Дзень першы — дзень апошні

Дзень першы — дзень апошні

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

22 чэрвеня — першы дзень вайны. Для многіх ён стаў і апошнім. У іх ліку — некалькі нараджэнцаў Азяцкага сельсавета. Імёны трох увекавечаны на плітах мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. І нават пасля гэтага пра іх, на жаль, дасюль не ведаюць на малой радзіме, не згадваюць на мітынгах і ў газетных публікацыях. З дапамогай супрацоўнікаў музея абароны Брэсцкай крэпасці амаль праз 80 гадоў спрабуем запоўніць гэтыя пустоты ў нашай агульнай памяці.
ІХ ПРОЗВІШЧЫ лёгка адшукаць на плітах Мемарыяла. Значна больш складаным стаў шлях да ўвекавечання.
На адной пліце пазначаны азятчук Дзмітрый Мікалаевіч ГАПАНЮК (1914–1941) і Міхаіл Якаўлевіч МІКІЦЮК (1912–1941) з Пералум’я, паблізу знаходзім і прозвішча нараджэнца Азятаў Сцяпана Вакулавіча СТАНІСЛАЎСКАГА (1910–1941). У іх аднолькавыя час і месца гібелі.
…Была вясна сорак першага года. З захаду набліжаліся вогненыя зарніцы, і 20 мая вяскоўцаў, адарваных ад звычаёвай сялянскай працы, накіравалі на вайсковыя зборы ў Брэст. Там яны былі залічаны ў прыпісны склад 333-га стралковага палка, які месціўся ў Цытадэлі.
А праз месяц і два дні, на самым світанку, пачалася вайна. Для нашых герояў першы яе дзень стаў і апошнім.
Пра тое ў ліпені 1989-га расказаў Ілья Еўдакімавіч ГЕРМАН: “Сведчу, што пры абароне Брэсцкай крэпасці загінуў Гапанюк Дзмітрый Міхайлавіч, мой зямляк і аднапалчанін. Гэта адбылося 22 чэрвеня 1941 года, у час першых баёў. Дзмітрый Гапанюк быў забіты ў нашай казарме 333 сп і быў пахаваны тут жа, у Брэсцкай крэпасці”. Сведчыў Герман і пра іншага земляка, параненага ў першы дзень вайны: “На маіх вачах яму (Міхаілу Мікіцюку) адарвала нагу, дапамогу яму аказаць не было каму, і ён пазней памёр. Пахаваны ў крэпасці”.
22 чэрвеня склаў сваю галаву і Сцяпан Станіслаўскі. Пра тое яшчэ ў 1957 го-дзе распавялі былыя абаронцы Цытадэлі. Да слоў Ільі Германа на гэты раз далучаліся Антон Тарасавіч МІХАЛЮК і Васіль Іванавіч ДАРАШУК, якія сцвярджалі: Станіслаўскі быў “паранены асколкам снарада ў пазваночнік і памёр на руках таварышаў”.
Думаеце, трапіць на пліты Мемарыяла проста? Тады вы вялікі рамантык, зусім незнаёмы з бюракратыяй, тым больш маскоўскай.
Пракаментуем гэта на прыкладзе Сцяпана Вакулавіча. Адразу пасля вайны ён быў улічаны ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны СССР, размешчаным у Падольску, як баец, што “прапаў без вестак у ліпені 1944 года”.
У 1957-м адшукаліся сведкі, якія расказалі пра апошні дзень жыцця абаронцы крэпасці. На гэтай падставе Масква літасціва ўлічыла азятчука загінулым у самым пачатку вайны. Аднак прызнаць, што адбылося гэта ў Цытадэлі над Бугам, вайсковыя сталічныя чыноўнікі адмовіліся катэгарычна.
Ад удавы байца і супрацоўнікаў музея абароны Брэсцкай крэпасці спатрэбілася шмат часу, намаганняў, ліставання з ЦАМА, каб пераламіць сітуацыю. Толькі ў красавіку 1996-га з Падольску прыйшоў нарэшце адказ: “Па дакументах уліку незваротных стратаў сяржантаў і салдат Савецкай Арміі выяўлена, што радавы 333 стралковага палка 6 стралковай дывізіі Станіслаўскі Сцяпан Вакулавіч, 1910 г. нараджэння, нараджэнец Брэсцкай вобласці, Жабінкаўскага р-на, Азяцкага с/с, прызваны ў СА Жабінкаўскім РВК, загінуў 22.06.1941 г., пахаваны: Брэсцкая крэпасць, г. Брэст”.
А ніжэй прыпіска: “Жонка — Станіслаўская Еўдакія Васільеўна, пражывала па месцы нараджэння ўлічанага”. Так, менавіта “пражывала” — у мінулым часе: удава памерла да таго майскага дня 1996 года, калі дарагое ёй імя нарэшце патрапіла на пліты Мемарыяла.
Для гісторыі і вякі — чыстая драбніца. Для чалавечага жыцця і паўвеку — надта доўгі тэрмін…
На здымку: паблізу цэнтральнай фігуры Мемарыяла — прозвішчы Дзмітрыя ГАПАНЮКА і Міхаіла МІКІЦЮКА.

Popularity: 1%

Top