Мы помнім 41-ы год

Мы помнім 41-ы год

Анатоль РОСТАЎ.

Набліжаецца 75-я гадавіна вызвалення Беларусі. Па добрай традыцыі ў гэтыя перадсвяточныя дні мы ўспамінаем той няпросты час і тых людзей, які змагаліся з ворагам. Міжволі памяць прыгадвае ўсе 1418 дзён, якія ахапіла ліхалецце. Але першым крокам, які праходзяць успаміны, заўсёды становіцца нядзельны ранак 22 чэрвеня 1941 года. Бо з яго пачаўся адлік доўгіх вёрстаў Вялікай вайны.
Пра тое згадвалася на жалобным мітынгу, што ладзіўся 21 чэрвеня ў Жабінцы. Месца спаткання з памяццю — традыцыйнае, паблізу помніка савецкім воінам і партызанам на вуліцы Кірава. Сюды, каб выказаць даніну павагі дзядам-прадзедам, якія змагаліся на франтах, у партызанскіх атрадах, кавалі Перамогу, працуючы ў тыле, па традыцыі прыйшлі жабінкаўцы. Дыктар нагадаў прысутным, што менавіта заходнія землі Беларусі першымі ўступілі на шлях барацьбы з ворагам. Дасюль памятны подзвіг абаронцаў крэпасці над Бугам, не забываецца і тое, як ужо на трэці дзень вайны ў Старасельскім лесе ўзнік партызанскі атрад. што атрымаў пазней імя легендарнага Міхаіла Чарнака. Горкім папярэджаннем пра жахі ліхалецця назаўжды застанецца вогненны лёс Драмлёва — вёскі, знішчанай катамі 11 верасня 1942 года. У памяць шматлікіх ахвяр Вялікай Айчыннай вайны была абвешчана хвіліна маўчання.
Паводле даўняй традыцыі да падножжа помніка і плітаў з імёнамі воінаў Чырвонай Арміі, што вызвалялі Жабінкаўшчыну ў ліпені сорак чацвёртага, кіраўнік раёна Віталь Кулак і дэпутат беларускага парламента Жанна Стаціўка, прадстаўнікі працоўных калектываў Жабінкаўшчыны ўсклалі вянкі.

Popularity: 1%

Top