Як паводзіць сябе ў спякоту

Як паводзіць сябе ў спякоту

Алёна НІКАНЧУК.

Вядома, што з кліматам не паспрачаешся: апошнім часам слупок тэрмометра падымаецца ўсё вышэй і вышэй, і мы знемагаем ад спёкі. Каб забяспечыць сабе больш камфортнае і, галоўнае, бяспечнае для здароўя існаванне ў гэтую гарачую пару, ёсць нямала спосабаў. Медыкі раяць:
1. Піце шмат вадкасці, каб пазбегнуць абязводжвання арганізма, але ні ў якім выпадку не напоі з кафеінам — яны дадаткова нагружаюць сэрца. Лепш за ўсё ўжываць морсы, мінеральную ваду, якая не толькі прагоніць смагу, але і падтрымае ў арганізме нармальны водна-салявы баланс.
2. Унясіце карэктывы ў меню. Пазбягайце цяжкіх прадуктаў: мяса і вырабаў з яго, грыбоў, вострай і вэнджанай ежы. Ужывайце больш гародніны і садавіны — памідораў, агуркоў, кавуноў. Аддавайце перавагу халодным стравам: бацвінню, халадніку. Важна харчавацца невялікімі порцыямі, не пераядаць.
3. Практыкуйце водныя працэдуры — часцей прымайце прахалодны душ, рабіце абціранні. Можна выкарыстоўваць і ванны з настоямі траў-антысептыкаў (рамонкаў, чыстацелу, ваўчкоў) — яны выдатна дэзынфіцыруюць скуру. Купанні ў адкрытых вадаёмах таксама не забараняюцца, але толькі не ў самую спякоту — можна “зарабіць” сонечны ўдар. І ныраць у халодную ваду не рэкамендуецца — рэзкі перапад тэмператур правакуе спазм сасудаў.
4. Насіце прасторную светлую адзежу з натуральных тканін (бавоўна, лён) — у ёй цела добра дыхае і не моцна награваецца на сонцы. Гіграскапічныя тканіны не абцяжарваюць выпарэнне вільгаці і не раздражняюць скурныя пакровы. Галаўны ўбор — абавязковы!
5. Пазбягайце “гарачых гадзін”. Непажадана знаходзіцца на вуліцы з 11.00 да 15.00, калі сонца найбольш агрэсіўнае. Варта перагледзець свой распарадак дня і перанесці нейкія справы на раніцу ці вечар. Калі ўсё ж прыйшлося выйсці ў “пекла”, па магчымасці трымайцеся ў цені.
6. Не ператруджвайцеся: гэта тычыцца працы на дачы, працяглых прагулак, а таксама фізічных практыкаванняў. У спякоту іх лепш выключыць!

Popularity: 1%

Top