Гэты шматколерны “Калейдаскоп”

Гэты шматколерны “Калейдаскоп”

Антон БЕРАСТОК. Фота Святланы БЯЛЯК.

Пры цэнтры творчасці дзяцей і моладзі вось ужо больш за 15 гадоў збірае маленькіх таленавітых жабінкаўцаў летнік “Калейдаскоп”. У гэтым чэрвені яго наведалі 30 дзяцей. Чым жа была напоўнена лагерная змена?
Нездарма ў летніка ёсць свой дэвіз: “Калейдаскоп” — радасці мора, а самоце — стоп!”. І праўда, тут штодзённа працавалі шматлікія гурткі, праводзіліся мерапрыемствы, паездкі, ладзіліся сустрэчы з цікавымі людзьмі: велападарожнікам Максімам Кандрацюком, рэканструктарамі даўніны Барысам Беляком і Мікалаем Юроўскіх, калекцыянерам рэтрааўтамабіляў Аляксандрам Быкавым, гісторыкам Анатолем Бензеруком.
Напярэдадні 1000-годдзя Брэста дзеці наведалі горад над Бугам, дзе мелі аглядную экскурсію і пабывалі ў гарадскім музеі. Мабыць, самым неверагодным, асабліва прыемным у летнюю спёку стаў візіт у цэх марозіва на “Санце Брэмары”. (Асаблівая падзяка за гэту “салодкую” экскурсію матулі аднаго з выхаванцаў Юліі Дрыч). Былі надзвычай запамінальнымі і сустрэча з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, і турыстычная эстафета, і квэст-гульня “Таямніцы малой радзімы”. Вельмі зацікавіла дзяўчынак ды хлопчыкаў паездка ў Старое Сяло, дзе яны ўсклалі жывыя кветкі да помніка легендарнага разведчыка Міхаіла Чарнака і пазнаёміліся з сялянскім побытам, прадстаўленым у Старасельскай школе.
Як падкрэсліла дырэктар летніка Алена Скрыпка, вялікую дапамогу аказвалі бацькі маленькіх выхаванцаў. Разам з Аленай Канстанцінаўнай цікавае і пазнавальнае жыццё для дзяцей арганізоўвалі Алена Філіповіч і Антон Пацай пад кіраўніцтвам дырэктара цэнтра Галіны Івановай.
За гады “Калейдаскоп” займеў свае традыцыі. Прыкладам, дарослыя і дзеці ахвотна ладзяць штогадовы касцюміраваны баль, на працягу ўсёй змены прысвячаюць сябе творчасці, а вынікі яе размяшчаюць на вялікім стэндзе “Я гэтага свету часцінка”. 22 чэрвеня, зноў жа па традыцыі, у зале сабраліся выхаванцы летніка, каб пагля-
дзець цікавае відэа, на якім яны — галоўныя героі. Лепшыя, найбольш запамінальныя моманты заўсёды ўспрымаюцца на ўра!

Popularity: 1%

Top