) — сучасны лятак, хоць і “прыстасаваны” да той эпохі, не адпавядае характарыстыкам самалётаў Люфтвафэ ўзору 41-га года. Затое на месцы двубою сярэдзіны мінулага веку з’яўляецца тэхніка з прыстаўкай “рэтра”: германскі матацыкл BMW з каляскай, даваенныя легкавушкі, легендарны грузавічок-“трохтонка”. У аднаўленні мінулага паўдзельнічала прыблізна паўтысячы аматараў, прычым не толькі айчынных. У крэпасць завіталі рэканструктары з Расіі і Украіны, Польшчы і Літвы, нават з далёкіх Японіі і Кітая.
Няма сэнсу ў падрабязнасцях расказваць пра само відовішча. Інтэрнэтная прастора ўтрымлівае дастаткова аматарскіх відэа, што дазваляюць скласці ўяўленне пра пастаноўку, у якой паказаны драматычныя падзеі першых гадзін і дзён Вялікай Айчыннай. Спынімся крыху на іншым: наколькі рэалістычнай была “гульня” ў вайну.
Для пакалення, выхаванага на песеннай “рэканструкцыі” таго векапомнага ранку (памятаеце: “22 июня ровно в четыре часа, Киев бомбили, нам объявили, что началася война”), мо і цяпер незразумела, чаму жалобны мітынг-рэквіем на плошчы Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці-героі распачаўся ў 3.15. Сёння мы павінны ўсвядоміць: загад на пераход граніцы прыйшоў з нямецкага боку (бо 3 гадзіны і 15 хвілін — гэта менавіта берлінскі час), а не з Масквы, дзе было ўжо 4.15. Калі нехта, паціснуўшы плячыма, прамовіць: “Ды што тая чвэрць гадзіны ў маштабах цэлай вайны?” — няхай папытаецца ў нешматлікіх ужо ветэранаў, колькі жыццяў каштавала 15 мінут масіраванага артабстрэлу, узмоцненага амаль няспыннымі авіяналётамі.
Скуль у песні ўзяўся “акруглены” час? Крыніца вядомая кожнаму, хто хоць трохі цікавіцца гісторыяй. Упершыню яе назваў у сваім радыёзвароце наркам замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў 22 чэрвеня ў 12.15 (па Маскве): “Сёння, у 4 гадзіны раніцы, без прад’яўлення якіх-небудзь прэтэнзій Савецкаму Саюзу, без аб’яўлення вайны, германскія войскі напалі на нашу краіну, атакавалі нашы граніцы ў многіх месцах і падверглі бамбёжцы са сваіх самалётаў нашы гарады — Жытомір, Кіеў, Севастопаль, Каўнас і некаторыя іншыя, прычым забіта і ранена больш за дзвесце чалавек”. Чытаючы такое, “памылка” ў часе пачатку вайны сапраўды выглядае “драбязою” ў параўнанні са спробай схаваць трагічную праўду: і тое, што па дыпламатычных каналах савецкае кіраўніцтва папярэдне атрымала “прэтэнзіі” з боку Рэйха, які абвяшчаў СССР вайну; і тое, наколькі недарэчна глядзіцца зараз лічба 200 у забітых ды параненых; і тое, што горад і крэпасць над Бугам, прыняўшыя сярод першых удары варожых полчышчаў, чамусьці ў “молатаўскім” спісе не значыліся…
Гэтую прамову не маглі чуць у Цытадэлі, дзе байцы змагаліся і паміралі, узнімалі чырвоныя сцягі і белыя — таксама. Яны ваявалі колькі маглі і як маглі. Таму няварта перабольшваць маштабы іх змагання, але нельга і прымяншаць. Абарона крэпасці — яркі і трагічны эпізод, у нечым сімвал той вайны. Аднак павінны былі прайсці доўгія гады пасля Перамогі, спатрэбілася з’явіцца пісьменніку-франтавіку Сяргею Смірнову, каб свет даведаўся нарэшце пра подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Той самы выпадак, калі і адзін у полі воін…
Ізноў вяртанне ў рэчаіснасць. А 6-й гадзіне раніцы самага доўгага дня ў годзе, калі адгрымела шоу, жабінкаўцы прыйшлі да мемарыяльных могілак у Цытадэлі. Афіцыйна пад плітамі пахаваны астанкі 1038 абаронцаў, з іх вядомы імёны 277 чалавек.
Мы ўпершыню выканалі місію. Хоць “місія” — мабыць, надта пампезнае слова: проста паклалі кветкі каля прозвішчаў землякоў, загінулых 22 чэрвеня 1941 года, — Дзмітрыя Гапанюка, Міхаіла Мікіцюка, Сцяпана Станіслаўскага.
Ужо пасля вяртання ў Жабінку выпадкова сустрэў Раісу Маргевіч. Без доўгай прадмовы Раіса Міхайлаўна сказала:
— Я ведаю падрабязнасці жыцця яшчэ аднаго абаронцы крэпасці. Яго звалі Васіль Шосцік. Ён быў з Абрамавічаў. Можа, раскажаце пра яго праз газету?
Раскажам абавязкова. Гістарычная памяць і людзі патрабуюць “рэканструкцыі”.
На здымках: запамінальныя эпізоды пачатку вайны на Кобрынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці.

Popularity: 1%

Top